Народ Каталёніі не пагодзіцца з намерам Мадрыду ўвесьці прамое кіраваньне, заявіў каталёнскі лідэр Карлас Пудждэмон. Ён заклікаў рэгіянальны парлямэнт сабрацца на спэцыяльнае пасяджэньне, каб сфармуляваць адказ Мадрыду.
Карлас Пудждэмон назваў дзеяньні ўраду Гішпаніі і рашэньне гішпанскага прэм’ера Мар’яна Рахоя адправіць у адстаўку рэгіянальны ўрад і правесьці датэрміновыя выбары «самым сур’ёзным замахам на сувэрэнітэт каталёнскіх інстытутаў і народу Каталёніі з часоў дыктатуры Франка».
21 кастрычніка тысячы пратэстоўцаў выйшлі на вуліцы Барсэлёны, пасьля таго, як прэм’ер-міністар Гішпаніі абвясьціў пра пляны ўвесьці прамое кіраваньне ў Каталёніі. Паліцыя Барсэлёны паведаміла, што каля 450 000 чалавек узялі ўдзел у маніфэстацыі.
Урад Гішпаніі зьдзейсьніў спробу дзяржаўнага перавароту, заявіла кіраўнік парлямэнту Каталёніі Кармэ Фаркадэл. Яна выказала гатоўнасьць абараняць свае паўнамоцтвы і паўнамоцтвы 135 дэпутатаў заканадаўчага органу аўтаноміі. Фаркадэл назвала рашэньне Мадрыду «аўтарытарным пераваротам ўнутры дзяржавы-чальца Эўрапейскага Зьвязу».
Напярэдадні 21 кастрычніка прэм’ер-міністар Гішпаніі Марыяна Рахой абвясьціў, што паўнамоцтвы рэгіянальнага ўраду павінны цалкам перайсьці ў яго кабінэт. Таксама ён адзначыў, што ўрад Каталёніі павінен быць распушчаным, а новыя выбары ў рэгіянальны парлямэнт трэба правесьці на працягу бліжэйшых шасьці месяцаў.
10 кастрычніка лідэр Каталёніі Карлас Пудждэмон абвясьціў, што правінцыя атрымала права на незалежнасьць па выніках рэфэрэндуму, але адклаў афіцыйнае абвяшчэньне. Пасьля гэтага ўрад Гішпаніі прад’явіў Каталёніі ультыматум. Мадрыд патрабаваў патлумачыць, ці абвясьціла Каталёнія аб незалежнасьці. Каталёнскія ўлады ў адказ заклікалі Мадрыд да дыялёгу.
Рэфэрэндум аб незалежнасьці Каталёніі адбыўся 1 кастрычніка. За выхад рэгіёну са складу Гішпаніі выказаліся больш за 90% якія прынялі ўдзел у галасаваньні. Яўка, паводле дадзеных каталёнскай улады, складала 43%. Мадрыд назваў галасаваньне незаконным. Такога ж меркаваньня прытрымліваюцца ў Эўракамісіі.