Мадура просіць Лукашэнку паспрыяць у аднаўленьні эканомікі «постнафтавага пэрыяду»

Аляксандар Лукашэнка (зьлева) і Нікаляс Мадура

Прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадуру, які прыбыў у Беларусь з аднадзённым афіцыйным візытам, на менскім лётнішчы сустрэў віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка.

Пасьля гэтага картэж выправіўся ў Палац Незалежнасьці, ля ўваходу вэнэсуэльскага лідэра ўжо чакала рота ганаровай варты і Аляксандар Лукашэнка.

Іх перамовы пачаліся ў фармаце сам-насам, пазьней маюць далучыцца чальцы дэлегацый.

Лукашэнка заклікае рабіць больш рашучыя крокі насустрач

«Я рады вітаць вас у сяброўскай краіне — Беларусь заўсёды мела пачуцьцё найвышэйшай удзячнасьці і павагі да Вэнэсуэлы і яе народу, — адзначыў у вітальным слове Лукашэнка, якога цытуе БелТА. — Але нам неабходна зрабіць больш рашучы крок наперад у разьвіцьці нашых стасункаў. Беларускі бок да гэтага гатовы».

Нікаляс Мадура пагадзіўся, адразу ж перайшоўшы да справы — маўляў, ягоная краіна зацікаўленая, каб Беларусь удзельнічала ў рэалізацыі пляну разьвіцьця эканомікі «постнафтавага пэрыяду».

Лукашэнка заўважыў, што на фоне няпростай сытуацыі на радзіме вэнэсуэльская дэлегацыя ажыцьцяўляе афіцыйныя візыты ў Расею і Беларусь у досыць вялікім складзе. А гэта значыць, што ў Вэнэсуэле аднаўляецца «неабходны парадак».

Мадура просіць падтрымаць «Праграму баліварыянскага разьвіцьця»

«Мы прайшлі часы брутальных баталій, умацаваліся на ўсіх франтах і цяпер знаходзімся на этапе аднаўленьня, — сказаў прэзыдэнт Вэнэсуэлы. — Яго мы назвалі „Праграмай баліварыянскага разьвіцьця“. У эканоміку постнафтавага пэрыяду мы павінны разьвіваць тыя скарбы, якімі валодае наша краіна. І ў рамках гэтага вызначыць канкрэтныя кірункі сумеснай дзейнасьці Беларусі і Вэнэсуэлы».

Паводле Мадуры, ён рашуча настроены аднавіць значныя посьпехі міждзяржаўных стасункаў, якія былі на пачатковым этапе. Таксама падзякаваў за салідарнасьць, якую беларускі бок дэманструе ў адрас Вэнэсуэлы.