Сёньня ў віцебскай юдэйскай грамадзе «Дом Ізраілю» — каля 50 прыхаджанаў. Хаця ў сынагогу прыходзіць і болей. Дасюль адзіным дзейным культавым будынкам была сынагога на вуліцы 1-й Калгаснай — звычайны жылы дом, прыстасаваны пад рэлігійныя патрэбы віцебскіх юдэяў 25 гадоў таму. А да канца 1980-х вернікі маліліся ў кватэрах, ня маючы змогі сабрацца разам.
Менавіта ў гэтым і ёсьць прызначэньне сынагогі, на іўрыце «бэйт-кнэсэт» — дому сходаў. Новая віцебская сынагога, якая будзе адкрытая 17 кастрычніка, мае і ўласны назоў — «Давыдаў шацёр». Тут ёсьць прыгожы хол са шкляным купалам-стольлю, вялікае памяшканьне для лекцыяў або выставаў, малітоўная заля на 80 месцаў і міква — адмысловы рытуальны басэйн. Сынагогу ўпрыгожваюць копіі дванаццаці вітражоў паводле твораў Марка Шагала «Дванаццаць каленаў Ізраілевых», зробленыя на адмысловых стэндах з падсьветкай. Ва ўсходнюю сьцяну малітоўнай залі ўмураваныя камяні з Ізраілю, якія сымбалізуць Сьцяну Плачу.
Будаўніцтва сынагогі на вуліцы Грыбаедава вялося з 2015 году, цяпер грамада мае свой храм плошчай каля 600 кв. м. Новы двухпавярховы будынак сучанага дызайну арганічна ўпісаўся ў стары гарадзкі раён, дзе здаўна жылі габрэі. Архітэктурную частку праекту зрабіў Аляксей Федарыстаў, а сам праект распрацавала кампанія «Вірсо». Аналягаў новаму будынку няма нідзе ў сьвеце. Узводзіўся ён пераважна на ахвяраваньні вернікаў — як заможных прадпрымальнікаў, так і шараговых віцяблянаў.
У пачатку ХХ стагодзьдзя ў Віцебску было 60 габрэйскіх малітоўных дамоў і сынагогаў, сярод якіх Вялікая Любавіцкая сынагога, ад якой сёньня засталіся толькі сьцены. Паводле ўспамінаў гараджан, сюды некалі прыходзіў маліцца бацька Марка Шагала, бо сям’я Шагалаў жыла на суседняй вуліцы.
Сынагога маглa б стаць папулярным у турыстаў помнікам архітэктуры пачатку ХХ стагодзьдзя, бо ацалела ў часе Другой усясьветнай вайны. Аднак пасьля вайны тут быў склад, потым у ёй зьбіраліся адкрыць дом культуры. Сучасным плянам ператварыць яе ў музэй таксама не было наканавана ўвасобіцца: рэшткі сьценаў з чырвонай цэглы разбураюцца год ад году, і надзеі аднавіць культавы будынак няма.
***