«Можа, у Азэрбайджане турма і падобная да санаторыя. Але на Валадарцы ўсё ня так дрэнна»

СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага

Былыя сядзельцы Сьледчага ізалятара № 1 абвяргаюць заявы расейска-ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына, які расказаў Свабодзе пра жорсткае абыходжаньні зь ім у СІЗА, пра перанаселеныя камэры, пагрозы і параўнаў «Валадарку» з Асьвенцімам.

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка двойчы сядзеў у СІЗА на Валадарскага: у 2011 і 2014 гадах. Кажа, што заўважна, як умовы ўтрыманьня паляпшаюцца.

Андрэй Комлік-Ямацін, адзін зь фігурантаў «справы патрыётаў», правёў на «Валадарцы» ўвесну 2017 году больш за два месяцы.

Пра перанаселенасьць і спальныя месцы

Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка: «Апошнім часам адміністрацыя робіць усё магчымае, каб не перагружаць камэры, каб у кожнага арыштанта было сваё спальнае месца. Тыя, з кім мне ўдалося размаўляць, ніякіх такіх жахаў не расказвалі. Прынамсі, каб на 25 квадратных мэтрах утрымлівалася па 50 чалавек — такога цяпер няма, таму што вялікую колькасьць людзей адразу ж этапуюць у Жодзіна, а потым прывозяць толькі на суды.

Нары там мэталічныя, двух’ярусныя. Пасьцельная бялізна, праўда, старая. Выдаецца дзьве прасьціны і наўлечка. Яны ня хатнія, паношаныя. Але нельга сказаць, што зусім анучы. Не рваніна».

Андрэй Комлік-Ямацін

Андрэй Комлік-Ямацін: «Можа, у Азэрбайджане турма падобная да санаторыя. Але на „Валадарцы“ ўсё ня так дрэнна. У гэтага азэрбайджанскага блогера нейкія завышаныя патрабаваньні да турмы.

На „Валадарцы“ ў старым корпусе, у сутарэньнях ёсьць перанаселеныя камэры, іх называюць „Шанхаем“, дзе не хапае спальных месцаў. Бывае так, што чалавекі чатыры сьпяць па чарзе, адны ўначы, а другія днём, уначы седзячы на лаўцы, на так званай „трамвайцы“. А ў новым корпусе свабадней. Прынамсі, пасьцельныя рэчы ёсьць, ня новыя, канечне, але больш-менш прымальныя».

Бытавыя ўмовы, санітарыя і гігіена

Што да бытавых, санітарных умоваў, то адзінае, у чым абодва былыя сядзельцы — і Андрэй Бандарэнка, і Андрэй Комлік-Ямацін — пагаджаюцца з блогерам Лапшыным, — гэта тое, што ўмовы ня вельмі камфортныя.

Андрэй Бандарэнка: «На „Валадарцы“ два карпусы. Адзін зусім стары, дзе падлога бэтонная ці нават напалову асфальтавая. І адносна новы корпус, пабудаваны ў 1980-х. Унітаз, ракавіна ёсьць у кожнай камэры, паколькі гэта міжнароднае патрабаваньне — вадой зьняволеныя павінны быць забясьпечаныя. Вада халодная, толькі ў жаночых камэрах ёсьць цёплая вада. Душ ва ўсіх турмах ёсьць, але асобна ад камэр — так званы „лазьнева-пральны камбінат“. Мыцца водзяць пакамэрна раз на тыдзень — часу даюць ад 15 да 30 хвілін. Часьцей на 15 хвілін, і часу, канечне, мала. Вялікая праблема ўсіх СІЗА і турмаў — немагчымасьць памыць свае рэчы. Таму за гэтыя 15 хвілін трэба пасьпець самому памыцца і яшчэ памыць бялізну. Складана яшчэ высушыць бялізну і рэчы, адмысловых сушылак няма. Душ на „Валадарцы“ даволі ўбогі, дрэннае асьвятленьне, усё старое (у параўнаньні з новымі гомельскай і магілёўскай турмамі, дзе ўсё ў кафлі)».

Андрэй Комлік-Ямацін: «За санітарыяй і гігіенай даволі пільна сочаць сукамэрнікі, асабліва ў шматнаселеных камэрах. Там самарэгуляваная сыстэма, што да гігіены, паколькі шмат людзей у адным месцы. Унітаз, ракавіна ёсьць у кожнай камэры, усё цывільна. Вада толькі халодная. Душ раз на тыдзень.

Што да мыцьця бялізны, можна ў камэры памыць, можна ў душы, тазікі ёсьць. З сушкай праблемы, таму там графік і чарга на мыцьцё бялізны».

Харчаваньне

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, сьпявачка Ірына Дарафеева год таму разам зь іншымі парлямэнтарамі наведала Магілёўскую турму № 4. І пасьля дэгустацыі турэмнага абеду — супу, смажаніны з салёным агурком, кампоту з сушанай садавіны) ацаніла ежу: «Харчаваньне — на вышэйшым узроўні, як у рэстарацыі, прызнаюся шчыра, я нават пакаштавала — вельмі смачна».

Андрэй Бандарэнка: «Што да харчаваньня, сьпявачка Ірына Дарафеева, канечне, перабольшвае, параўноўваючы турэмную ежу з рэстараннай. На „Валадарцы“ ня самае горшае харчаваньне ў параўнаньні зь іншымі папраўчымі ўстановамі, яе можна параўнаць з рабочай сталоўкай сярэдняй рукі. Дарэчы, ва ўсіх турмах гатуюць па адзіных нарматывах. Раніцай, як правіла, аўсяная каша. На абед — суп, другое з гарнірам. На вячэру — зноў каша ў якасьці гарніру (канечне, ня рысавая, ня грэчка, а груцы, прасяная каша, сечка), і рыба альбо мяса. Асаблівых прэтэнзій да ежы там ніколі не было, да таго ж хапае там перадач ад родных і сваякоў. Многім перадаюць па 30 кіляграмаў харчоў на месяц, і казённая ежа бярэцца дзеля гарніру. Калі ацэньваць па пяцібальнай сыстэме, харчаваньне там на чатыры зь мінусам».

Андрэй Комлік-Ямацін: «Што да харчаваньня, мне на „Валадарцы“ больш спадабалася, чым у так званай „амэрыканцы“. У мяне там нават язва зацягнулася зь іхнімі кашамі. На сьняданак заўсёды каша, на абед — супы розныя і, напрыклад, бульба з каўбасой. На вячэру — пюрэ ці макарона з курыцай альбо з рыбай. Я б сказаў, даволі разнастайнае харчаваньне».

Пра мэдычнае абслугоўваньне і маральны стан зьняволеных

Андрэй Бандарэнка: «З мэдычным абслугоўваньнем — праблемы ва ўсіх установах. Па-першае, у турмах няма дастаткова кваліфікаваных лекараў. Паўсюль нястача лекаў. Ад усіх хваробаў даюць асьпірын ці анальгін. На скаргі амаль не рэагуюць. Былі сьмяротныя выпадкі і на „Валадарцы“, і ў Жодзінскай турме.

Але самая вялікая праблема для вязьня — ня ўмовы ўтрыманьня, не харчаваньне, не мэдыцына, а маральны стан, у якім ён знаходзіцца.

Нашы зоны — гэта маральны ГУЛАГ, дзе мэта — не перавыхаваньне асуджанага і вяртаньне яго ў грамадзтва паўнавартасным чалавекам, а маральнае прыніжэньне, нават маральнае забойства гэтага чалавека і ператварэньне яго ў жывога робата, які гатовы падпарадкоўвацца любым загадам. Вялікая праблема зь перапіскай — лісты зьнікаюць, не даходзяць. З абскарджваньнем спагнаньняў, якія цалкам неабгрунтаваныя і выносяцца дзеля таго, каб пазбавіць чалавека ўмоўна-датэрміновага вызваленьня, спатканьняў».

Андрэй Комлік-Ямацін: «З мэдыцынай я сам не сутыкаўся, да лекараў не зьвяртаўся. Але ведаю, што нейкага азэрбайджанца вазілі на абсьледаваньне і нават на УЗІ.

Абыходзіліся са мной больш-менш нармальна, асаблівых скаргаў і крыўдаў няма».

МУС: «Рабіць рэкляму нейкаму блогеру ў нас задачы няма»

Прэсавы сакратар МУС палкоўнік міліцыі Канстанцін Шалькевіч адмовіўся камэнтаваць Свабодзе заявы Аляксандра Лапшына што да ўмоваў утрыманьня ў СІЗА.

«Я не лічу карэктным камэнтаваць заявы нейкага блогера. Раздуваць праблему на голым месцы і рабіць рэкляму блогеру ў нас задачы няма, таму інфармацыйнай падставы я ня бачу», — сказаў Шалькевіч.

Калі паўстане новы СІЗА?

У Калядзічах пад Менскам даўно ўжо будуецца новы сьледчы ізалятар. Пра перанос СІЗА № 1 у новы турэмны комплекс у Калядзічах СМІ пісалі яшчэ ў мінулым дзесяцігодзьдзі. Згодна з указам прэзыдэнта будоўлю трэба было завершыць у 2010–2015 гадах. У 2013-м, аднак, у СМІ зьявіліся зьвесткі пра карупцыйны скандал на турэмнай будоўлі, а таксама паведамленьні, што згодна з указам прэзыдэнта аб’ект павінен быць гатовы ў 2017-м.

У праграмах «Свабода ў турмах» не адзін раз гаварылася пра ўмовы ўтрыманьня на «Валадарцы», пра «Шанхай», VIP-камэры ды іншыя адметнасьці.