Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» прапануе распрацаваць зьмены ў правілы праходжаньня тэрміновай вайсковай службы, увесьці пасаду вайсковага амбудсмэна, каб зрабіць службу бясьпечнай і выкараніць дзедаўшчыну ў войску.
У жніўні «Гавары праўду» ініцыявала стварэньне грамадзкай камісіі, каб назіраць за вучэньнямі «Захад 2017». У склад гэтай камісіі ўвайшлі вайскоўцы, грамадзянскія лідэры. У кастрычніку яны апублікавалі сваё заключэньне. Цяпер камісія прыйшла да высновы, што вучэньні мінулі, а праца засталася, кажа Свабодзе адзін з кіраўнікоў кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў:
«І гэтая праца зьвязаная зь бясьпекай праходжаньня службы ў войску. Бо тая сытуацыя, якая зараз разьвіваецца — пасьля быццам бы самагубства салдата Аляксандра Коржыча ў Печах — паказвае, што сёньня нашы дзеці, якая служаць у войску, неабароненыя. У мірны час у арміі гінуць беларускія салдаты, і не ад рукі ворага, а ад дзедаўшчыны.
Таму мы працягнем працу грамадзкай камісіі, распрацуем зьмены ў правілы праходжаньня тэрміновай вайсковай службы, каб яна была бясьпечная для салдата, каб была магчымасьць зьвяртацца ў крызісных сытуацыях па дапамогу.
Дзеля гэтага, мы лічым, неабходна ўвесьці пазыцыю вайсковага амбудсмэна. Ну, і каб была нармальная супраца з грамадзянскай супольнасьцю і назіраньне за сытуацыяй у вайсковых частках. Бо ненармальна, калі вайскоўцы самі сябе арганізоўваюць, самі сябе кантралююць, самі падводзяць вынікі. Гэта стварае ўмовы для беспакаранасьці. У войску пануе сыстэма, якая спараджае гвалт — што б ты ні рабіў, табе ўсё сыдзе з рук. Таму і існуе „дзедаўшчына“.
Мы заклікаем усіх, каго гэтая праблема хвалюе, далучацца і дасылаць свае прапановы на наш электронны адрас ці ў сацыяльныя сеткі. А таксама мы абвесьцім пра паседжаньне гэтай камісіі. Яно адбудзецца на наступным тыдні. Будзем запрашаць і прадстаўнікоў камісій па нацыянальнай бясьпецы абедзьвюх палат парлямэнту. Тым больш што ёсьць прыклады ў некаторых войсках, калі „дзедаўшчына“ цалкам выключаная як факт», — сказаў Свабодзе Андрэй Дзьмітрыеў.