Як паведаміла прэс-служба Банка разьвіцьця, цырымонія падпісаньня адбылася ў Вашынгтоне 12 кастрычніка ў межах штогадовага пасяджэньня саветаў кіраўнікоў Сусьветнага банку і Міжнароднага валютнага фонду. Пагадненьне падпісалі старшыня праўленьня Банку разьвіцьця Сяргей Румас і віцэ-прэзыдэнт Сусьветнага банку па рэгіёне Эўропы і Цэнтральнай Азіі Сірыл Мюлер.
Румас падзякаваў камандзе Сусьветнага банку і Міністэрства эканомікі за сумеснае плённае супрацоўніцтва пры падрыхтоўцы праекту. «Сёньня Банк разьвіцьця адкрыў новую старонку супрацоўніцтва з Сусьветным банкам. Нашы банкі-партнэры, а таксама прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнэсу даўно чакалі гэтай знакавай падзеі. Спадзяемся, што рэалізацыя гэтага пачынаньня стане адным з драйвэраў у разьвіцьці эканомікі Рэспублікі Беларусь», — пракамэнтаваў ён падпісаньне дакумэнта.
Праграма супрацоўніцтва Банка разьвіцьця з Сусьветным банкам разьлічаная на 15 гадоў, у яе межах суб’екты малога і сярэдняга бізнэсу змогуць атрымаць крэдытныя рэсурсы ў замежнай валюце (доларах ЗША). З пачатку 2018 году субʼекты малога і сярэдняга бізнэсу змогуць зьвярнуцца ў банкі-партнэры па фінансаваньне.
Беларусь стала членам Сусьветнага банк у 1992 годзе. За час супрацоўніцтва краіна атрымала крэдытныя рэсурсы на 1,7 млрд даляраў ЗША. Акрамя таго, былі вылучаныя гранты на 28 млн долараў на рэалізацыю праграм з удзелам арганізацый грамадзянскай супольнасьці. З улікам ухвалы згаданага праекту наяўны інвэстыцыйны партфэль Сусьветнага банку ў Беларусі ўключае дзевяць праектаў амаль на 1 млрд даляраў.