Адміністрацыя Facebook заявіла, што яе ўнутранае расьсьледаваньне выявіла ў сацсетцы тысячы пастоў з палітычнай рэклямай, якія былі апублікаваныя з фальшывых акаўнтаў, як мяркуецца, зьвязаных з Расеяй.
Гэта падмацавала падазрэньні ў расейскім умяшаньні ў леташнія выбары ў ЗША, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Як паведаміла ў сераду кіраўніцтва сацыяльнай сеткі, хоць у рэклямах наўпрост ня згадваліся канкрэтныя кандыдаты, пасты былі прысьвечаныя праблемным сацыяльным пытаньням, такім як іміграцыя, міжрасавыя адносіны і кантроль над абаротам зброі.
Атрымалася прасачыць, што фальшывыя акаўнты зьвязаныя зь пецярбурскай арганізацыяй, якая вядомая тым, што займаецца прасоўваньнем пазыцыяў расейскага ўраду з фальшывых акаўнтаў у сацсетках. У пэрыяд з чэрвеня 2015 году па травень 2017 году з 470 акаўнтаў было апублікавана каля 3000 рэклямных пастоў на агульную суму 100 000 даляраў.
Пра выяўленую рэкляму паведаміў у сваім блогу кіраўнік сыстэмы бясьпекі Facebook Алекс Стамас, які заявіў, што кампанія супрацоўнічае з фэдэральным расьсьледаваньнем па гэтай справе.
Расьсьледаваньне аб расейскім умяшаньні ў выбары і магчымай змове паміж набліжанымі прэзыдэнта Дональда Трампа і Масквой узначальвае спэцыяльны пракурор Робэрт Мюлер.
Вядучы дэмакрат у сталым камітэце па выведцы Палаты прадстаўнікоў Адам Шыф у сераду апублікаваў заяву: «У рамках расьсьледаваньня расейскага ўмяшаньня ў выбары 2016 году нас вельмі цікавіць тое, як Расея карысталася сацыяльнымі сеткамі, распаўсюджваючы ілжывую інфармацыю і прапаганду праз ботаў і троляў, у тым ліку шляхам публікацыі платных анлайн-аб’яваў».
У Facebook заявілі, што далейшае расьсьледаваньне выявіла яшчэ 2 200 рэклямных пастоў коштам каля 50 000 даляраў, якія таксама маглі быць справай рук Расеі, паколькі апублікаваныя з акаўнтаў з амэрыканскімі IP-адрасамі, але рускамоўнымі наладамі.
Усе акаўнты, пра якія ідзе гаворка, былі заблякаваныя.
Пасьля выбараў ад Facebook настойліва патрабуюць абмежаваць плыні ілжывай інфармацыі. Кампанія прызналася, што ўрады і іншыя інтарэсы выкарыстоўваюць мэханізмы сацсетак для маніпуляваньня грамадзкай думкай, у тым ліку падчас прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША і Францыі.