Канапацкая адмовілася ад стварэньня партыі на базе абвешчанай кампаніі «Наперад, Беларусь»

Ганна Канапацкая

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра АГП Ганна Канапацкая заявіла Свабодзе, што яна адмовілася ад стварэньня новай палітычнай партыі на базе абвешчанага раней кампаніі пад назвай «Наперад, Беларусь».

«Лічу, што сваім учорашнім допісам у Facebook я дэзавуявала заяву аб стварэньні новай палітычнай партыі. Я і не зьбіралася яе ствараць, як палічылі некаторыя сябры Палітрады АГП. Я па-ранейшаму застаюся ініцыятарам кампаніі, але кіраваць ёй будзе мой памочнік Дзяніс Ціханенка, — сказала Канапацкая. — Калі ж у АГП лічаць, што гэтага недастаткова, то я вышлю адпаведнае ўведамленьне. Шчыра кажучы, у гэтыя фармальнасьці я не ўлазіла».

Запіс дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, які яна 16 кастрычніка зрабіла на сваёй старонцы ў Facebook, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька таксама лічыць «дэзавуяцыяй яе ранейшай заявы».

«Можна спрачацца пра тое, наколькі ўдалая гэта дэзавуяцыя, у якой форме яна адбылася, — сказаў сёньня Свабодзе спадар Лябедзька. — Мне зразумела, што нельга стварыць тое, чаго ты не зьбіраесься рабіць і на што ў цябе няма сілаў. Але апошняя заява не здымае шэраг нюансаў, якія застаюцца».

Ганна Канапацкая павінна была дэзавуяваць допіс аб стварэньні грамадзянскай кампаніі «Наперад, Беларусь» і паведаміць пра сваё рашэньне палітрадзе партыі не пазьней за 16 кастрычніка. Такое рашэньне палітрада прыняла ў пятніцу, 13 кастрычніка, калі разглядала пытаньне аб новай кампаніі. Кіроўны партыйны орган назваў дакумэнт аб стварэньні кампаніі «Наперад, Беларусь» «непрымальным і парушаючым статут партыі».

Аднак на гэты момант такой заявы на партыйную электронную пошту не паступала.

Анатоль Лябедзька

«Палітрада ў прамежку паміж партыйнымі зьездамі — наш найвышэйшы орган,— удакладняе Анатоль Лябедзька. — І калі сябры рады палічаць, што яны не атрымалі інфармацыі наўпрост, ці скажуць, што інфармацыі з Facebook ім недастаткова, то яны могуць прапанаваць яшчэ раз абмеркаваць гэтае пытаньне на пасяджэньні палітычнай рады».

Для Аб’яднанай грамадзянскай партыі цяпер галоўным зьяўляецца падрыхтоўка да мясцовых выбараў, заплянаваных на люты 2018 году, гаворыць старшыня АГП:

«У нас ёсьць партыйны плян выбарчай кампаніі. Ён ужо зацьверджаны. І ў гэтым фармаце мы і будзем працаваць. Гэта фармат правацэнтрысцкай кааліцыі, то бок мы рыхтуемся да выбараў разам з хрысьціянскімі дэмакратамі і рухам „За свабоду“. Ніякімі дадатковымі кампаніямі ці ініцыятывамі, скіраванымі на мясцовыя выбары, мы ня будзем займацца. Для гэтага ў нас няма ні жаданьня, ні часу, ні палітычнай волі».

Між тым, грамадзянская кампанія «Наперад, Беларусь», пра стварэньне якой абвясьціла Ганна Канапацкая, была найперш скіраваная на ўдзел у мясцовай выбарчай кампаніі.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.