Міністар унутраных справаў Беларусі, старшыня назіральнай рады хакейнага клюбу «Дынама» (Менск) Ігар Шуневіч увайшоў у новы склад рады дырэктараў Кантынэнтальнай хакейнай лігі.
Як паведамляе афіцыйны сайт КХЛ, у карпаратыўны орган кіраваньня ўваходзяць 19 чалавек, кіраўніком пераабраны старшыня рады дырэктараў клюбу СКА (Санкт-Пецярбург) Генадзій Цімчанка.
Сярод новых чальцоў фігуруе прэзыдэнт Фэдэрацыі хакею Расеі, у мінулым легендарны брамнік зборнай СССР Уладзіслаў Трацьяк.
У пераліку прадстаўнікоў агульнай рады 50-гадовы нараджэнец Луганшчыны генэрал-лейтэнант Шуневіч — адзіны дзейны сілавік ды яшчэ ў рангу кіраўніка міністэрства.
Яго атачаюць або прадстаўнікі буйнога бізнэсу — браты Ротэнбэрг, нафтавыя магнаты Кароль і Маганаў, або колішнія зоркі ўсясьветнага хакею — Вячаслаў Фяцісаў, Валеры Каменскі, Уладзіслаў Трацьяк, Яры Куры ды іншыя.
Кіраўніком хакейнага «Дынама» Шуневіч прызначаны ў 2014 годзе. Быў сярод ініцыятараў пашыву хакейнай формы ў месцах зьняволеньня. Першая партыя была прэзэнтаваная напачатку верасьня, незалежных журналістаў на паказ не пусьцілі.