Сям’я Басьцюкоў перакананая, што справу аб сьмерці сына аднавілі толькі дзякуючы розгаласу вакол сьмерці Аляксандра Коржыча.
«Мы паўгода маўчалі. Ішло сьледзтва, былі вялікія надзеі. Таму што мноства парушэньняў сьледзтва выявіла, — кажа маці Арцёма Басьцюка Тацяна. — Мы чакалі. Не давалі інтэрвію. У нас былі надзеі, што справа дойдзе да суду і вінаватых пакараюць».
«Сам пайшоў у войска»
Інжынэр-праграміст Арцём Басьцюк трапіў у войска ва ўзросьце 25 гадоў. Мянчук, валянтэр «Чырвонага крыжа», донар. Скончыў унівэрсытэт, атрымаў дыплём і ўжо празь некалькі месяцаў пайшоў служыць у частку № 25849, што ў Барысаве. Першы месяц нараканьняў на службу не было. На так званым карантыне былі салдаты аднаго ўзросту, старэйшых да іх не падпускалі, сяржанты сябе таксама паводзілі прыстойна.
«Арцём сам пайшоў у армію. Скончыў унівэрсытэт і сказаў, што пойдзе адслужыць. Не хацеў хавацца ад ваенкамату, — кажа маці Тацяна. — Шмат варыянтаў было не ісьці ў армію. У асьпірантуру альбо яшчэ што. Ды хоць адкупіцца, гэта ж не сакрэт, што такое магчыма». Пра тое, што ў сына пачаліся праблемы на службе, родныя ўпершыню даведаліся прыкладна празь месяц пасьля прызыву. Арцём прызнаўся, што старэйшыя паставілі перад выбарам — служыць паводле статуту альбо так, як у іх прынята. «Арцём выбраў службу паводле статуту. Іншыя пагадзіліся падпарадкоўвацца, а ён не хацеў», — кажуць родныя. Па словах маці, пасьля гэтага Арцём пачаў расказваць пра вымаганьне з боку стараслужачых. Казаў, што прымушалі набываць ім прадукты і цыгарэты, перакульвалі ўначы ложак разам з тым, хто на ім спаў, усяляк прыніжалі. Прымушалі сотні разоў адціскацца ад падлогі, не давалі спаць.
Your browser doesn’t support HTML5
У нейкі момант Басьцюкі ня вытрымалі і паехалі ў частку на размову з камандзірам. Ён сустрэўся зь імі, запрасіў у кабінэт Арцёма, запісаў імёны і прозьвішчы тых, хто зьдзекаваўся з маладых салдатаў. Паабяцаў разабрацца і разьвітаўся з бацькамі. «Сказаў, што ўсё будзе добра. А ў матэрыялах справы напісана, што ён нават ні з кім з падначаленых не гаварыў», — расказвае Тацяна Басьцюк. Дадае, што пагражала кіраўніцтву часткі скаргамі ў пракуратуру. Пазьней Арцём званіў і прасіў не пісаць нікуды. «Цяпер я разумею, што гэта нехта над ім стаяў падчас такіх званкоў, што яго прымушалі званіць і прасіць мяне маўчаць», — кажа Тацяна Басьцюк. Апошні раз з сынам яна размаўляла праз тэлефон увечары 30 сакавіка. «Ён пазваніў. Фонам ішлі нейкія крыкі незразумелыя. Сказаў, што любіць нас. Потым размова перарвалася, — успамінае Тацяна. — Мы адразу ж набралі камандзіру часткі, расказалі пра гэта. Ён супакойваў, паабяцаў разабрацца».
З часткі Басьцюкам перазванілі раніцай 31 сакавіка. Сказалі, што Арцём павесіўся, а цела прывязуць праз тыдзень, таму што неабходныя працяглыя экспэртызы. Прывезьлі ўжо на наступны дзень, хутка арганізавалі пахаваньне. «Нам трэба было адразу аддаць цела на незалежную экспэртызу. Зафіксаваць усё. Мы гэтага не зрабілі і цяпер вельмі шкадуем, — кажа цётка Арцёма Басьцюка Сьвятлана. — У яго на шыі была вельмі тонкая палоска. Як быццам бы нехта шнуром душыў або нечым такім». Перад пахаваньнем адбылася яшчэ адна нечаканая рэч. «Ужо пасьля навіны пра сьмерць Арцёма, а першай гадзіне ночы, нам пазваніла яго аднакурсьніца, яшчэ з каледжа. Пачала расказваць нешта пра яго незразумелы стан, пра старонку Арцёма ў сацыяльных сетках, — кажа цётка нябожчыка Марыя. — Мы распытвалі яе, навошта гэта ўсё, навошта так позна званіць. А потым трубку ўзяў палітрук з часткі, уяўляеце? Таксама нешта гаварыў пра суіцыдальны настрой. Вось што гэта такое было?»
Рамонт на месцы сьмерці
Абставіны сьмерці сына выклікаюць у Басьцюкоў шмат пытаньняў. Спачатку ім казалі, што Арцём павесіўся, стоячы на каленях на падлозе аднаго з ангараў. Пазьней — што ён у тым жа ангары залез на аўтамабіль і павесіўся, прывязаўшы шнур да столі. Невядома таксама, што ён рабіў адзін на тэрыторыі ангара. Акурат у той дзень усе яго таварышы па службе былі зусім на іншым аб’екце, рамантавалі мост. «Як так атрымалася, што Арцём недзе быў адзін? Гэтага ня можа быць у войску, ніколі аднаго маладога салдата не адпусьцяць. Сяржант побач павінен быў быць альбо яшчэ нехта. Што ён рабіў у тым ангары ўвогуле?» — пытаюцца сябры Арцёма.
Ад сьледчага сям’я Басьцюкоў даведалася, што правядзеньне сьледчых дзеяньняў на тэрыторыі ангара, дзе быў знойдзены павешаным іх сын, моцна ўскладнілася. Усяго празь некалькі дзён пасьля трагедыі ў ангары зрабілі рамонт, перафарбавалі сьцены і нават аўтамабіль, які Арцём Басьцюк нібыта выкарыстаў для самагубства. «Навошта гэта было рабіць? Навошта спатрэбіўся настолькі тэрміновы рамонт?», — задаюць пытаньні родныя Арцёма
Неўзабаве пасьля Арцёмавай сьмерці камандзіра часткі перавялі на іншае месца службы. Тацяна Басьцюк расказвае, што зь ім яна сустрэлася ў дзень вочнай стаўкі. «Прайшоў побач, нават не павітаўся... На вочнай стаўцы камандзір не адмаўляў, што мы прыяжджалі з мужам перад сьмерцю сына. Але сказаў, што ня памятае, ці запісваў названыя Арцёмам прозьвішчы. Што цяпер працуе на новым месцы і запісы, калі і былі, маглі застацца ў частцы і згубіцца».
Маці загінулага салдата таксама дадае, што сьледчаму не далі як сьлед апытаць стараслужачых, на якіх скардзіўся сын. «Сьледчы апытваў тых таварышаў па службе, на якіх скардзіўся Арцём. Але яны ўсё адмаўлялі. Яму таксама не далі апытаць сяржантаў на паліграфе. То выведка забараніла, то сам Сьледчы камітэт», — кажа Тацяна Басьцюк.
Разумеючы, што сьледзтва можа скончыцца нічым, Басьцюкі вырашылі самастойна апытаць былых таварышаў па службе, якія дэмабілізаваліся пасьля сынавай сьмерці. «Некаторыя зь іх нават прыяжджалі на пахаваньне. Дык вось яны катэгарычна адмовіліся размаўляць, — кажа Тацяна Басьцюк. — Сказалі, што пакуль ідзе сьледзтва, мы можам нават не падыходзіць, нічога нам ня скажуць. Зараз, калі сьледзтва было завершанае, муж зноў спрабаваў паразмаўляць. Яны зноў катэгарычна адмовіліся. Значыць, ёсьць нешта, раз яны так баяцца размаўляць. Усё дагэтуль хаваюць. Вядома, яны тады былі „дзядамі“, могуць нешта хаваць».
Сустрэча зь міністрам абароны, закрыцьцё і аднаўленьне справы
«Пасьля сьмерці сына мы пазванілі ў прыёмную міністра абароны, сказалі, што вось такі выпадак, — кажа Тацяна Басьцюк. — Што хочам трапіць на прыём да міністра. Нас запісалі, прызначылі дату. Падчас прыёму Андрэй Раўкоў быў не адзін. Яшчэ чалавек 15 або 20 было. Запісвалі нашу размову. Мы ўсё расказалі пра тое, што там творыцца. Што трэба спыніць гэта. Ён паабяцаў усё зрабіць. Паабяцаў справу да канца давесьці. Сказаў, каб мы не турбаваліся. А праз паўгода справу закрылі».
13 кастрычніка адвакат паведаміў Басьцюкам, што справа аб сьмерці іх сына закрытая. Навіна стала для іх шокам. «Мы былі перакананыя, што вінаватых знойдуць. Сем экспэртыз правялі, і ніводная не магла засьведчыць, што гэта быў суіцыд, разумееце? Сем экспэртыз. Калі б яны мелі за што зачапіцца, яны б гэта зрабілі. Але ніводная зь іх не даказала, што Арцём павесіўся самастойна», — кажа цётка загінулага салдата Марыя.
Родныя Арцёма Басьцюка перакананыя, што сьледчаму перашкаджалі весьці справу. Маці Тацяна расказвае, што ён часам паводзіў сябе дзіўна. «Я ўпэўненая, што сьледчаму заміналі весьці справу, — кажа яна. — Былі такія моманты, што ён гаварыў пра сустрэчы з вайскоўцамі, якія служылі разам з Арцёмам. Пра іх паказаньні. Я пыталася, ці ён далучыць гэтыя паказаньні да справы. Ён казаў, што так. А потым, калі я наступны раз прыходзіла, прасіла паглядзець гэтыя паказаньні, ён адмаўляў, што мне такое расказваў».
Справу аб сьмерці Арцёма Басьцюка аднавілі гэтак жа нечакана, як і закрылі. «Цэнтральны апарат вывучыў матэрыялы справы і прыняў рашэньне яе аднавіць», — сказаў журналістам афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч. Здарылася гэта праз чатыры дні пасьля яе закрыцьця. «Думаю, гэта зьвязана са справай Аляксандра Коржыча і з тым, што яго родныя ня сталі маўчаць. Толькі з гэтай прычыны справу аб сьмерці Арцёма аднавілі», — перакананыя родныя Басьцюка.
«Мы ня хочам, каб Арцёма лічылі самагубцам»
Аднаўленьне сьледзтва дало родным Арцёма Басьцюка надзею на тое, што сьмерць сына расьсьледуюць як мае быць. «Яны хочуць зрабіць яго самагубцам. Выставіць яго ў такім сьвятле. Але мы перакананыя, што гэта было забойства. І хочам, каб сьледзтва высьветліла праўду, каб вінаватыя ў яго сьмерці былі пакараныя», — кажа цётка загінулага салдата Сьвятлана.
Пакуль новы сьледчы, прызначаны Цэнтральным апаратам СК, зь сям’ёй Басьцюкоў ня зьвязваўся. Але яны гатовыя паўтарыць свае паказаньні, дадзеныя падчас першага расьсьледаваньня. У сям’і захоўваюць імёны і прозьвішчы стараслужачых, якія называў ім сын. А таксама дадзеныя ягоных таварышаў па службе, сяржантаў і камандзіраў. Тацяна Басьцюк кажа, што калі расьсьледаваньне скончыцца нічым, яна будзе зьвяртацца ў міжнародныя інстанцыі. «Мы гатовыя нават на эксгумацыю цела Арцёма. Гэта ўсё ня можа працягвацца, трэба спыніць сьмерці салдат у войску», — кажа яна.
«Ведаеце, нам нават дазволілі ў прыходзе адпець Арцёма. Звычайна самагубцаў жа не адпяваюць. Мы ня верым, што ён мог сам пайсьці з жыцьця. Яму дапамаглі гэта зрабіць», — кажа цётка Арцёма Сьвятлана.
Усё пра гвалт у войску Беларусі
***
Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.