Трагічная гісторыя сьмерці салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў вайсковай частцы ў Печах пад Барысавам выклікае шэраг важных пытаньняў.
Вось цяпер і Міністэрства абароны прызнае, што гэта далёка ня першы выпадак, такія драмы здараюцца ў беларускім войску рэгулярна. Але грамадзкі розгалас вакол такой падзеі зьявіўся толькі цяпер. Чаму?
Бо апошнім часам моцна ўзрасла роля сацыяльных сетак, інтэрнэт-мэдыяў. Яны, а не дзяржаўныя СМІ пачалі фармаваць парадак дня грамадзкага жыцьця краіны. І гэта вельмі важная перамена, наступствы якой яшчэ да канца не ўсьвядомленыя. Хоць улады інтуітыўна адчуваюць небясьпеку. Вось невыпадкова новы міністар інфармацыі Алесь Карлюкевіч адзначыў, што патрэбен новы закон аб СМІ, які б кантраляваў інтэрнэт і сацыяльныя сеткі.
«Дзедаўшчына» вельмі добра ўпісваецца ў мадэль аўтарытарнай дзяржавы.
Цяпер, на хвалі грамадзкага абурэньня, незалежныя рэсурсы шмат паведамляюць пра распаўсюджанасьць «дзедаўшчыны» ў войску. На першы погляд, гэтая зьява супярэчыць той ідэі парадку, якая ляжыць у аснове беларускага палітычнага рэжыму. Бо «дзедаўшчына» мала таго, што існуе па-за межамі вайсковага статуту, — яна стварае сыстэму паралельнага кіраваньня войскам, аўтаномнага ад афіцыйнага камандаваньня.
Але толькі на першы погляд. Насамрэч «дзедаўшчына» вельмі добра ўпісваецца ў мадэль аўтарытарнай дзяржавы. Гэтая мадэль грунтуецца на жорсткай герархіі і безумоўным падпарадкаваньні ніжніх паверхаў дзяржаўных інстытутаў верхнім, а шараговых грамадзян — любым начальнікам. Аўтарытарная дзяржава — гэта сыстэма існаваньня дыктатараў зь неабмежаванай уладай на ўсіх узроўнях вэртыкалі, ад самага верху да сяржанта і прапаршчыка ў войску. Прынцып «я начальнік, ты дурань» не прадугледжвае мэханізму аспрэчваньня загадаў зьверху.
У такой дзяржаве дамінуюць аўтарытарныя каштоўнасьці, аўтарытарная культура, якая культывуецца і падтрымліваецца ўладай. Ад савецкіх часоў існуе пастулят, які навязваецца ўсёй дзяржаўнай ідэалёгіяй, што войска — гэта школа жыцьця, і прайсьці яе павінен кожны мужчына. Невыпадкова найманае войска, як правіла, існуе толькі ў дэмакратычных краінах. А ў недэмакратычных дзяржавах захоўваецца ўсеагульны воінскі абавязак, служба па прызыву. Пры гэтым улады кіруюцца ня толькі інтарэсамі абароны.
У аўтарытарнай дзяржаве войска — гэта яшчэ спосаб аўтарытарнай сацыялізацыі грамадзяніна, школа падпарадкаваньня. А ў спалучэньні зь «дзедаўшчынай» — гэта мэханізм гвалту над чалавечай асобай, выпрабаваньне прыніжэньнем.
Бо ў аўтарытарнай дзяржаве войска — гэта яшчэ спосаб аўтарытарнай сацыялізацыі грамадзяніна, школа падпарадкаваньня. А ў спалучэньні зь «дзедаўшчынай» — гэта мэханізм гвалту над чалавечай асобай, выпрабаваньне прыніжэньнем. «Дзедаўшчына» — гэта самыя разнастайныя вычварныя прыёмы і спосабы зьдзекаў «дзядоў» з навабранцаў. І якраз гэтым яна выгадная існаму рэжыму. Бо чалавек, прайшоўшы выпрабаваньне прыніжэньнем, зломлены, пасьля войска, у цывільным жыцьці будзе баяцца начальніка, які заўсёды мае рацыю, будзе асьцерагацца пратэставаць супраць існых парадкаў, будзе кіравацца прынцыпам, што пугай абуха не пераб’еш. З прыніжанага чалавека можна віць вяроўкі. Для аўтарытарызму ідэальная краіна — гэта адна вялікая зона.
Зьвярнуў бы ўвагу, што рэакцыя ўладаў на гэтую трагедыю трохі іншая, чым на нейкія падобныя скандалы ў сілавых структурах. Вось амаль кожны месяц зьяўляюцца паведамленьні пра зьдзекі, зьбіцьцё міліцыянтамі грамадзян. Але ў абсалютнай большасьці выпадкаў МУС заяўляе, што парушэньня закону ня выяўлена.
А цяпер, зважаючы на моцны грамадзкі розгалас, Міністэрства абароны ўрачыста заяўляе, што ўсе вінаватыя будуць строга пакараныя. Сьледчы камітэт узбудзіў крымінальную справу. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, двое вайскоўцаў ужо затрыманыя. Складаецца ўражаньне, што ўлады цяпер ня будуць спускаць справу на тармазах.
Чаму такая розная рэакцыя? Думаю, тут дзейнічаюць некалькі чыньнікаў.
Па-першае, тут усё ж такі гібель вайскоўца, а ня проста зьбіцьцё.
МУС у Беларусі — гэта карны орган. З гледзішча вышэйшага кіраўніцтва, нельга трымаць за руку міліцыянта, калі ён б’е абывацеля.
Па-другое, ёсьць розьніца паміж войскам і міліцыяй. МУС у Беларусі — гэта карны орган. З гледзішча вышэйшага кіраўніцтва, нельга трымаць за руку міліцыянта, калі ён б’е абывацеля. Бо заўтра, калі спатрэбіцца біць праціўніка ўлады, ён будзе сумнявацца, ці варта тое рабіць.
А ў войска іншая функцыя. Да таго ж з войскам зьвязаная амаль кожная сям’я, там служаць (ці служылі, ці будуць служыць) дзеці, унукі, сваякі. А гэта ж электарат. Таму тут варта выканаць ролю справядлівага «Бацькі», які ва ўсім разьбярэцца і пакарае вінаватых.
Можна ўзгадаць, як напярэдадні вайсковых вучэньняў начальнік генштабу беларускага войска генэрал-маёр Алег Белаконеў падчас брыфінгу адрынуў прэтэнзіі грамадзкасьці на кантроль ці назіраньне за гэтымі вучэньнямі. Маўляў, гэта справа прафэсіяналаў.
«Калі ж вы мяне запросіце ў клініку, дзе праводзяць апэрацыі на сэрцы, я не змагу раіць гэтым людзям. Я не змагу стварыць з такіх жа, як я, групу, якая будзе кантраляваць...», — сказаў генэрал.
Дык вось трагедыя ў Печах якраз паказвае, навошта патрэбен такі інстытут, як грамадзянскі кантроль за Ўзброенымі сіламі, сілавымі структурамі, які існуе ў дэмакратычных краінах. У 1990-я гады, у Расеі, калі там яшчэ была дэмакратыя, важную ролю адыгрываў Камітэт салдацкіх маці. У яго быў моцны канфлікт зь Мінабароны РФ, падчас Чачэнскай вайны ён патрабаваў, каб не пасылалі ваяваць першагодкаў, рабіў іншыя захады.
Дарэчы, у Беларусі існуе Беларуская грамадзкая арганізацыя салдацкіх маці. Але ці чулі вы што пра яе дзейнасьць? Гэта такая ж абдзяржаўленая арганізацыя, створаная ўладамі дзеля імітацыі грамадзянскага кантролю, як і шмат іншых.
Пакараньне вінаватых — гэта добра. Але бязь зьмены сыстэмы падобныя трагедыі будуць паўтарацца зноў і зноў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.