У Віцебску ізноў рыхтуюцца карчаваць дрэвы і пляжыць клюмбы — руйнаваць прыгажосьць, якую шмат гадоў наводзілі ў цэнтры гораду. Гісторыя паўтараецца: у 2009 годзе была зьнішчана ўся зелянота на плошчы Перамогі. І гэтага лысага пляца гараджане аніколі не даруюць тагачаснаму губэрнатару Аляксандру Косінцу, які загадаў правесьці рэканструкцыю шляхам вайны з гарадзкім азеляненьнем.
А наперадзе — ужо наступны этап гэтай вайны. Ён называецца «капітальны рамонт вуліцы Леніна і добраўпарадкаваньне тэрыторыі для разьмяшчэньня помніка княгіні Вользе». Час першага наступу ўжо вызначаны: 12 кастрычніка пройдуць падрадныя таргі, каб вызначыць пераможцу ў тэндэры. Ён і распачне падрыхтоўку да ўсталяваньня помніка. Помніка той самай княгіні, міталягічнай «заснавальніцы гораду», якая памерла ў 969 годзе, але загадкавым чынам уваскрэсла і здолела заснаваць Віцебск у 974. Якая пры жыцьці падступна і люта адпомсьціла драўлянам, а пасьля сьмерці была абвешчана сьвятой Расейскай праваслаўнай царквы.
За сваё «цудоўнае ўваскрашэньне» княгіня Вольга мусіла б сказаць дзякуй савецкім гісторыкам. Тым, якія патлумачылі запіс у «Віцебскім летапісе» Панцырнага і Аверкі пра заснаваньне гораду «въ лѣто 974» памылкай перапісчыка. Маўляў, затрымцела рука летапісца, ахінула яго стома або згасла лучына — і чацьвёрка зь сямёркай памяняліся месцамі... А ўжо «947» ці «974» — хто будзе разьбірацца, калі на сьвяткаваньне тысячагодзьдзя Віцебску ў 1974-м з Масквы выдзеленыя грошы!
Так, без заглыбленьня ў дэталі, княгіня Вольга аўтаматычна была прызнаная заснавальніцай і стала галоўным пэрсанажам на юбілеі гораду. Шкада, я была тады ў маласьвядомым узросьце і запомніла няшмат. Але ў памяць урэзалася да сёньня: па Дзьвіне плыве ладзьдзя, а ў ёй — дзядзькі на вёслах ды нейкая важная спадарыня ў старажытным уборы. Гледачы на беразе пляскаюць у ладкі, а з гукаўзмацняльнікаў разносіцца: «І прыплыла княгіня Вольга!»
Можа, каб заставалася яна толькі гераіняй самадзейных тэатралізаваных пастановак, дык і не было б у Віцебску цяперашняга супроцьстаяньня. Але ж гарадзкія ўлады вырашылі ўвекавечыць «заснавальніцу Віцебску» княгіню Вольгу ў манумэнтальным мастацтве. Ніхто не паглядзеў, што больш аніякіх сувязяў гэтага гістарычнага пэрсанажа зь Віцебскам у летапісах няма, бо ў гарвыканкаму пачалася нейкая «помнікаманія».
У 2009 годзе абвясьцілі конкурс на лепшыя праекты адразу трох помнікаў: князю Альгерду, Аляксандру Неўскаму і княгіні Вользе. І на ўсе тры кандыдатуры тут жа абрынуўся шквал крытыкі. Супраць помніка Альгерду, вялікаму князю літоўскаму, квола запратэставалі вэтэраны і тагачасныя аматары «русского мира». На першых практычна не зьвярнулі ўвагі, і ў 2014 годзе Альгерд на кані першым зьявіўся на колішняй Рынкавай плошчы. Другіх заспакоілі, усталяваўшы ў 2016 годзе помнік Аляксандру Неўскаму. Засталася княгіня Вольга, супраць увекавечаньня якой паўсталі, аб’яднаўшыся, усе абазнаныя ў гісторыі.
Галоўны аргумэнт пратэстоўцаў у тым, што Вольга не засноўвала Віцебск, — прынамсі, пра гэта няма аніякіх сьведчаньняў. І ў гэтай якасьці няма сэнсу яе ўшаноўваць, тым больш за бюджэтныя грошы. Але ж гарвыканкам не пераканаеш: пераможцам конкурсу быў названы праект менскага скульптара Ўладзімера Слабодчыкава, які ўвасобіў княгіню Вольгу на ладзьдзі ў суправаджэньні трох ваяроў. Праўда, падчас зацьвярджэньня твору Міністэрства культуры перажыла лёгкае «дэжавю»: манумэнт выглядаў як копія кіеўскага помніка Лыбедзі ды яе братам Кыю, Шчэку і Хорыву. Таму Вольгу параілі перамясьціць з носу ў цэнтар ладзьдзі.
Паводле праекту, манумэнт трэба ўсталяваць на скрыжаваньні вуліцы Леніна з праспэктам Фрунзэ, недалёка ад амфітэатру. У 2010 годзе ўжо зрабілі «прымерку» помніка на аблічча Віцебску: на абраным месцы паставілі фанэрны макет.
Паводле ідэі скульптара, помнік княгіні Вользе павінен стаяць у басэйне фантана — «для гістарычнасьці», бо ладзьдзя прыплыла па рацэ. А гэта азначае, што адзін з самых маляўнічых і дагледжаных куткоў гораду раскапаюць, каб пакласьці трубы, будаўнікі ўзьдзяруць брук, будуць вынішчаны кветкі і дрэвы. Пад ногі княгіні Вользе кінуць увесь ляндшафтны дызайн, распрацаваны для гэтага кутка — кусты ружаў, радочкі туяў, пасадкі дэкаратыўных кустоў, «альпійскія горкі». І ўсё гэта — за бюджэтныя грошы. Па ўмовах тэндэру, за 1 154 546 беларускіх рублёў. А ў якасьці «кампэнсацыі» паставяць помнік, які ўжо загадзя не даспадобы віцяблянам.