Вітаўт і Каліноўскі як «правакацыя»: калі скончацца крыкі «нас абакралі!»

Севярын Квяткоўскі

«Балет і Вітаўт» — так я замяніў для сябе вядомы мэм «кіно і немцы», калі чытаў пра заяву міністаркі культуры Літвы Ліяны Руокіце-Ёнсан з нагоды плянаў паказаць у студзені 2018 у Вільні беларускі балет «Вітаўт».

Паводле сп-ні міністаркі, рабіць такі падарунак да 100-годзьдзя аднаўленьня літоўскай дзяржаўнасьці ў 1918 годзе — гэта «дэманстрацыя мяккай сілы» і «правакацыя».

Vadzim Prakopčyk жартуе: «Парэшткі Каліноўскага і Серакоўскага на гары Гедыміна — таксама правакацыя».

Маецца на ўвазе, што Каліноўскага няма ў пантэоне герояў сучасных літоўцаў. А таму ёсьць праблема, бо галоўная гара краіны ў цэнтры сталіцы, дзе знайшлі парэшткі паўстанцаў, можа ператварыцца ў месца паломніцтва замежнікаў, то бок — беларусаў.

Магчыма, у сваёй рэзкай рэакцыі сп-ня Руокіце-Ёнсан сыходзіць з таго, што Беларусь палітычны і вайсковы саюзьнік Расеі, і што Расея праз Беларусь цісьне «мяккай сілай» з мэтай падарваць незалежнасьць Літвы. А тут яшчэ Каліноўскі, які акурат адзін з самых заўважных герояў беларускай гісторыі. Магчыма.

Але ў чым сіла, якая «мяккая»? «У першым акце балету „Вітаўт“ паказана гісторыя сяброўства Вітаўта і Ягайлы і іх канфлікт празь дзяўчыну Ганну». Калі чытаеш лібрэта, бачыш сюжэт, пабудаваны на сардэчных справах.

Магчыма, «правакацыя» у тым, што беларусы ўспрымаюць асобу вялікага князя Вітаўта як сваю гістарычную постаць?

Усім пяці краінам-суседкам давядзецца прыняць, што беларусы маюць сваю візію.

Нашы суседзі яшчэ маюць уведаць багата новага для сябе: як у Беларусі ўяўляюць уласную гісторыю. Усім пяці краінам-суседкам давядзецца прыняць, што беларусы маюць сваю — адрозную ад савецкай/расейскай — візію, якая панавала доўгія гады, і ўспрымалася ў суседзяў як дадзенасьць.

Я перакананы што як і большасьць беларусаў, у менскім Тэатры опэры і балета ня ведаюць што ў Літве раўніва ставяцца да таго, што беларусы лічаць гісторыю ВКЛ сваёй. Проста прапанавалі для прэзэнтацыі ў Вільні найлепшае з апошняга рэпэртуару.

Стась Раманчук: «Нашай мяккай сiлай будзе тое, што мы будзем пазьбягаць канфрантацыi i мовы варожасьцi, а наадварот, будзем сыходзiць з таго, што летувiсы нам браты».

У ідэале было б добра, каб сп-ня міністарка сыходзіла з таго ж пасылу, а не ўжывала мову варожасьці.

Тым больш, супольнае бачаньне агульнай гісторыі ўсё роўна давядзецца выпрацоўваць разам. Пераадольваючы акопны нацыяналізм, які застаўся нам у спадчыну з ХІХ ст.

«Нас абакралі!», — крычаць многія і ў Літве, і ў Беларусі, калі заходзіць гаворка пра ВКЛ. Адны вінавацяць іншых у несправядлівасьці, не разумеючы, што адзіны арганізам непадзельны. ВКЛ — наша!

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.