Расейская авіяцыя пачала вяртацца з вучэньняў «Захад-2017» на месцы пастаяннай дыслякацыі, паведамляе 21 верасьня дзяржаўны тэлеканал Расеі «Звезда».
На сайце выданьня апублікавалі відэа ўзьлёту зьнішчальнікаў з нявызначаных аэрадромаў.
Паведамляецца, што ў вучэньнях на тэрыторыі Беларусі і Расеі бралі ўдзел самалёты Су-35С, МіГ-31БМ, МіГ-29СМТ, Су-30СМ, Су-24М, Су-34, Су-25.
Перабазаваньне авіятэхнікі ў пункты дысьлякацыі зойме два дні, паведамілі ўчора ў Міністэрстве абароны Расеі.
Усё пра вайсковыя вучэньні «Захад-2017»
Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзілі на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.
Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахапілі 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх узялі удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры было акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.
Краіны — суседкі Беларусі непакоіліся, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.
Беларуская апазыцыя асьцерагалася, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні, каб распачаць анэксію Беларусі.
Міністэрства абароны Беларусі адзначала «абарончы» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.