Яна пракамэнтавала заявы праваабаронцаў аб тым, што ўвядзеньне яго было незаконным.
— Яно было не законным, яно было вучэбным. Аб’яўлялася і разьмяшчалася для таго, каб вызначыць, як хутка мы можам інфармаваць людзей пра тое, што праводзіцца ў раёне. Камэнданцкі час быў без практычнага прымяненьня. Гэта мела вучэбны характар: як хутка разьмясьцілі інфармацыю і наколькі тэрмінова змаглі паведаміць народу. Яе разьмясьцілі і зьнялі. А чаму такі ажыятаж, нават неяк цікава. Жыхары прынялі гэта дастойна, апэратыўна, граматна. А ва ўсіх навокал такія пытаньні. Нібыта мы некага недзе ў чымсьці абмежавалі. Мы вучымся абараняць сваю тэрыторыю.
Людміла Карніловіч паведаміла, што на сайце райвыканкаму разьмясьцілі новую інфармацыю, што «ўстанаўленьне камэнданцкага часу праводзілася без практычнага прымяненьня захадаў абмежаваньня і мела выключна вучэбны характар».
Яна ня мае інфармацыі пра тое, што праваабаронцы зьвярнуліся ў Глыбоцкую раённую пракуратуру з заявай, у якой просяць правесьці праверку па факце ўвядзеньня камэнданцкага часу на тэрыторыі раёну.
— Я ня чула, ня ведаю і, напэўна, устрымаюся ад камэнтароў.
Інфармацыя пра ўвядзеньне камэнданцкага часу зьявілася на сайце райвыканкаму 14 верасьня. У ёй гаварылася, што «ў сувязі з правядзеньнем на тэрыторыі Глыбоцкага раёну вучэньняў тэрытарыяльнай абароны і ў рамках стратэгічных вучэньняў узброеных сілаў Беларусі і Расеі „Захад-2017“ у горадзе Глыбокім з 14 да 20 верасьня 2017 году з 22:00 да 6:00 уводзіцца камэнданцкі час».
У адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ваенным становішчы» падчас камэнданцкага часу забараняецца знаходзіцца (безь неабходнасьці) па-за жытлом, перамяшчацца паміж населенымі пунктамі без дакумэнтаў, якія сьведчаць або пацьвярджаюць асобу.
***
Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.
Your browser doesn’t support HTML5
Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.
Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.
Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі.
Міністэрства абароны Беларусi адзначыла «абаронны» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.