Расейскі бок дагэтуль ня зьняў забароны пастаўляць харч з 24 беларускіх прадпрыемстваў.
Пра гэта сказаў у інтэрвію ТАСС начальнік галоўнага ўпраўленьня замежнаэканамічнай дзейнасьці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Аляксей Багданаў.
Поўныя ці частковыя абмежаваньні дзейнічаюць на 24 беларускіх прадпрыемствах мяса-малочнай галіны.
«На жаль, пакуль рашэньне аднавіць пастаўкі з прадпрыемстваў не прынятае», — сказаў Аляксей Багданаў у інтэрвію ТАСС.
За восем месяцаў сёлета аб’ём экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі зь Беларусі ў Расею зьнізіўся на 4% да ўзроўню 2016 году.
«Сёлета кошт экспарту вырас на 7,3% да леташняга ўзроўню. Гэта няшмат у параўнаньні зь іншымі краінамі. Сума, на якую мы нагандлявалі, склала 1,5 млрд даляраў. У натуральным жа вымярэньні пастаўкі значна зьнізіліся. Так, экспарт малочнай прадукцыі скараціўся на 300 тыс. тон, а мясной — на 20 тыс. тон», — сказаў прадстаўнік Мінсельгасхарчу Беларусі.
Аляксей Багданаў зьвязвае гэта з дывэрсыфікацыяй рынкаў збыту.
Наконт абвінавачаньняў пра ўвоз санкцыйнай прадукцыі Багданаў сказаў, што «тэма „беларускіх крэвэтак“ разьдзьмутая на роўным месцы».
Раней Рассельгаснагляд апублікаваў на сваім сайце сьпіс з больш чым 30 беларускіх прадпрыемстваў, на якія распаўсюджваюцца абмежавальныя захады.