Музэй РСДРП як брэнд краіны. 5 экспанатаў з выставы «Менск-1917»
Пасьведчаньне сябра выканкаму зьезду салдацкіх, рабочых і сялянскіх дэпутатаў Заходняга фронту на імя шарагоўца Сьцяпана Шчукіна. Зьезд быў адным з органаў улады так званай Заходняй вобласьці, якая была своеасаблівым правобразам будучай БССР.
Фота маніфэстацыі ў гонар зьезду рабочых і сялянскіх дэпутатаў у Менску ў 1917 годзе. На здымку відаць, як жыхары гораду выглядваюць у вокны, назіраючы за фармаваньнем новых органаў улады. Рабочыя і сялянскія саветы ператворацца ў паўнавартасныя органы ўлады ў Менску толькі праз два гады — у лютым 1919-га.
Тэкст звароту Беларускага нацыянальнага камітэту (БНК) да беларускіх арганізацый з просьбай сабраць сродкі на карысьць Нацыянальнага фонду, 1917 год. Правобраз сучаснага краўдфандынгу. БНК праіснаваў усяго некалькі месяцаў — з канца сакавіка па 10 ліпеня 1917-га, прэтэндаваў на ўладу на тых беларускіх тэрыторыях, якія знаходзіліся пад кантролем Часовага ўраду. Дамагаўся аўтаноміі Беларусі ў складзе Расейскай імпэрыі.
Пячатка кіраўніка менскай міліцыі. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году ў Менску пачалі ствараць атрады міліцыі, якія замянялі паліцыянтаў. У Беларусі Днём міліцыі дагэтуль лічыцца 4 сакавіка — дзень прызначэньня кіраўніком менскай міліцыі Міхаіла Фрунзэ.
Шапка афіцэра 2-га лейб-гвардыі гусарскага палка Германскай імпэрыі, выкарыстоўвалася ў 1900-1918 гадах. Падчас бальшавіцкага перавароту частка Беларусі знаходзілася пад акупацыяй нямецкіх войскаў. У 1918 годзе пад уладу Нямеччыны часова трапіў і Менск.