У Навінках паставілі помнік псыхіятрычным пацыентам, зьнішчаным нацыстамі

Адкрыцьцё мэмарыяльнага знаку ў Навінках. Фота Вольгі Савіч

5 верасьня на тэрыторыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя адкрыты мэмарыяльны знак у памяць пра пацыентаў, забітых нацыстамі ў 1941 годзе ў Навінках.

На помніку зьмешчаны надпіс: «У знак памяці і павагі чалавечай годнасьці пацыентаў псыхіятрычнай бальніцы і працоўнай калёніі „Навінкі“, забітых нацысцкімі акупантамі ў 1941 годзе».

Скульптарам мэмарыяльнага знаку стаў Ігар Засімовіч.

Адзін з ініцыятараў устаноўкі мэмарыяльнага знаку кіраўнік Цэнтра публічнай гісторыі Эўрапейскага каледжу Liberal Arts (ECLAB) Аляксей Братачкін расказаў карэспандэнту Свабоды, як узьнікла ідэя ўшанаваньня памяці псыхіятрычных пацыентаў.

«У канцы 2016 году адбылася выстава ў „Галерэі Ў“ пад назвай „Ад дэгумнаізацыі да забойства. Лёс псыхіятрычных пацыентаў Беларусі ў 1941-1944 гадах“. Выстава адбывалася пры падтрымцы нямецкага фонду „Памяць, адказнасьць і будучыня“. Тады ўзьнікла ідэя зрабіць мэмарыяльны знак. Сярод тых, хто рыхтаваў выставу, быў таксама псыхіятар Алег Айзбэрг, які працуе ў Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі. Было вырашана зьвязацца з РНПЦ псыхічнага здароўя і прапанваць паставіць помнік. Фактычна гэта была ініцыятыва Цэнтра публічнай гісторыі ECLAB і мая асабістая. Сродкі на памятны знак мы шукалі самі», распавёў Аляксей Братачкін.

Паводле Братачкіна, тэма ахвяраў вайны з псыхіятрычных клінік пачала абмяркоўвацца толькі з 2000-х гадоў.

«Паралельна з выставай яшчэ выдалі кнігу на нямецкай мове Аляксандра Фрыдмана і прафэсара Райнэра Худэмана, якія дасьледавалі розныя катэгорыі ахвяраў вайны, у тым ліку і псыхіятрычных пацыентаў ва Ўсходняй Эўропе», — кажа гісторык.

У адкрыцьці помніка ўзяў удзел дырэктар РНПЦ псыхічнага здароўя Аляксандар Старцаў і прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя.