«Панове, вы нам не патрэбны!», — Расея супакойвае Эўропу мірным характарам манэўраў

Першы намесьнік кіраўніка камітэту Савета Фэдэрацыі ў абароне і бясьпецы Франц Клінцэвіч

Пасьля завяршэньня вучэньняў «Захад-2017» усе расейскія вайскоўцы, якіх перакінуць у Беларусь, вернуцца на тэрыторыю Расеі. Пра гэта заявіў у Маскве першы намесьнік кіраўніка камітэту Савета Фэдэрацыі ў абароне і бясьпецы Франц Клінцэвіч.

«Ніякіх дамоўленасьцяў зь Беларусьсю пра тое, каб пакінуць нашых вайскоўцаў на працяглы тэрмін, няма. Ніхто не зьбіраецца гэтага рабіць», — цытуе Франца Клінцэвіча «Інтэрфакс».

У адказ на занепакоенасьць кіраўнікоў шэрагу эўрапейскіх дзяржаваў з нагоды манэўраў Франц Клінцэвіч заклікаў іх не турбавацца, бо яны Расеі «не патрэбны»:

«З поўнай упэўненасьцю хачу сказаць: панове, не турбуйцеся. Вы нам не патрэбны. У вучэньнях удзельнічае ўсяго толькі невялікая група вайскоўцаў, якая будзе акрэсьліваць сілы і сродкі».

Клінцэвіч сказаў, што асабіста плянуе прысутнічаць на вучэньнях, якія, падкрэсьліў ён, маюць антытэрарыстычны характар.

Раней намесьнік міністра абароны Расеі Аляксандар Фамін удакладніў, што ўсяго ў вучэньнях на тэрыторыі «саюзнай дзяржавы» будзе задзейнічана каля 70 самалётаў і верталётаў, да 680 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку каля 250 танкаў, да 200 гармат, рэактыўных сыстэмаў залпавага агню і мінамётаў, а таксама 10 караблёў.

«Вучэньні «Захад-2017» мірныя, ніякіх плянаў уварваньня на тэрыторыі суседніх дзяржаў няма, — заявіў армейскі генэрал у інтэрвію радыёстанцыі «Дойчэ вэлле».

***

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Your browser doesn’t support HTML5

Галоўнае пра вучэньні «Захад-2017»

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусi адзначае «абаронны» характар вучэньняў «Захад-2017» і абяцае, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.

«Захад-2017»: усё пра беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні