Марплз: У Эўропе і Амэрыцы навучыліся мірыцца з Лукашэнкам як зь меншым злом

Дэвід Марплз

Сумесныя вучэньні Беларусі і Расеі «Захад-2017» выклікалі занепакоенасьць у Эўропе і ў Злучаных Штатах. NATO трывожаць і беспрэцэдэнтна буйныя геаграфічныя маштабы вучэньняў, самых вялікіх за ўсю эпоху пасьля заканчэньня халоднай вайны, і разнастайнасьць відаў войскаў, якія ўдзельнічаюць у іх, і адрозьненьне сапраўднай і афіцыйнай лічбаў удзельнікаў вучэньняў. Ды і сама афіцыйная легенда вучэньняў — «адпрацоўка тактыкі процідзеяньня сэпаратыстам на захадзе Беларусі» — выклікае зьдзіўленьне.

Аднак, нават калі змрочныя прагнозы наконт цяперашніх манэўраў ня пацьвердзяцца, Захад будзе, як і раней, адчуваць асьцярогі ў сувязі зь нявызначанасьцю адносінаў Пуціна і Лукашэнкі. Расея фармальна дапусьціла прадстаўнікоў NATO на вучэньні, але дазволіла ім назіраць толькі за невялікай часткай мерапрыемстваў.

Перад стартам «Захад-2017» Украіна падвысіла ступень гатоўнасьці сваіх памежных войскаў, Швэцыя правяла ўласныя маштабныя манэўры, а ЗША накіравалі ў Літву, Латвію і Эстонію дадатковых шэсьцьсот дэсантнікаў і сем патрульных зьнішчальнікаў.

Адсутнасьць празрыстасьці ў намерах Масквы ў сувязі з вучэньнямі прымушае Захад нэрвавацца, асабліва ва ўмовах рэзкага пагаршэньня адносінаў з Расеяй у цэлым, заўважыў у інтэрвію Радыё Свабода прафэсар унівэрсытэту Альбэрты ў Канадзе Дэвід Марплз.

Марплз: Тэрыторыя, на якой адбываюцца вучэньні, вельмі вялікая, і ўласна заходнія раёны Беларусі толькі нязначная яе частка. Гэты чыньнік сам па сабе выклікае непакой. Іншай важнай крыніцай заклапочанасьці зьяўляецца непрадказальны характар адносінаў Расеі і Беларусі — у ваеннай галіне, у галіне беларускага сельгасэкспарту, у пытаньні цэнаў коштаў на энэрганосьбіты, якія Масква прадае Менску, і ў тым, што тычыцца ступені ўдзелу Менску ў розных структурах, у якіх кіруе Расея.

Заляцаньне Менску да ЭЗ, напрыклад, адмена ў лютым візавага рэжыму для грамадзянаў краінаў ЭЗ, таксама, як мне здаецца, не можа не трывожыць Пуціна. Любыя памкненьні Лукашэнкі да незалежнасьці павінныя ўспрымацца Крамлём нэгатыўна, і адказам на яго візавыя навацыі тут жа стаў больш жорсткім памежны рэжым паміж РФ і Беларусьсю. Таму Захад у гэтай абстаноўцы, натуральна, нэрвуецца, памятаючы аб тым, што вайне з Грузіяй і акупацыі Крыму таксама папярэднічалі маштабныя вучэньні расейскай арміі.

Караблі Балтыйскага флёту выйшлі ў мора для ўдзелу ў вучэньнях «Захад-2017»

РС: У пляне супрацоўніцтва Масквы і Менску ў ваеннай галіне вы зьвяртаеце ўвагу на тое, што Расея пэрыядычна просіць Беларусь аб стварэньні базы для сваіх ВПС пад Бабруйскам. І нязьменна атрымлівае адмову.

Марплз: Гэта, строга кажучы, не адмова, а замаруджваньне пытаньня: Лукашэнка ўвільвае, не адказваючы ні так, ні не. У расейскага флёту застаецца вузел сувязі ў Беларусі, але Лукашэнка выдатна разумее, што база і вузел сувязі — гэта палітычна абсалютна розныя рэчы. Вайна ва Ўкраіне адчувальна павялічыла ролю Беларусі ў ваенных разьліках Расіі, і зьяўленьне базы пад Бабруйскам непазьбежна спарадзіла б параўнаньне з Сімфэропалем і было б расцэнена, я мяркую, як замах на сувэрэнітэт Беларусі.

РС: Тое, што Лукашэнка кантактаваў як ні ў чым не бывала з такімі непажаданымі з пункту гледжаньня Крамля пэрсанажамі, як Міхэіл Саакашвілі і Курманбэк Бакіеў, тое, што ён не падпяваў хору «змагароў з фашысцкай хунтай» у Кіеве, не прызнаў сэцэсіі Паўднёвай Асэтыі і Прыднястроўя або анэксіі Крыма таксама, трэба меркаваць, не падвышае яго акцыі ў вачах Масквы.

Марплз: У ААН Беларусь не галасавала па Крыме супраць Расеі, але і ў адкрытую не прызнае зьмену статусу паўвострава. Сьвежы ў памяці час, калі Лукашэнка па-пуцінску сурова распраўляўся з тымі, хто ладзіў публічныя антыўрадавыя акцыі, аднак пасьля памякчэе. Мы бачым, што шараговыя ўдзельнікі пратэстаў супраць падатку на дармаедзтва і з нагоды Дня незалежнасьці былі даволі хутка адпушчаныя на свабоду, абвінавачваньні ім не прадʼяўлялі.

Сам факт пратэстаў разам з адносна лагоднай рэакцыяй на іх судовых органаў насьцярожыў Крэмль: ці не губляе саюзьнік кантроль над сытуацыяй? Непадобна, што так — проста Лукашэнка, разважаючы аб сваім палітычным выжываньні, прыйшоў да высновы, што не можа вечна быць васалам Пуціна, яму неабходна нейкая прастора для манэўру. І гэтую прастору ён здабыў у сувязі з вайной ва Ўкраіне, выступіўшы, пад ухвалы эўрапейцаў і амэрыканцаў, свайго роду пасярэднікам паміж Захадам і Расеяй.

Менск і Брусэль прыйшлі да ўзаемаразуменьня: Лукашэнка параўнальна мякка абыходзіцца з пратэстоўцамі, ЭЗ калі не заплюшчвае вочы, то прыплюшчвае іх на аўтарытарную сутнасьць рэжыму. У выніку тэрміны, якія атрымліваюць асобныя пратэстоўцы, зьменшыліся, але пры гэтым штрафы за антыўрадавую дзейнасьць вырасьлі да завоблачнай вышыні. Лукашэнка такім чынам балянсуе, імгненных стымулаў да ўварваньня ў Расеі няма, травеньская сустрэча Пуціна і Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбургу прайшла ўдала, Захад больш ці менш таксама задаволены існым становішчам рэчаў.

На вучэньнях «Захад-2017» у Беларусі

Супакойвае Маскву збольшага і тое, што пераважная большасьць беларусаў сымпатызуе данбаскім сэпаратыстам і падтрымлівае далучэньне Крыма, — працягвае Дэвід Марплз. — Колькі-небудзь прыкметнай незадаволенасьці сумеснымі ваеннымі вучэньнямі з Расеяй у беларускім грамадзтве не назіраецца. Для параўнаньня: нават пры Януковічы ніякіх манэўраў украінская і расейская арміі разам не праводзілі.

У 90-я гады Лукашэнка быў у кішэні ў Расеі, у нулявыя часта сварыўся з Пуціным, але цяпер навучыўся перасоўвацца паміж струменьчыкамі. Калі б сёньня ён быў гэтак жа палітычна залежны ад Масквы, як у 90-я, і адначасова выкленчваў такія ж фінансавыя падачкі, як у нулявыя, то гэтая камбінацыя, на фоне прыкметнага пагаршэньня эканамічнага становішча Расеі, баюся, гэта скончылася б для Лукашэнкі вельмі сумна.

На вучэньнях «Захад-2017» у Беларусі

«Апошні дыктатар Эўропы», заўважае Дэвід Марплз, апынуўся дакладна не апошнім, а магчыма, і наогул не дыктатарам. Па меншай меры, не паўнавартасным. І кіруе ён у краіне, дзе пачуцьцё дзяржаўнасьці, так выглядае, разьвітае слаба.

Марплз: Я быў у Менску ў красавіку і не адчуў, што народ рэальна чакае расейскага ўварваньня. Я таксама бачыў апытаньні, якія паказвалі на тое, што большасьць беларусаў успрымуць ўварваньне нармальна, калі яно здарыцца. Без энтузіязму, але і без вялікага засмучэньня: маўляў, чаму быць, таго не абмінуць. Падобны настрой грамадзтва робіць Беларусь патэнцыйна вельмі ўразьлівай.

І адначасова ставіць перад Захадам складаную дылему: у якой ступені падтрымліваць лібэральную беларускую апазыцыю, калі яе посьпехі павялічваюць рызыку расейскай інтэрвэнцыі? Прагматызм, мяркую, возьме верх, бо расейскае ўварваньне, калі яно адбудзецца, будзе настолькі імклівым, што NATO не зможа абараніць Беларусь, нават калі б яна была чальцом альянсу. Застаецца спадзявацца, што хаця б сумежныя дзяржавы-чальцы NATO досыць умацуюцца, каб у гэтым пэсымістычным сцэнары расейскае войска не рушыла яшчэ далей.

Беларусь — маленькая краіна з 9,5-мільённым насельніцтвам, якая не мае глыбокіх гандлёва-эканамічных сувязяў ні з Захадам, ні з Усходам. У Эўропе і Амэрыцы разумеюць, што Лукашэнка ня ў стане самастойна зьдзейсьніць прарыў у эканоміцы, але яны навучыліся мірыцца зь ім як з меншым злом, як з чалавекам, якія адстаяў краіну ў якасьці ўтварэньня, асобнага ад Расеі, — падсумаваў прафэсар унівэрсытэта Альбэрты ў Канадзе Дэвід Марплз.