Dźmitry Hurnievič: «Памятаеце міністар Макей казаў, што іншыя дзяржавы крадуць у нас нашых герояў? Нават Касьцюшку згадваў. Дык сам Бог спаслаў яму сытуацыю ў Швайцарыі».
Рэч у тым, што сьцьвярджаючы сваё права на вытлумачэньне асобы Тадэвушка Касьцюшкі, беларуская дзяржава аўтаматычна мусіць артыкуляваць сваё права на вытлумачэньне Аляксандра Суворава.
Таго самага Суворава, які на малой радзіме Касьцюшкі ў беларускім Заходнім Палесьсі ладзіў карныя апэрацыі супраць мясцовага насельніцтва ды антырасейскіх паўстанцаў.
Вернемся ў нашы дні. Ці не ўпершыню ў публічнай прасторы ўзьнік польска-беларускі канфлікт, зьвязаны з тэмай супольнай гісторыі. Прычым, з польскага боку ў канфлікце бярэ ўдзел прадстаўнік Міністэрства Замежных спраў.
«Польскі амбасадар ня можа ўказываць беларусам што пісаць на помніку Касьцюшку». — «Таму ў вас пад Заслаўем стаіць помнік Сталіну», --- парыруе польскі суразмоўца ў фэйсбуку.
Адказ пра помнік на «Лініі Сталіна» толькі на першы погляд можа падацца нелягічным, які пераводзіць стрэлкі з адной на іншую тэму на тэму.
Усё непрымальнае з гледзішча польскага бачаньня супольнай зь Беларусьсю гісторыі ў Польшчы часта сьпісваецца на камуністаў.
Насамрэч усё непрымальнае з гледзішча польскага бачаньня супольнай зь Беларусьсю гісторыі ў Польшчы часта сьпісваецца на камуністаў і на спадкаемцу камуністаў Лукашэнку.
Не прызнаецца права Польшчы на Заходнюю Беларусі і Ўкраіну — гэта «цяжкая спадчына савецкай ідэалёгіі». Не прызнаецца слова «Польшча» у дачыненьні да «Рэчы Паспалітай» — «цяжкая спадчына» лукашызму, хоць у рэальнасьці ў сучаснай Беларусі афіцыйна збольшага падтрымліваюцца польскі і расейскі гістарычныя канцэпты.
У Літве кагосьці шакуе беларускі балет «Вітаўт», у Расеі Кастусь Каліноўскі прыраўніваецца да «беларускага Бандэры», а польскі амбасадар у Швайцарыі супраць фармулёўкі «беларуская зямля» у дачыненьні да месца нараджэньня Тадэвушка Касьцюшкі.
Ва ўсіх трох выпадках беларусам адмаўляюць у суб’ектнасьці: ва ўласнай вэрсіі ацэнак гістарычных пэрсон і падзей.
Сытуацыя абвастраецца закрытасьцю Беларусі, якая з боку ўсё яшчэ падаецца савецкай, хоць працэс нацыятворчасьці не спыняецца ад самага абвяшчэньня незалежнасьці ў 1991 годзе.
На сваіх эмоцыях некаторыя беларусы абагульняюць усіх палякаў — «няма нашай і вашай свабоды».
Тут самае важнае — адмовіцца ад абагульненьняў.
У Беларусі альбо будзе незалежная — суб’ектнае — грамадзтва, альбо частка Расеі.
Нават польскія кансэрватары-нацыяналісты ўрэшце мусяць зразумець што ў Беларусі альбо будзе незалежная — суб’ектнае — грамадзтва, альбо частка Расеі. Апошняе ўжо амаль немагчыма.
За савецкае сымбалічнае мінулае трымаецца старэйшая генэрацыя, а вонкава прасавецкая ўлада ня толькі даглядае помнікі Леніну, але ўсталёўвае нацыянальна арыентаваныя знакі. Напрыклад, помнік князю Альгерду ў Віцебску.
Праблема даўно насьпявала. Цяпер беларускай дзяржаве было б вельмі сваечасова агучыць сваю пазыцыю па супольных з суседзямі гістарычных пэрсанажах.
Але сказаўшы «А» пра Польшчу, беларускія ўлады мусяць сказаць «Б» пра Расею.
«Саюзьніцтва» з Расеяй не дае магчымасьці беларускаму МЗС выразна агучыць беларускую пазыцыю па гістарычных пытаньнях.
Дэ-факта «саюзьніцтва» з Расеяй не дае магчымасьці беларускаму МЗС выразна агучыць беларускую пазыцыю па гістарычных пытаньнях, у тым ліку зьвязаных з Польшчай.
Напрыклад, чаму Касьцюшка і Сувораў у адзін час займаліся на беларускай зямлі дыямэтральна супрацьлеглымі справамі. Першы ваяваў за незалежнасьць Рэчы Паспалітай, другі — за акупацыю Рэчы Паспалітай.
У кожным разе беларускаму МЗС рабіць заявы давядзецца. Калі не цяпер, дык пазьней. Бо апроч дзяржавы як інстытуту, Беларусь у сьвеце прадстаўляе грамадзкасьць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.