Кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Наперад, Беларусь» — не дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, а яе памочнік Дзяніс Ціханенка. Пра гэта сёньня спадарыня Канапацкая паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook.
«Ініцыюючы грамадзянскую кампанію „Наперад, Беларусь!“, я зыходзіла зь неабходнасьці знайсьці формы супрацоўніцтва зь людзьмі, якія хочуць пазытыўных зьмен у краіне, але з тых ці іншых прычын не гатовыя адкрыта заяўляць аб падтрымцы апазыцыі. Зварот быў паддадзены крытыцы на пасяджэньні Палітрады Абʼяднанай грамадзянскай партыі. Сапраўды, некаторыя фармулёўкі маёй заявы былі не зусім карэктныя, што выклікала шмат пытаньняў. Я ня раз у сваіх выступах у СМІ падкрэсьлівала і зноў зьвяртаю ўвагу на тое, што гэта грамадзянская кампанія. Яе кіраўніком зьяўляецца мой памочнік Дзяніс Ціханенка», — напісала дэпутатка.
Ганна Канапацкая таксама заявіла, што ў рамках правацэнтрысцкай кааліцыі яна працягвае падтрымліваць і матываваць людзей, якія адкрыта гатовыя прыняць актыўны ўдзел у палітычным жыцьці краіны, у тым ліку ўдзельніaчаць у выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы дэпутатаў:
«Яшчэ раз заклікаю ўсіх неабыякавых людзей быць актыўнымі, станавіцца кандыдатамі або далучацца да камандаў кандыдатаў на мясцовых выбарах ад кааліцыі. Сучаснасьць і будучыня нашай краіны залежыць толькі ад нас з вамі, ад таго, ці гатовыя мы браць адказнасьць за яе лёс».
Сябры Палітрады заяваў ад Канапацкай не атрымлівалі
Ганна Канапацкая павінна была дэзавуяваць дакумэнт аб стварэньні грамадзянскай кампаніі «Наперад, Беларусь» і паведаміць пра сваё рашэньне Палітрадзе партыі не пазьней за 16 кастрычніка. Такое рашэньне Палітрада прыняла ў пятніцу, 13 кастрычніка, калі разглядала пытаньне аб новым руху. Кіроўны партыйны орган назваў дакумэнт аб стварэньні кампаніі «Наперад, Беларусь» «непрымальным і парушаючым статут партыі».
Як паведаміла Свабодзе старшыня выканкаму АГП Аксана Крышчановіч, ніхто зь сябраў Палітрады не атрымліваў заяваў ад Канапацкай на электронную пошту.
Сёньня Ганна Канапацкая знаходзілася ў Вільні. Там жа, дарэчы, быў і старшыня партыі Анатоль Лябедзька. На званок Свабоды ён адрэагаваў так:
«Я сапраўды ў Вільні. Гэтаксама як і Ганна. Але мы знаходзімся тут на розных мерапрыемствах і зь ёй не перасякаліся».