Аляксей Мілюкоў, сын бабруйскага блогера Алега Жалнова, аб'явіў галадоўку ў папраўчай калёніі ў Горках. Пра гэта стала вядома ад ягонага адваката, які сустрэўся з асуджаным 4 верасьня, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
«Адваката на працягу некалькіх дзён не дапускалі да Аляксея, а калі нарэшце выдалі пропуск, супрацоўнікі калёніі сказалі, што сын адмовіўся сустракацца зь ім, — распавёў „Вясьне” Алег Жалноў. — Сустрэча ўсё ж адбылася, і сын распавёў, што ў калёніі яго правакуюць на агрэсію і прымяненьне фізычнай сілы, некалькі разоў спрабавалі зьмясьціць у камэру са зьняволенымі зь нізкім сацыяльным статусам, але ён адмовіўся. На знак пратэсту супраць такіх дзеяньняў адміністрацыі калёніі ён быў вымушаны аб‘явіць галадоўку».
Акрамя гэтага, паводле бацькі, неаднаразова Аляксея Мілюкова зьмяшчалі ў ШЫЗО, пазбавілі перадач і спатканьняў з роднымі, перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу. Усяго на асуджанага накладзена 16 спагнаньняў, у тым ліку за тое, што ён ня мае кашулі і галаўнога ўбору, якія яму былі абавязаныя выдаць у калёніі, але так і ня выдалі.
Алег Жалноў зьвязвае ціск на Аляксея з боку адміністрацыі калёніі са сваёй актыўнай палітычнай дзейнасьцю. Ён не выключае, што тэрмін сына могуць павялічыць праз выкарыстаньне артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу, улічваючы, што на яго накладзена дастаткова спагнаньняў за парушэньне ўмоваў утрыманьня ў калёніі.
Нагадаем, у ліпені 2014 году Аляксей Мілюкоў быў асуджаны на тры гады «хіміі» і атрымаў штраф — 50 мільёнаў рублёў. Суд прызнаў яго вінаватым у нанясеньні маральнай і фізычнай шкоды супрацоўніку ДАІ. У верасьні 2016 году ён быў асуджаны паводле артыкулу 415 Крымінальнага кодэксу нібыта за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі і зьмешчаны ў Горацкую калёнію.