Магілёўцам упершыню паказалі абраз, якога баяўся Меншыкаў, калі зьбіраўся паліць Магілёў

Выставай старадрукаў 16-19 стагодзьдзяў у Магілёўскай ратушы адзначаюць 500-годзьдзе беларускага кнігадруку ды пяцігодзьдзе вяртаньня ў Беларусь статуту Вялікага Княства Літоўскага.

Экспазыцыя сфармаваная з кніг, выдадзеных праваслаўнымі ды каталіцкімі друкарнямі. Усе экспанаты — з фондаў музэя гісторыі беларускай літаратуры і музэя гісторыі Магілёва.

Беларускі варыянт Статута Вялікага Княства Літоўскага

Езуіты выдавалі кнігі для адукацыі ў кішэнным фармаце

Сярод экспанатаў выставы «Нацыя кніг. Статут 1588 і старадрукі» рэліквіі рыма-каталіцкай магілёўскай кансысторыі, якія не выстаўляліся раней у беларускіх музэях.

Дырэктар музэя гісторыі беларускай літаратуры Зьміцер Яцкевіч адзначыў, што для выставы падбіраліся перадусім выданьні езуіцкіх калегіюмаў ды акадэміяў. Такія кнігі падкрэсьліваюць, казаў Яцкевіч, што езуіцкі ордэн на Беларусі займаўся перадусім пытаньнямі адукацыі. Паводле яго езуіты выдавалі падручнікі, граматыкі, дапаможнікі ды слоўнікі невялікага кішэннага фармату.

Кнігі езуітаў

«Мы імкнуліся выставай падкрэсьліць, што гэты пласт культуры і адукацыі быў запатрабаваны ў Беларусі спрадвеку», — адзначаў Зьміцер Яцкевіч.

Праваслаўная і каталіцкая традыцыі кнігадруку дапаўнялі адна адну

Праваслаўныя друкарні трымаліся кірыліцы і на ёй выдавалі кнігі. Каталіцкія ж друкаваліся на лацінцы. Гэты кантраст быў прыкметным на выставе.

Кнігі праваслаўных друкарняў

«Гэта таксама падкрэсьлівае розныя пласты нашай гісторыі, якія дапаўнялі адзін аднаго, — даводзіў Яцкевіч. — У праваслаўных мы бачым больш рэлігійную літаратуру. У каталікоў — больш адукацыйную. Кнігі таксама перапляталіся па-рознаму. Гэта таксама адметнасьць нашай гісторыі кнігі».

Магілёўскі абраз, якога баяўся Меншыкаў

Упершыню магілёўцам прывезьлі з музэя гісторыі беларускай літаратуры сьпісак абраза Магілёвабрацкай Божай Маці, зробленага ў 19 стагодзьдзі. Гэты абраз шануецца тутэйшымі вернікамі. Яго праклёну баяўся паплечнік Пятра Першага Аляксандар Меншыкаў, калі зьбіраўся паліць Магілёў у 1708 годзе.

Беларусы спрадвеку друкавалі і чыталі кнігі

Цэнтральнае месца ў экспазыцыі адведзенае набытаму на ахвяраваньні музэем гісторыі Магілёва асобнік Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году. За прамінулыя пяць год у магілёўскіх музэях зьявіліся яшчэ два асобнікі Статута 1744 і 1811 году выданьня.

Статут Вялікага Княства на лацінцы

«Беларусы — нацыя кніг, якая спрадвеку іх пісала, друкавала ды перадрукоўвала, а галоўнае чытала гэтыя кнігі, — зьвяртаўся да магілёўцаў Зьміцер Яцкевіч. — Друкаваньне кніг і іх вяртаньне не магло адбывацца без дапамогі мэцэнатаў. І без цяперашніх дабрадзеяў мы і наўрад ці здолеем узьняць нашу культуру».

Дырэктар музэя гісторыі беларускай літаратуры Зьміцер Яцкевіч у інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што пасьля вяртаньня ў Беларусь беларускай сьвятыні Статуту Вялікага Княства літоўскага няблага было б разжыцца і хаця б па адным асобніку ўсіх скарынаўскіх выданьняў.

Зьміцер Яцкевіч

«Надыходзіць час вяртаньня і рукапісаў, бо многія зь іх не былі надрукаваныя, а тыя, што выдаваліся, былі з выпраўленьнямі і цэнзурай, — гаварыў Зьміцер Яцкевіч — На аўкцыёнах зьяўляліся рукапісы Яна Чачота і іх таксама было б добра набыць. Пагатоў, што сёлета двухсотгодзьдзе Таварыству філяматаў-філарэтаў. А налета — 220 год — Адаму Міцкевічу. Таму хацелася б падкрэсьліць, што час раскідаць камяні мінуў і трэба брацца іх зьбіраць».