Літоўская міністарка выступае супраць беларускага балету «Вітаўт».
«З улікам намаганьняў нашых усходніх суседзяў выкарыстоўваць культуру і мастацтва як інструмэнты „мяккай сілы“, арганізацыю такіх мерапрыемстваў прама перад 16 лютага трэба разглядаць як правакацыю», — сказала яна.
Каго яна называе «ўсходнімі суседзямі»? Мы езьдзім у Літву на поўнач, значыць Беларусь знаходзіцца на поўдні, Горадня, Менск, і пагатоў — больш паўднёвыя мясьціны. Як у Літве выкладаюць геаграфію? Так, Латвія зь Беларусьсю, у якія літоўская тэрыторыя нібы ўкліньваецца, таксама і ўсходнія межы яе абымаюць. Дык каго яна мае на ўвазе? Латышоў і беларусаў? Ці пад «усходнімі суседзямі» міністаркай маюцца наўвазе іншыя?
Але пры чым тут беларускі балет «Вітаўт» тады?
У апошнія гады мне даводзілася размаўляць зь літоўскімі дыпляматамі. Яны выказваліся заўсёды памяркоўна: Вялікае княства Літоўскае — наша супольная спадчына, было краінай нашых народаў. Але дыпляматам уласьціва выказвацца дыпляматычна.
А варта наведацца ў музэй дзяржаўнасьці ВКЛ, што ў адбудаваным палацы вялікіх князёў, і ранейшы аптымізм зьнікае. Пра беларусаў вы там згадкі ня знойдзеце. Вось вам Кіеўская Русь, вось вам Масковія. Вось, калі вельмі хочацца, княгіня Віцебская. Бадай усё.
Мой сэнтымэнт да Літвы ператвараецца ў горыч, калі аглядаю экспазыцыю. Мне ўсё гэта так ці інакш вядомае, але. Вось выява знакамітай карціны Лукаса Кранаха і подпіс: «Перамога літоўскай арміі ў бітве пад Воршай». Як «літоўскай арміі»? Якую яна мае сёньня, скажыце? У параўнаньні зь беларускай? Такую прыблізна і тады мела напэўна. Побач з харугвамі зь беларускіх земляў — больш сьціплую. Гісторыкам няцяжка падлічыць. Гэта была армія ВКЛ. Але калі паддацца музэйным чарам, то выйшаў на вуліцу —і вось вам тая ж самая літоўская армія. Не зважайце, што ў дзесяць ці ў дваццаць разоў меншая. Бітву пад Воршай выйгарала зусім не «літоўская» армія ў цяперашнім разуменьні слова. І стваральнікам музэю гэта вядома. Дык навошта маніць?
Успамінаюцца ў музэі пастаянна гарады не літоўскія — Горадня, Полацак. Дык чаму не напісаць у дужках для замежных турыстаў, што гэта беларускія гарады? Не, ніколі!
Яшчэ адзін прыклад: пішуць, што Стэфан Баторы некалькі разоў наведваў Вільню. І — чытаем — «безумоўна» жыў у Вільні. Зьвестак аб гэтым, аднак, няма. Лёгіка якая? Бо ў яго там была рэзыдэнцыя, якая «падтрымлівалася». І нібы скрозь зубы ніжэй: але ён часьцей спыняўся ў Горадні, дзе перабудаваў замак у палац. Колькі Стэфан Баторы пражыў у Горадні (дзе й памёр) ёсьць дакладныя зьвесткі. І там была ягоная сапраўдная рэзыдэнцыя, дзе жыў, прымаў амбасадараў, вёў дзяржаўныя справы. Горадня для яго была важнейшай. Дык чаму не напісаць дакладна, як усё і было? Што рэзыдэнцыя ў Вільні існавала, але зьвестак, што ён там спыняўся, не захавалася.
І чаму літоўскую міністарку абурае беларускі балет «Вітаўт»? Агульнавядома, што Вітаўт быў гарадзенскім князем. Гэта міністарку не бянтэжыць?
А як ставіцца беларусам да таго, што ў літоўцаў тыя ж вядомыя гістарычныя асобы —Казімір Лышчынскі, Казімір Семяновіч — проста «літоўцы»? Урэшце ўспамінаецца «полацкі біскуп Іясафат Кунцэвіч». Ён быў уніяцкім сьвятаром, а літоўцы ўніятамі, як вядома, не былі. Дык чаму не напісаць некалькі сказаў — патлумачыць турыстам што да чаго?
Ясна, Беларусь на ўзроўні дзяржавы палегчыла толькі паўночным суседзям справу, выкінуўшы на сьметнік герб Пагоня, перасьледуючы за яго беларускіх патрыётаў. Дзяржава РБ адмовіліся тым самым ад нашай спадчыны: няхай літоўцы робяць зь ёю што хочуць. Так што міністарка можа спаць спакойна ў сваёй Вільні насамрэч.
Хаця пачцівасьць, як вядома, вымагае сьціпласьці. Але яны лічаць, чаго саромецца паўднёвага суседа, калі ён капусту лапцем прывык сёрбаць?
Дарма што мае памеры трох балтыйскіх рэспублік разам узятых.
А наогул як можна ставіць міністрам культуры чалавека, які ня ведае, што Вялікае княства Літоўскае — наша супольная спадчына, што яно было краінай нашых народаў? Беларусаў, якія тады так не называліся, і літоўцаў, якія таксама мелі іншае імя.
Уявіце сабе міністра культуры, які замест таго, каб пайсьці на балет і пацікавіцца — як братэрскі народ, некалі «старшы брат» літоўцаў у ВКЛ, успрымае свайго вялікага князя Вітаўта, як увасабляе яго ў мастацтве, называе яшчэ толькі плянаваны спэктакль «правакацыяй»?!
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.