Самы лепшы шлях для Эўропы

У пачатку верасьня Сьвятлана Алексіевіч атрымала прэмію імя Вінцэнца. Прозьвішча патрона гэтай узнагароды наўрад ці нешта некаму кажа. Буду шчырым, я таксама ніколі раней пра такога не чуў. Але пацікавіўся. І я перакананы, што Станіслаў Вінцэнц стварыў самую цікавую канцэпцыю разьвіцьця Эўропы.

Пра яго я ўзагадаў сёньня, калі пераключаў каналы ў пошуках навінаў пра Каталёнію. Вінцэнц ня меў да яе ніякага дачыненьня. Ён нарадзіўся на Гуцульшчыне, у Аўстра-Вугоршчыне, у сям’і францускіх эмігрантаў. Няня-гуцулка навучыла яго размаўляць па-ўкраінску. Вінцэнц вырас на ўнікальным скрыжаваньні мноства традыцыяў — італьянскай, вугорскай, чэскай, славацкай, украінскай, габрэйскай, польскай, румынскай, армянскай, цыганскай, аўстрыйскай. Ён ведаў чатырнаццаць моваў, але часьцей размаўляў па-польску.

Вінцэнц прыдумаў канцэпцыю вернасьці месцу жыцьця. Цяпер яе называюць канцэпцыяй «Эўропы малых айчынаў». Паводле мясьляра, не дзяржавы, а менавіта рэгіянальныя «малыя айчыны» зьяўляюцца асновай сувязі і супольнасьці эўрапейцаў. Гэтую ідэю ён сфармуляваў у швайцарскім замку Вальмонт, падчас першага зьезду «малых айчынаў», які ён сам і арганізаваў.

Самаідэнтыфікацыя кожнага чалавека мае некалькі ўзроўняў. І сувязь з малой айчынай, на маю думку, першая. Я ведаю палякаў, беларусаў, габрэяў, і людзей, якім нацыянальнасьць увогуле абыякавая, і якія атаясамліваюць сябе зь мясцовасьцю, у якой яны ўсе нарадзіліся. Калі яны размаўляюць пра яе, то іх нацыянальнасьць ня мае значэньня.

Па гэтым шляху Эўропа ідзе апошнія 100 гадоў. Менавіта дзякуючы яму нарадзілася Беларусь. А куды падзелася Брытанская імпэрыя? Дзе Аўстра-Вугоршчына, Расейская і Асманская імпэрыі? Але распад гэты адбыўся яшчэ не паўсюль.

Нехта марыць пра зьліцьцё моваў, зьнікненьне нацыянальнасьцяў і ўжо нават кажа пра сьмерць нацыянальных дзяржаваў. А мне падабаецца стракатая, шматкаляровая, шматмоўная Эўропа — радзіма нацыянальных краін і малых айчынаў. Мне цікава жыць у такім сьвеце і адкрываць штодня яго адметнасьці. Эўропа — гэта ня толькі Францыя, Нямеччына, Данія і Гішпанія. Гэта ў тым ліку Бургундыя, Баварыя, Фарэры і Каталёнія. І гэта неабавязкова павінны быць супрацьлегласьці.

Пасьля дзьвюх сусьветных войнаў эўрапейцы знайшлі формулу мірнага суіснаваньня. Гарантыяй спакою і багацьця на нашым кантынэнце сталі дэмакратыя, эфэктыўная эканоміка і разумная сыстэма мясцовага кіраваньня (праўда, не паўсюль).

Эўропа малых айчынаў — рэальная, гэтаксама як рэальнымі пасьля дзьвюх сусьветных войнаў у Эўропе сталі правы чалавека, адсутнасьць межаў і павага незалежна ад нацыянальнасьці. Гэта не ідэалізм. Проста эўрапейцы ў гэта паверылі і дамовіліся гэтыя прынцыпы выконваць. Сёньня мы іх называем — эўрапейскія каштоўнасьці. Дык што за праблема паверыць у Эўропу малых айчынаў!

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.