5 прычын, чаму варта адмовіцца ад аўтамабіля

У Дзень без аўтамабіля Свабода папрасіла сталічнага «гарадзкога лесьніка» Ігара Корзуна расказаць, як палепшыць выкарыстаньне машыны.

Калі верыць Белстату, за апошнія 15 гадоў колькасьць аўтамабіляў у Беларусі вырасла ўдвая. Цяпер іх у краіне прыкладна тры мільёны. Больш за ўсё ў Горадзенскай вобласьці — там на кожную тысячу жыхароў прыпадае 347 аўто. На Гомельшчыне — 263, у Менску — 324.

Часьцей за ўсё беларусы набываюць сабе нямецкі Volkswagen — гэтых аўтамабіляў у краіне больш за 400 тысяч. У пяцёрцы самых папулярных таксама Ford, Audi, Opel і «ВАЗ».

Да Дня без аўтамабіля, які Беларусь афіцыйна адзначае з 2008 году (першымі на пачатку 90-х былі Ісьляндыя, Францыя і Вялікая Брытанія) Свабода папрасіла актывіста кампаніі «Гарадзкі лясьнік» Ігара Корзуна пералічыць пяць асноўных праблем, якія гораду і пешаходам прычыняюць аўтамабілісты і іхныя аўтамабілі.

Ігар Корзун

Прычына 1. Вы ўсё адно рэдка яго выкарыстоўваеце

«Аўтамабіль — гэта вельмі дорага, калі мы карыстаемся ім толькі 30 хвілінаў на дзень. Каб ён сябе акупляў, трэба карыстацца ім гадзін 20 за дзень. І гэта датычыць любой тэхнікі, якую мы сабе набываем і амаль не карыстаемся.

У будучыні трэба, каб было так, як гаворыць Ілан Маск: націскаеш на кнопку — і да цябе едзе машына, якая адвозіць у патрэбнае месца. Такая, якая табе патрэбна менавіта для гэтай паездкі. І гэта ўжо не пытаньне тэхналёгіяў».

Прычына 2. Высокая дазволеная хуткасьць руху ў горадзе аварыйна небясьпечная.

«Хуткасьць у горадзе трэба абмежаваць 40 кілямэтрамі за гадзіну. Нават хуткасьць 50 правакуе на парушэньні. Калі ў машыне каробка-аўтамат, то праблемы няма. Але з мэханічнай каробкай перадач машын нашмат больш. 50 кілямэтраў за гадзіну — гэта 4-я перадача. Але 50 ніхто не едзе, таму што можна +10 кілямэтраў хуткасьці беспакарана дабавіць. Атрымліваецца 60, а з такой хуткасьцю ўжо на 4-й перадачы ніхто не паедзе, пераключаюцца на пятую. А там яшчэ большая хуткасьць, кіроўцы перавышаюць, таму што берагуць свае машыны.

40 кілямэтраў — самае тое. Прычыны перавышаць ня будзе, зьнізіцца колькасьць ДТЗ.

Я ня толькі на машыне ежджу па горадзе, але і на ровары. Ровар едзе 15-25 кілямэтраў на гадзіну. Гэта ўсяго некалькі хвілінаў адставаньня ад аўтамабіля за адну паездку. Ці яны вартыя таго, каб карыстацца машынай?»

Прычына 3. Аўтамабіляў на вуліцах зашмат

«Маю на ўвазе прыпаркаваныя на вуліцах аўто. Гэта таму, што паркоўкі адсутнічаюць. Асабліва такія, на якіх можна камфортна пакінуць машыну. Праблема ўзьнікае праз тое, што ў нас не ўрэгуляванае пытаньне ўласнасьці на нерухомасьць і ўласнасьці на зямлю перадусім. Кошты на існуючых паркоўках варта зьнізіць. Яны стаяць пустыя, а побач застаўленыя аўтамабілямі вуліцы. Паркоўкі ў Менску каштуюць неапраўдана дорага, нават даражэй, чым у іншых эўрапейскіх гарадах.

Вуліцы гораду трэба аддаць пешаходам і тым аўтамабілістам, якія рэальна езьдзяць на сваёй машыне. А не ўладальнікам аўто, якія прыяжджаюць на працу і пакідаюць машыну на цэлы дзень на вуліцы. А то і на два. Тыднямі машыны могуць стаяць. Трэба даць супрацоўнікам ДАІ магчымасьць нумары фіксаваць і адразу выпісваць квітанцыю такім кіроўцам. Тады, магчыма, большая колькасьць людзей задумаецца, ці ў стане яны ўтрымліваць сваё аўто».

Прычына 4. Ваш двор вызваліцца для адпачынку, спартовых заняткаў і дзіцячых гульняў

«У савецкі час людзі ставілі аўтамабілі ў гаражах. І потым пешшу ішлі дадому. Цяпер чамусьці права паставіць машыну ля пад’езда лічыцца амаль канстытуцыйным. На зялёнай зоне паркуюцца, замест таго, каб гэта на спэцыяльна адведзенай для такіх рэчаў паркоўцы зрабіць. Бо туды трэба ісьці 200-300 мэтраў. А гэтага ніхто ня хоча рабіць, усе лянівыя сталі. Усе жывуць з такой думкай, што ім павінны нешта».

Прычына 5. Вы зэканоміце вельмі шмат грошай

«Мы цяпер пастаянна крычым, што мы бедныя. Але калі параўнаць аўтапарк Менску з аўтапаркам, скажам, Эйндховэну ці нават Амстэрдаму, то там машыны значна больш старыя. У эўрапейскіх гарадах машыны дагледжаныя, але старыя. А ў нас машына пачынае ламацца, яе прадаюць і набываюць новую. А потым скардзяцца, што грошай няма. Трэба ўмець лічыць выдаткі на абслугоўваньне, на тэхагляд, падаткі на аўтамабіль. Тады, магчыма, больш людзей будзе задумвацца, ці варта машыну набываць, якую лепш і якім чынам свой аўтамабіль выкарыстоўваць».