Больш за 100 беларускіх мармонаў сабраліся ў менскім Доме сходаў на праспэкце Машэрава 76а ўвечары 20 кастрычніка. Прадстаўнічую дэлегацыю кіраўнікоў царквы ўзначаліў прэзыдэнт кворуму Дванаццаці апосталаў амэрыканец Расэл Нэльсан. Мармоны ставяць яго ў адзін шэраг з апосталамі Хрыста Паўлам, Пётрам, Іаанам і іншымі. Яны вераць, што на гэтую пасаду яго прызначыў Госпад.
Як патлумачыў Свабодзе Андрэй Кавалёў, дарадца прэзыдэнта Балтыйскай місіі, да якой належыць Беларусь, царква кіруецца трыма кворумамі: Першага Прэзыдэнцтва, Дванаццаці й Сямідзесяці. Першых дванаццаць апосталаў абраў Хрыстос, калі быў на Зямлі. У ХІХ стагодзьдзі Госпад прызваў Джозэфа Сьміта аднавіць хрысьціянскую царкву, бо яе вучэньне сказілі пасьлядоўнікі. Ён стаў новым апосталам і атрымаў права прызначаць іншых.
«Гэты кворум нязьменна працуе з часу зьяўленьня нашай царквы, — патлумачыў Кавалёў. — Ягонага кіраўніка абіраюць адзінагалосна пасьля парады з Госпадам».
Расэл Нэльсан наведаў Менск у другі раз. Упершыню ён быў у Беларусі ў траўні 1993 года. У той час тут актыўна працавалі мармонскія місіянэры, якія заклікалі, на сустрэчу «з апосталам Госпада». На той сустрэчы была запоўненая ўся заля Палацу прафсаюзаў.
Нэльсан прыгадаў пра цяжкасьці станаўленьня царквы ў СССР. Ён распавёў, як напрыканцы 1980-х амэрыканскія мармоны наведалі Маскву прасіць кіраўнікоў дзяржавы дазволу на сваю дзейнасьць. Ім адказалі, што тыя мусяць мець 20 сябраў царквы, якія жывуць у адным раёне. Тады іх столькі не было. Ім таксама не дазволілі арганізаваць чытальную залю ці бібліятэку, каб людзі маглі слухаць там іх вучэньне, бо царква не зарэгістраваная. Нэльсан сказаў чыноўніку, што атрымалася замкнёнае кола: няма вернікаў — не рэгіструюць царкву, а без рэгістрацыі не дазваляюць адкрыць нейкую прастору для папулярызацыі вучэньня, каб знайсьці вернікаў. Яму адказалі: «Сэр, гэта вашыя праблемы». Але ў 1991 годзе мармонам афіцыйна дазволілі сваю дзейнасьць.
У сваёй прамове Нэльсан таксама заклікаў вернікаў сачыць за сваім здароўем, не ўжываць алькаголь і шкодныя рэчывы, атрымліваць самую лепшую адукацыю, якую магчыма, а таксама плаціць дзясятую частку ад сваіх даходаў. Ён прыгадаў, што ў часы студэнцтва яны з жонкай ня мелі магчымасьці плаціць па рахунках. Каб разьлічыцца з пазыкамі ды сплаціць дзесяціну, яны здалі кроў у шпіталі.
Ягоная апошняя парада — быць вартым грамадзянінам сваёй краіны, шанаваць сям’ю, сьцяг, родную мову. Пры гэтым беларуская мова на сустрэчы з прэзыдэнтам Нэльсанам ні разу не прагучала.
Пасьля сваёй прамовы Нэльсан запрасіў вернікаў падыходзіць да яго па чарзе каб паціснуць рукі. Заўтра ён мусіць паехаць у краіны Балтыі.
Свабода падрабязна пісала пра мармонаў у Беларусі. Царкву Ісуса Хрыста Сьвятых апошніх дзён заснаваў 25-гадовы амэрыканец Джозэф Сьміт у 1830 годзе. Ён распавёў, што яго наведвалі Бог-Айцец, Ісус Хрыстос, а таксама анёл Мароній, які паказаў яму, дзе знайсьці нібыта схаваную ў V стагодзьдзі кнігу старажытных жыхароў Паўночнай Амэрыкі. Сьміт пераклаў яе на ангельскую, але потыў нібыта вярнуў анёлу.
У Кнізе Мармона апісаныя дзьве цывілізацыі: першая прыйшла, калі Госпад зьмяшаў мовы каля Бабілёнскай вежы — іярэдзійцы, другая прыйшла зь Ерусаліму ў 600 годзе да нашай эры ды падзялілася пазьней на два народы — нэфійцы й ламанійцы. Найважнейшая падзея, апісаная ў кнізе, — асабістае служэньне Ісуса Хрыста сярод нэфійцаў пасьля свайго ўваскрасеньня, у 33 ці 34 годзе. Хоць і нічога з гэтай кнігі не пацьверджана архэолягамі, ня знойдзеныя рэшткі апісаных гарадоў, прадметы побыту, зброі, мармоны прыраўноўваюць гэтую кнігу да Бібліі, але давяраюць ёй больш, бо лічаць, што тую моцна сказілі.
У 1985 годзе ў сьвеце было 6 мільёнаў мармонаў, у 1995 — 9, цяпер — больш за 13. Менская суполка мае прыблізна сто чалавек. Неўзабаве вернікі пераедуць ва ўласны будынак.