Анісім: большая частка дэпутатаў вітае пашырэньне беларускай мовы ва ўсіх сфэрах

Алена Анісім

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім расказала пра ўдзел у паседжаньні рабочай групы, якая рыхтуе да другога чытаньня закон «Аб правах спажыўцоў».

Паводле яе, пакуль ня вырашана прынцыповае пытаньне, якое тычыцца выкарыстаньня дзяржаўных моваў, — удзельнікі абмеркаваньня ад розных камісій так і не прыйшлі да кансэнсусу.

Як удакладніла дэпутатка, фармулёўка, якой трымаецца старшыня пастаяннай камісіі адукацыі, культуры і навукі Ігар Марзалюк і якую ў такіх абставінах таксама падтрымлівае яна, прадугледжвае інфармаваньне на беларускай і(або) расейскай мовах. Так сама, як у агульных артыкулах цяперашняга закону «Аб мовах».

У сваю чаргу Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю настойвае на больш радыкальным варыянце — рабіць катэгарычны выбар паміж беларускай або расейскай мовах. Пры гэтым у ведамстве спасылаюцца на тое, што стаяць на варце інтарэсаў бізнэсу. Што, на перакананьне спадарыні Анісім, цалкам супярэчыць закону «Аб правах спажыўцоў», бо ў такой трактоўцы гэта дае карт-блянш на «абарону ад выкарыстаньня дзяржаўнай беларускай мовы прадстаўнікамі асобных кампаній».

«Трэба было бачыць, як прадстаўніца міністэрства нэгатыўна ставіцца да прапановы, на яе думку, „абавязковага выкарыстаньня беларускай мовы“», — адзначыла дэпутатка.

Алена Анісім у інтэрвію Свабодзе ацаніла, ці ўдасца супрацьстаяць лябісцкай палітыцы Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю і ці адчуваецца зацікаўленасьць дэпутатаў захаваць родную мову.

«Хачу сказаць, што значная колькасьць дэпутатаў — не магу замераць, гэта 60 ці 70 адсоткаў — абсалютна нармальна ставіцца да выкарыстаньня беларускай мовы, да пашырэньня яе ў любых сфэрах. Безумоўна, ёсьць і тыя, хто адносіцца непрыхільна, але іх ня так шмат, таму ў цэлым ініцыятыву падтрымліваюць. Іншая справа, што кожны зь іх адразу пралічвае, чым гэта абернецца канкрэтна для яго.

Тым ня менш на ўчорашнім паседжаньні многія адкрыта казалі, што падзяляюць маю пазыцыю ў справе пашырэньня ўжываньня беларускай мовы. Думаю, што нават падрыхтоўка законапраектаў для прыняцьця адразу на дзьвюх мовах, калі яна ня будзе вымагаць нейкіх вялікіх фінансавых выдаткаў ці мы зможам гэта арганізаваць праз грамадзянскую супольнасьць, то гэта таксама знойдзе падтрымку сярод дэпутатаў».

Алена Анісім не сумняваецца, што ніводзін айчынны вытворца ня будзе выступаць супраць выкарыстаньня абедзьвюх дзяржаўных моваў. І прапанаваная ёй фармулёўка такія магчымасьці выключна пашырае. Яна ўсьцешаная, што многія калегі падтрымалі такую пазыцыю ў дачыненьні да дзяржаўнай беларускай мовы як падчас абмеркаваньня, так і ў цэлым.

«Я разумею, што шмат хто зараз абрынецца на мяне з крытыкай наконт адзінай дзяржаўнай мовы, — падсумоўвае Алена Анісім. — Але мы толькі тады зможам чагосьці рэальна дасягнуць у пляне пашырэньня беларускай мовы, калі будзем мець узгодненую пазыцыю, працаваць супольна, зважаючы на рэальную сытуацыю, і плянаваць рэальныя вынікі ў гэтых умовах».

Спадарыня Анісім разьлічвае, што неўзабаве адбудзецца яшчэ адно паседжаньне рабочай групы, падчас якога праект закону «Аб правах спажыўцоў» задаволіць усе зацікаўленыя бакі.