Большасьць рагінг’я прыбываюць у Бангладэш пешшу або на лодках уздоўж 278-кілямэтровай мяжы паміж Бангладэш і М’янмай.
Пасьля нападу паўстанцаў на паліцэйскія блёкпасты ўлады М’янмы пачалі ваенную апэрацыю ў штаце Ракхайн. У выніку сутыкненьняў загінулі больш за 400 чалавек, паведамлялася пра ахвяры сярод мірнага насельніцтва і падпалы дамоў.
Гуманітарнай місіі ААН давялося прыпыніць дзейнасьць у рэгіёне пасьля таго, як улады М’янмы абвінавацілі арганізацыю ў падтрымцы паўстанцаў. Уцекачам дапамагаюць супрацоўнікі Чырвонага крыжа. Лягеры уцекачоў перапоўненыя, тысячы людзей галадаюць.
У М’янме, большасьць насельніцтва якой складаюць будысты, этнічная група рагінг’я, якая вызнае ў асноўным іслам, заяўляе пра перасьлед з боку ўладаў. Крывавыя сутыкненьні ў рэгіёне здараюцца ўжо ня першае дзесяцігодзьдзе. Калі яны абвастрыліся ў 2012 годзе, больш як 100 000 рагінг’я мусілі пакінуць свае дамы. Яны знайшлі прытулак у лягерах для ўнутрана перамешчаных асобаў. У той жа час у іншых месцах М’янмы таксама жыве шмат мусульман, і дачыненьні паміж імі і будыстамі пераважна спакойныя — хоць апошнім часам, на фоне канфлікту з рагінг’я, напружанасьць пачала ўзьнікаць і там.