У Фрунзенскім раённым судзе Менску ідзе працэс над мазыранамі Валянцінам Шубічам і Андрэем Іваненкам, якіх вінавацяць паводле 2 і 3 частак 328 артыкула Крымінальнага кодэксу — распаўсюд наркотыкаў у складзе арганізаванай групы.
Маладым людзям пагражаюць тэрміны больш за 10 гадоў. У грамадзкай ініцыятыве «Рух 328», якая абʼядноўвае маці і сваякоў асуджаных за распаўсюд наркотыкаў, кажуць, што «гэтых хлопцаў зьбівалі арматурай, каб яны агаварылі сябе, прызналіся ў тым, чаго не было, але ў судзе яны паведамілі, як здабывалі тыя паказаньні».
«Наркотыкі былі, але для ўласнага ўжываньня»
Сястра Валянціна Шубіча Ірына прыехала з Гомля, каб у судзе падтрымаць брата. Кажа, што была шакаваная, калі ў першы дзень працэсу брат расказаў, як міліцыянты выбівалі зь яго паказаньні. Што клалі на падлогу і білі «нечым цьвёрдым і цяжкім» па сьпіне, а яшчэ душылі.
Пазьней Ірына прачытала на форумах, што гэтыя «цьвёрдыя прадметы» — мэталічныя пруты, арматура.
Пра тое самае на судзе расказаў і меркаваны саўдзельнік Валянціна, ягоны сябар Андрэй Іваненка. Сябры прасілі прабачэньня адзін у аднаго, што пад катаваньнямі адзін аднаго агаварылі.
Ірына мяркуе, што яе брат ня быў наркадылерам, а справу сьледчыя сфальшавалі дзеля справаздачы — што нібыта пасьпяхова змагаюцца з наркотыкамі. А наконт таго, што пры затрыманьні ў Шубіча знайшлі гашыш і ён гэта прызнае, дзяўчына кажа: «Дык тое ж для сябе».
Валянцін Шубіч і Андрэй Іваненка за кратамі з 14 чэрвеня. Тады ў кватэру Андрэя, дзе ён пражываў са сваёй дзяўчынай Алінай, уварваліся людзі са зброяй і ў масках, зламалі дзьверы.
«Цялесных пашкоджаньняў ня бачыў», — сьведка
Павал Хадасок быў сьведкам ператрусу ў кватэры Іваненкі. Празь відэасувязь з Мазыром (па скайпе) сьведка расказаў, як яго запрасілі на працэдуру ператрусу. На лесьвічнай пляцоўцы ўжо стаялі ў кайданках Шубіч і Іваненка ды «нейкая дзяўчына». У Шубіча з кішэні дасталі невялікі скрутак з наркотыкам. Гэта быў гашыш, і Шубіч прызнаваў, што наркотык ягоны. І яшчэ — што Іваненка на пытаньне пра наяўнасьць у кватэры наркотыкаў ці зброі сам паказаў месца каля лядоўні, дзе захоўвалася пласьціна гашышу, слоік зь «нейкім парашком памаранчавага колеру» (як выявілася — псыхатропам) і вага.
«Сьлядоў зьбіцьця на тварах, як і парванай адзежы, на затрыманых ня бачыў», — запэўніў суд сьведка. Тое самае паказаў і другі сьведка з Мазыра Д., які таксама назіраў за ператрусам у кватэры меркаванага наркадылера. Прычым абодва сьведкі заявілі, што ня памятаюць, каб міліцыянты распытвалі затрыманых Шубіча і Іваненку, адкуль у іх наркатычныя рэчывы, і ня памятаюць, каб тыя самі нешта казалі пра паходжаньне наркотыкаў.