Спачатку ўсіх заінтрыгавала архітэктурная недарэчнасьць — калі ў клясычную «сталінку» нехта вырашыў «убудаваць» імітацыю вясковай хаты. А неўзабаве «ампірны церамок» уразіў чарговай бязглузьдзіцай: на паддашку зьявіўся надпіс на няпэўнай мове — «Батькова хата». Лінгвістычны кентаўр, ужо аднойчы раскрытыкаваны ў якасьці брэнду «крышталёўскай» алькагольнай прадукцыі.
Асацыяцыя з гарэлкай «Батькова» аказалася самай трапнай. У «хацінцы», якая заняла першы паверх элітнага калісьці дому, разьмясьцілася кавярня. Новая шыльда сьведчыць, што яна належыць да вядомай у горадзе сеткі харчовых установаў «Арэна-Піцца». Сёньня гэта цэлае акцыянэрнае таварыства, якое збудавала ў Віцебску некалькі крамаў, рэстарацыяў і кавярняў — аж да экзатычнай «Арэны-сушы». Але дагэтуль сярод іх не было ніводнай страўні з тутэйшым нацыянальным калярытам. І вялікае пытаньне, ці зьявілася такая цяпер.
Кавярні з такім самым назовам ёсьць у Кіеве, у Дніпры, у Львове. Дый інтэр’еры віцебскай кавярні з намаляванымі на тынкаванай печцы сланечнікамі й гарбузамі яўна нагадваюць пра Ўкраіну — прынамсі, у традыцыйным фальклёрна-арнамэнтальным успрыманьні. Але тут жа стаіць самавар з бліскучымі бакамі. А з бакавой сьценкі на наведнікаў глядзяць выявы падпітых аматараў піва зь вялікімі куфлямі і кельнэрка ў нацыянальным уборы няпэўнай нацыянальнасьці. Увесь гэты піўны разгул атачаюць малюнкі кілбасаў, жывых пеўняў, сушанай рыбы, цыбулі, сала ды іншых складнікаў «сялянскага» натурморту... У дадатак, для большай «гістарычнасьці», на сьценах пакінулі незатынкаваныя фрагмэнты цаглянага муру. Мусіць, вы бачылі такое ў старажытных будынках. Але ж гэты — 1956 году...
Абазнаны ў эстэтыцы чалавек мог бы назваць усё гэта эклектыкай — спалучэньнем неспалучальных стыляў, вобразаў і ўяўленьняў. А прасьцей кажучы, дык найбольш сюды пасуе слова «мешаніна». Ну, ці «вінэгрэт» — калі ўжо гаворым пра ўстанову харчаваньня.
Уладальнікі настойваюць, што стварылі харчовы пункт у беларускім стылі. Што ж там засталося беларускага, калі і назоў, і аздабленьне кавярні нічога агульнага зь беларушчынай ня маюць? Апошні мой спадзеў быў на нацыянальнае мэню, але і ён ня спраўдзіўся. «Батькова хата» прапануе гасьцям такія самыя, «перакладзеныя на расейскую», стравы — накшталт "Крупеня грибная«і «Борщ хатни» (мова арыгіналу).
І тут у мяне паўстаюць пытаньні, адрасаваныя ўсім неабыякавым да беларускай аўтэнтычнасьці: ці мае сэнс такая «беларушчына па-расейску»? Калі яна ўжываецца, скажам, на хвалі папулярнасьці вышыванак, але ў расейскім перакладзе і зь няўцямнымі алюзіямі на абагульненыя фальклёрныя вобразы?
Зрэшты, вызначальнае пытаньне тут, напэўна, іншае: каму такая «беларушчына па-расейску» адрасуецца? Хто ў гэтым праекце ёсьць «мэтавай групай»? Яўна ж не беларусы, якія і безь перакладу разумеюць словы «бацька» ды «боршч». І яўна ня госьці з Заходняй Эўропы, цікаўныя да мясцовай экзотыкі, у тым ліку кулінарнай. Бо ні на ангельскай, ні на іншых пашыраных эўрапейскіх мовах у новай віцебскай кавярні няма ні літаркі. Значыцца, найперш тут разьлічваюць на расейскіх турыстаў. Якіх так баяцца абразіць «нацыяналізмам», што нават назву прыдумалі з памылкай! Каб толькі прыяжджалі, заходзілі, плацілі грошыкі, і хай гарыць той нацыянальны калярыт!
Хаця... ня з гэтай кавярні «беларушчына па-расейску» пачалася. І ня ёй, падобна, скончыцца. Памятаеце, была даўней такая лінгвістычная спрэчка наконт слова «кнігарня» і беларускамоўнай шыльды «кніжная крама»? Апошні выраз быў безапэляцыйна залічаны ў русізмы. Дык вось, у Віцебску ўсё яшчэ глыбей: тут ёсьць нават «Кніжны магазін»...
Ці дапамогло гэта віцяблянам «выглядаць за сваіх» у вачох усходніх суседзяў? Хіба што не.
Ці пераканала іх жа ў тым, што беларусы мала цэняць і шануюць сваё? Бадай што так.
Ці здольная «беларушчына па-расейску» паспрыяць фармаваньню беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці, абудзіць патрыятызм, гонар за сваю Радзіму? Не думаю.
А зьяўленьне новай віцебскай кавярні — гэта толькі нагода для вашых разважаньняў і высноваў.
Алена Сьцяпанава