Бабруйская дзіцячая бальніца месьціцца ў колішнім інтэрнаце, збудаваным у 1963 годзе. Да яе прыпісаныя дзеці з 200-тысячнага гораду і пяці раёнаў. Будынку патрэбны грунтоўны рамонт, грошай на які ў гарадзкім бюджэце з году ў год не знаходзяць.
![](https://gdb.rferl.org/AEB384FE-6ED8-44A1-B048-B186C7EBA596_w1080_h608_b_s.jpg)
Цяпер мясцовыя ўлады разьлічваюць на сродкі з нацыянальнай інвэстыцыйнай праграмы 2018 году. І з кашалькоў грамадзян.
![](https://gdb.rferl.org/6FB4ED46-B5B6-4913-9E4E-6296B3B6D8C4_w1080_h608_b_s.jpg)
Дзеля гэтага на пачатку верасьня абʼявілі дабрачынны маратон «По зову сердца». Яго суправаджае моцная інфармацыйная кампанія. У падтрымку збору грошай мінулай пятніцай правялі гарадзкое сьвята з мэдычнымі паслугамі на плошчы і канцэртам беларускіх выканаўцаў.
![](https://gdb.rferl.org/97759CBA-B2A1-4E11-B5C0-21EF29DA4324_w1080_h608_b_s.jpg)
Што трэба бальніцы:
- рамонт з заменай вокнаў, дзьвярэй, праводкі і сантэхнікі;
- сучаснае абсталяваньне для дыягностыкі;
- рэанімацыйны аўтамабіль.
Грошы можна перавесьці на рахунак у банку або сьпісаць з мабільніка праз USSD-запыт.
Настаўніца Настасься кажа, што работнікі фактычна вымушаны браць удзел у дабрачынным маратоне:
«Нам на сходзе абвясьцілі, што мы мусім кожны здаць грошы: тэхнічны пэрсанал па 2 рублі, настаўнікі па 3. Зрабілі ведамасьць, каб пад подпіс усе здавалі. Паспрабуй адмовіцца — могуць пазбавіць прэміі ці проста сапсаваць адносіны. Вы зразумейце правільна — я ж ня супраць рамонту бальніцы! І справа ня ў грошах. Але ў гэткім выглядзе — што ж гэта за дабрачыннасьць?!»