Нарэшце збылася мара нашых ваяк. Яны даўно рыхтаваліся. Без рэальнага спадзяваньня, што нехта сапраўды прыедзе. Не лічыць жа сапраўды замежнымі пісак зь Серпухава ці з Кандалакшы. А тут табе і туркі, і фіны ды іншыя канадцы і штатаўцы. І карэйцы, і японцы, і катарцы. Толькі Новая Зэляндыя не прышле ды з Папуа і Новай Гвінэі нікога ня будзе.
Сапраўды посьпех!
Усе адказы на пытаньні вывучаныя наперад.
Праўда, у якасьці замежных карэспандэнтаў гэтым разам ня будуць выступаць студэнты-журналісты з БДУ, як было калісьці. І пытаньні хутчэй будуць вастрэйшыя. Ваякі хвалююцца. Іх можна зразумець.
Вось было раней прыўкрасна! «Вашы салдаты абжэрліся зялёных яблык, у іх бягунка! Як змагаецеся?» — правакацыйна пачынае замежны пісака. А мы яму: спакойна, сытуацыя пад кантролем, далі ім таблеткі, далі вугаль, перавялі на дыету. Абароназдольнасьць не пацярпела ні на ёту…
Мне няцяжка насачыняць сваіх пытаньняў у падобным рэчышчы. Але пра яблыкі — аўтэнтычнае. У сваім даўнейшым інтэрвію генэрал Белаконеў раскрыў толькі яго. Аб іншых «каверзных» прамаўчаў. Інтэрвію надрукавала газэта «Вечерний Гродно». Белаконеў быў тады палкоўнікам і ўзначальваў брыгаду. Казалі, што яму так падабалася служба ў Горадні, сам горад менавіта, што каб не пакідаць яго, перайшоў намесьнікам абласнога ваенкама. Таксама нібы пасада, але звычайна так завяршаюць кар’еру — у ваенкамаце. Аднак яго яшчэ чакала бліскучая будучыня.
Пазьней былі Калодзішчы, камандаваньне сіламі спэцыяльных апэрацый. Затым — генштаб, міністэрства абароны.
Брыгада ў Горадні, ваенны камісарыят вобласьці, ці ня там псыхалягічна карані прыдуманай краіны Вяйшнорыі, прадстаўленай генэралам перад вучэньнямі «Захад-2017», якая выклікала столькі эмоцый?
Палкоўнік Белаконеў расказаў тады «Вечернему Гродно», што трэніроўкі з «замежнымі карэспандэнтамі» запісваліся на відэа. З мэтай разбору палётаў. І што часам хацелася стукнуць кулаком па сталу і выгнаць пісак.
Чаму яму Горадня спадабалася? Таму напэўна, што трапіў сюды зь Нямеччыны, дзе служыў у Заходняй групе войскаў пасьля сібірскага вучылішча. Там запомніліся чыстыя вуліцы, тое, што агароды не засаджаныя бульбай, і што народ не бярэ каўбасу палкамі.
Густы палкоўніка маглі памяняцца, але ў Горадні яму падабалася кніга «48 законаў улады», дзе на прыкладзе вядомых людзей — цароў і палкаводцаў можна было знайсьці адказ на любое пытаньне. А дэвізам у жыцьці было — не прыніжацца дзеля службовай кар’еры. І такое вельмі чалавечае прызнаньне наконт музычнага выбару: італьянская эстрада 1980-х. Не «Бацяня камбат», не Газманаў, а «Фэлічыта» і гэтак далей.
Што датычыць вучэньняў, на якія зараз прыбудуць трыста замежных карэспандэнтаў, то зь сярэдзіны жніўня на дарогах Гарадзеншчыны паявілася вайсковая тэхніка. Расейскіх афіцэраў я ўбачыў у Горадні на чыгуначным вакзале 17 жніўня. Што за дзіва: пішуць жа ўпарта, што ў нас, у «Вяйшнорыі», гэтым разам нічога нібыта ня будзе… А наогул мне расейцы нават спадабаліся звонку. Фуражкі, форма, шэўроны — скрыжаваныя якары, усё больш цікавае, у нашых фуражкі ды астатняе — савецкая армія дый годзе.
Шчыра цешыць, што на нашым палігоне ў Гожы, які нярэдка быў асноўным, страляніны ня будзе. А то і Мядзьведзеў там, і Пуцін пабывалі, а галоўнакамандуючы дык кожны раз. А было ж калісьці нават — Ганчарык на плошчы каля Леніна выступае. Выбары прэзыдэнцкія! А ў Гожы кананада артылерыйская. А сам «бацька» фарсіруе ў амфібіі Нёман. Блізка ад Аўгустоўскага каналу. Падабалася вучэньні праводзіць пад самым носам у палякаў і літоўцаў адначасова.
Цяпер не, цяпер у нас яны — замежныя турысты, прошэ пана, лаба дзена, прыглашаем на Аўгустоўскі канал і ў горад Гродна ў бязьвізавым рэжыме. Гарматы будуць маўчаць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.