«Гэтая задума цалкам расейскага генштабу»
Упершыню падчас гэтых сумесных расейска-беларускіх вучэньняў паводле сцэнару вельмі значная частка Беларусі адасобленая і супрацьпастаўленая ўсёй астатняй краіне ў якасьці патэнцыйнага ворага. Аналізуючы брыфінг начальніка Генштабу Беларусі Алега Белаконева 29 жніўня і сам сцэнар вышкалаў, я раблю выснову, што гэтая задума цалкам расейскага генштабу.
Паводле характару гэтых вучэньняў, дзеяньняў, якія адбываюцца, можна казаць, што тэрыторыя нашай краіны служыць для Расеі буфэрам для вядзеньня баявых дзеяньняў з NATO. Пра гэта сьведчыць перадусім высоўваньне падразьдзяленьняў Заходняй вайсковай акругі ўзброеных сілаў РФ з пунктаў сталай дысьлякацыі ў заходнім кірунку. Гэта наступальныя дзеяньні. Тут няма гаворкі пра абарону, пра якую ўвесь час гавораць прэс-сакратары міністэрстваў абароны і Беларусі, і Расеі.
Заангажаваныя падразьдзяленьні ваявалі на ўсходзе Ўкраіны
Што да верталётнай авіяцыйнай групоўкі, то выяўлена як мінімум 12 гелікоптэраў. Ударныя Ка52 — 5 адзінак, 2 адзінкі транспартна-баявых МІ-35М, і ўдарныя МІ-28Н «Начны паляўнічы». Яны дыслякуюцца на 50-й зьмяшанай авіябазе ў Мачулішчах і па большасьці належаць да пілятажнай групы «Бэркуты» 344-га Таржокскага Цэнтра баявога выкарыстаньня й перавучваньня лётнага складу армейскай авіяцыі. Усе яны выяўленыя паводле відэафіксацыі, якая зьяўляецца на каналах міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі.
Апроч гэтага, мы можам пэўна казаць, што ў вучэньнях на тэрыторыі Беларусі ўдзельнічаюць падразьдзяленьні 4-й танкавай кантэміраўскай дывізіі.
Заангажаваныя таксама падразьдзяленьні 6-й асобнай танкавай брыгады. Пра яе адразу можна прыгадаць, што яна брала непасрэдны ўдзел у баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны. Брыгада сама з Муліна Ніжагародзкай вобласьці.
Апроч гэтага, задзейнічаныя падразьдзелы матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, яны прыехалі яшчэ раней — у ліпені-жніўні. Паводле нашай інфармацыі, выяўленая 69-я асобная брыгада матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня. А яна вядомая тым, што была заангажаваная ў пастаўку пуцінскіх гуманітарных канвояў на Данбас.
Верагодна, прысутнічаюць на Беларусі падразьдзяленьні 2-й мотастралковай Таманскай дывізіі.
Гэта ўсё фармаваньні 1-й танкавай арміі.
У вучэньнях заангажаваныя вайсковыя аб’екты РФ, якія ёсьць на нашай тэрыторыі. Гэта перадусім радыёлякацыйная станцыя сыстэмы папярэджаньня пра ракетны напад, што знаходзіцца каля Ганцавіч, і 43-і вузел сувязі ў Вялейцы.
«Калі ў мірны час такая колькасьць ваенных катастрофаў, то што казаць пра вайну?»
Напярэдадні візыту Пуціна на Лускім палігоне зь верталёта Ка-52 («алігатар») адбываецца міжвольны пуск ракеты клясы «паветра-зямля». У выніку пашкоджаная машына кіраваньня комплексу падаўленьня GSM-сувязі "Леер-3" і два чалавекі атрымалі цяжкія раненьні. Нават калі ў прафэсіяналаў гэта здараецца, то што ўжо казаць пра звычайных вайскоўцаў.
Колькі дзён таму адбылася памылка манэўраваньня стратэгічнага ракетаносьбіта Ту-22М3 на аэрадроме Шайкаўка. Ён быў заангажаваны ў вучэньнях. Гэта істотная небаявая страта, бо гэта стратэгічная авіяцыя. Такія ракетаносьбіты здольныя зьдзяйсьняць ядзерныя ўдары.
Некалькі дзён таму па-за вышкаламі адбылася катастрофа навучальна-баявога самалёта ЯК-130. Два пілёты катапультаваліся, але самалёт разьбіўся.
Літаральна за сьціслы прамежак часу такая колькасьць здарэньняў. Гэта сьведчыць, што падчас імаверных масштабных ваенных дзеяньняў тэрыторыя Расеі можа стаць зонай стыхійнага бедзтва.
«Вайскова-палітычнае кіраўніцтва Беларусі мусіла мінімізаваць удзел у гэтых вучэньнях»
З 2014 году, ад пачатку расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны, цалкам зьмяніўся характар гэтых вучэньняў. Мы маем справу зь дзяржавай, якая ажыцьцяўляе агрэсію супраць дзьвюх краінаў — Украіны і Сырыі. І мы ў гэты момант удзельнічаем зь ёй у супольных стратэгічных вучэньнях. Гэта цалкам мяняе характар усяго, што было раней.
У гэтых умовах найвышэйшае вайскова-палітычнае кіраўніцтва Беларусі мусіла зрабіць усё магчымае, каб мінімізаваць удзел у гэтых вучэньнях. Няхай бы ўдзельнічалі падразьдзяленьні матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, інжынэрныя войскі, транспартныя, але не ангажавацца цалкам у іх. Бо ўсе суседзі гэтым занепакоеныя, абураныя і разумеюць, што Беларусь, на жаль, знаходзіцца пад ваенна-палітычным уплывам Расеі. І для іх гэта (вучэньні Захад-2017. — РС.) канстатацыя гэтага факту.
Паміж Пуціным і Лукашэнкам адбываецца канфлікт, і мы ўсе гэтаму сьведкі
Калі ўлічыць, што раней Аляксандр Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін заўжды сустракаліся (падчас вучэньняў «Захад». — РС), то тое, што яны не сустрэліся гэтым разам, сьведчыць пра супярэчнасьці ў стасунках. Лукашэнка разумее, што ад дзеяньняў узброеных сілаў РФ зыходзіць непасрэдная пагроза для захаваньня ягонай улады. Калі расейцы тут будуць дысьлякавацца, то зразумела, што ён практычна будзе ў стане суцэльнага пратэктарату, ня будзе мець усёй паўнаты ўлады на тэрыторыі Беларусі.
Наколькі ён можа, настолькі ён робіць захады, каб абмежаваць уплыў Расеі на сваю хаця б унутраную палітыку. Бо што да замежнай, то ён цалкам знаходзіцца пад кантролем Расеі.
Пакідаць у Беларусі расейскія войскі пасьля вучэньняў ня мае сэнсу
Усе кажуць, што расейскія войскі могуць застацца. Аднак, па нашых зьвестках, гэта малаверагодна. Бо пакідаць тут войскі вельмі цяжка. Трэба абсталяваць пункты іхняй дыслякацыі, падвозіць харчы, забясьпечыць мэдычна. Гэта вялікія выдаткі, і пакуль пра гэта гаворка не вядзецца, я думаю.
Гаворка ідзе найперш пра тое, што расейцы могуць на тэрыторыі Беларусі пакінуць на базах захоўваньня ўзбраеньні і вайсковую тэхніку. У Беларусі для гэтага ёсьць вялікі патэнцыял, бо такіх базаў было вельмі шмат.
Гэта небясьпечна тым, што падчас пэўнай эскаляцыі і разгортваньня гіпатэтычных баявых дзеяньняў, калі будзе адбывацца рэалізацыя паўнамштабнай вайсковай агрэсіі супраць Украіны, гэтыя вайскоўцы вельмі хутка патрапяць з пунктаў сталай дысьлякацыі да гэтых базаў і зьдзейсьняць усе наступальныя дзеяньні. Характар раптоўнасьці прымяненьня гэтай тэхнікі ўзмацняецца, і для Расеі гэта мае стратэгічнае значэньне.
(Прадстаўнік Міністэрства абароны Ўладзімер Макараў запэўніў Радыё Свабода, што ўсе вайскоўцы і тэхніка РФ, якія ўдзельнічаюць у вучэньнях «Захад-2017», пакінуць Беларусь да 30 верасьня. — РС)
Наша найвышэйшае вайсковае кіраўніцтва дэкляруе, што Беларусь зьяўляецца донарам рэгіянальнай бясьпекі, але краіна на вачох ўсяе ўсясьветнае супольнасьці ператвараецца ў раён міжнароднай напружанасьці.
«Інформнапалм» — валянтэрскі праект, заснаваны ў 2014 годзе для інфармаваньня пра ўдзел Расеі ва ўзброеных канфліктах ва Ўкраіне. Працуе на некалькіх мовах.