Легенда вучэньняў «Захад-2017», абнародаваная начальнікам генштабу ўзброеных сілаў Беларусі Алегам Белаконевым, спарадзіла ў Байнэце хвалю жартаў, сьцёбу, жабаў, мэмаў.
Паводле сцэнару на Беларусь і Расею нападаюць тры суседнія ўмоўныя дзяржавы — Весбарыя, Лубенія і Вяйшнорыя. Пры гэтым калі першыя дзьве месьцяцца на тэрыторыі існых Польшчы, Літвы і Латвіі, то апошняя — частка сучаснай Рэспублікі Беларусь. І пайшла весялуха — «МЗС Вяйшнорыі заяўляе», «вайна Вяйшнорыі з Беларусьсю» і гэтак далей. Забаўна, прыкольна. А мне чамусьці не.
Існуюць розныя практыкі пазначэньня праціўнікаў на вучэньнях. Часам яны пазначаюцца абсалютна ўмоўна — «сінія» супраць «зялёных», бывае, што абодвум бакам даюць назвы ўмоўных краінаў без прывязкі да існага палітычнага падзелу сьвету. Скажам, у 2014 годзе ў Расеі былі вучэньні, на якіх імітаваўся канфлікт паміж Мурманіяй і Ураліяй, Мурманія была лякалізаваная ў межах Заходняй вайсковай акругі Расеі, Уралія — у межах Цэнтральнай вайсковай акругі РФ. Ні Ўралія, ні Мурманія не былі Расеяй.
Ёсьць досьвед вучэньняў, сцэнары якіх прадугледжваюць барацьбу існых дзяржаваў зь нейкай няпэўнай суседняй дзяржавай. Такімі былі сцэнары беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2009» і «Захад-2013». Там існыя Беларусь і Расея адбівалі напад «дзяржавы С».
Ёсьць досьвед альянсу NATO і паасобных яго чальцоў. У некалькіх вучэньнях у Польшчы і краінах Балтыі ў сцэнарах адным бокам быў NATO, прынамсі, гэтыя краіны, якія адбівалі напад умоўнай краіны Ботніі і яе сатэлітаў, якую памясьцілі на тэрыторыю Нарвэгіі і Фінляндыі. Нарэшце, Літва нядаўна правяла вучэньні па адбіцьці нападу з поўдня з боку нейкай умоўнай Удзіі, назва якой сугучная з літоўскай назвай Беларусі. У гэтым сэнсе Удзія — прыкладна тое ж, што Весбарыя і Лубенія ў сцэнары «Захад-2017». Крышачку на мяжы фолу, але менавіта на мяжы.
У легендаваньні, выпрацоўцы сцэнароў арганізатары вучэньняў заўсёды стаяць перад дылемай: вызначыць праціўніка ці абодва бакі зусім ужо абстрактнымі — зрабіць сцэнар вучэньняў непраўдападобным, нерэалістычным, абазначыць у якасьці ўмоўнага праціўніка рэальнага патэнцыйнага праціўніка — атрымаць палітычныя праблемы з адпаведнай краінай, а тое нават і ваенныя падчас вучэньняў з такім занадта рэалістычным сцэнаром.
Ва ўсіх вышэй пазначаных выпадках усе выдатна разумелі, хто маецца на ўвазе. Але ёсьць пэўны этыкет і нацыянальныя пачуцьці. Ня мог альянс NATO назваць Ботнію Расеяй, не маглі Беларусь і Расея назваць «краіну С» Польшчай.
У распрацоўцы сцэнару вучэньняў «Захад-2017» гэтую этыку і балянс у межах дылемы нібыта спрабавалі захаваць. Акрамя аднаго, насамрэч беспрэцэдэнтнага, моманту.
Весбарыя і Лубенія — Бог зь імі, хацелася надаць рэалізму. У пэўным сэнсе добра (у межах кепскага), што гэтыя ўяўныя і ўмоўныя краіны-агрэсары — на захад, а не на поўдзень ад межаў Беларусі. Была б існая, а не ўмоўная, Украіна пазначаная нават умоўным праціўнікам Беларусі і Расеі на гэтых вучэньнях — небясьпека ад іх павялічылася б у разы. Прычым, небясьпека абсалютна практычная.
Але і ў існым сцэнары вучэньняў велізарная небясьпека насамрэч прысутнічае. Ня тое, каб наўпроставая ваенная — ай, Расея захопіць Беларусь. У гэта, мяркую, мала вераць нават тыя, што агучвае падобныя алярмічныя прагнозы. Дык а ў чым небясьпека? А ў Вейшнорыі, у выкліку мэтафізыцы, магіі дзяржаўнасьці.
Што я маю на ўвазе? Тое, што не магу ўявіць сабе расейскага генэрала, які распрацуе сцэнар вучэньняў, а тым больш пакажа іх мапу, на якой пазначаны адзін бок — Расея, а на другім — нейкая частка таго, што ў Расеі зараз лічыцца яе неад’емнай часткай. Прычым няважна што — Крым, Далёкаўсходняя рэспубліка (была, дарэчы, такая ў гады грамадзянскай вайны), незалежная Каўказія, трасца з халерай, што заўгодна. Сарвалі б з такога генэрала пагоны. Магчыма, разам з башкою.
І тое не адно асаблівасьць Расеі. Мапа вучэньняў у Літве, дзе Вільня і прылеглыя тэрыторыі пазначаліся б замежжам, мапа польскіх вучэньняў, дзе Беластоцкае ваяводзтва пазначанае неяк інакш, чым Польшча, сцэнар вучэньняў ў ЗША, дзе Тэхас пазначаны не Злучанымі Штатамі — так не бывае, гэта немагчыма.
Якімі б братамі не лічыліся расейскія калегі (якія, хутчэй за ўсё, гэты цуд і прапанавалі), якім умоўным ні быў бы сцэнар вучэньняў — асоба ў пагонах беларускага войска ня мусіць акцэптаваць, а тым больш дэманстраваць такія мапы публіцы
Дапускаю, што распрацоўшчыкі легенды вучэньняў нічога такога кепскага не мелі на ўвазе, а імкнуліся вытрымаць балянс у апісанай вышэй дылеме. Маляваць асноўнага суперніка, хай нават і ўмоўнага, на тэрыторыі рэальных суседніх краінаў — гэта неяк няёмка. Хай галоўны варажына будзе не суседзі, Весбарыя і Лубенія — яны па сцэнары як бы на падхваце ў злоснай і агрэсіўнай Вяйшнорыі. Але не пажадаўшы крыўдзіць суседзяў, вырашылі пакрыўдзіць саміх сябе.
Калі беларускі генэрал Белаконеў на блакітным воку паказвае мапу, дзе ёсьць Вяйшнорыя, а побач — абскубаная Рэспубліка Беларусь — гэта жах. Так не павінна быць. Якімі б братамі не лічыліся расейскія калегі (якія, хутчэй за ўсё, гэты цуд і прапанавалі), якім умоўным ні быў бы сцэнар вучэньняў — асоба ў пагонах беларускага войска ня мусіць акцэптаваць, а тым больш дэманстраваць такія мапы публіцы.
Праўда, варта сказаць, што і значная частка той самай публікі са сваімі жарцікамі і сьцёбам аказалася на ўзроўні. З такім падморгваньнем — а Вяйшнорыя ж — рэгіён найлепшага галасаваньня за Пазьняка у 1994 годзе, арэал беларускага каталіцтва, словам, сапраўдная, аўтэнтычная Беларусь. І ўсе гэта са сьцёбам, але з намёкам менавіта на гэта.
А калі б Вяйшнорыя была недзе ў Магілёўшчыне — рэгіёне пераважна праваслаўным і галасаваўшым ледзь не пагалоўна за Лукашэнку, то тады б гэта выклікала такія ж выбухі жартаў?
Прынцып важнейшы за палітычны кантэкст. Да апошняга часу ў Беларусі існавала нейкае салідарнае нацыянальнае табу на абмеркаваньне, тым больш на сцёб з нагоды перагляду існых межаў Беларусі. Цяперашняе вясёлае абмеркаваньне, гульня з гэтай ідэяй адпаведнае табу, прынамсі, аслабляе.
Прыкольныя мапы можна ж па-рознаму маляваць: Вяйшнорыя на паўночным захадзе — як забаўна, нейкая Віцебская народная рэспубліка — таксама надзвычай дасьціпна. Але калі падае табу на адно, чаму яно мусіць захоўвацца на іншае? Выглядае, што гэтых дэманаў лепш не будзіць, яны могуць і прачнуцца і прычым самым нечаканым чынам.
Не павінен чалавек з пагонамі беларускай арміі на плячах публічна дэманстраваць мапы, дзе Рэспубліка Беларусь у якім заўгодна гіпатэтычным варыянце менш (а хоць бы і больш) цяперашніх банальных межаў. Але і людзям без пагонаў, якія хаця б мінімальна дбаюць пра існаваньне Беларусі, ня варта нават у парадку фэнтэзі і сьцёбу, гуляць у гэтую гульню
Не павінен чалавек з пагонамі беларускай арміі на плячах публічна дэманстраваць мапы, дзе Рэспубліка Беларусь у якім заўгодна гіпатэтычным варыянце менш (а хоць бы і больш) цяперашніх банальных межаў. Але і людзям без пагонаў, якія хаця б мінімальна дбаюць пра існаваньне Беларусі, ня варта нават у парадку фэнтэзі і сьцёбу, гуляць у гэтую гульню.
Ну вось проста ня варта. Давайце пасьцябаемся зь нечага іншага, давайце не будзем дэманстраваць дарагому саюзьнічку, у што мы насамрэч цэнім сваю краіну. Якая ў нас улада — разумеем мы і нават саюзьнічак. Але нешта залежыць і ад публікі, ад людзей.
Так, ёсьць досьвед Украіны, але пра тое і мова. Хіба там не абмяркоўвалі, які ўродскі рэгіён Данбас, што яго нават варта выкінуць з Украіны (прычым волатамі ўкраінскай літаратуры ), хіба не было там высьвятленьня, хто каго корміць? Так, вырашальную ролю адыгралі «зялёныя чалавечкі» і баявікі Стралкова. Але хіба гэтыя «зярняткі» не ўпалі на глебу, угноеную дэмагогіяй пра «Даўнбасс»?
Але ўпадаць у праведны гнеў мо і ня варта. Ну падпісалі мапы, якія ня варта было падпісваць. І бяды? Усё паасобку нічога ня значыць. Прыйшлі расейскія войскі, гэтак жа і сыдуць. Гэтым разам — мяркую, так. Але і беларускія генэралы, і беларуская «канапная сотня», гатовыя гуляцца ў Вяйшнорыю — гэта сумна.
Наступным разам прыйдуць. І тады, калі ніхто ня будзе чакаць. І менавіта таму, што надта шмат аматараў гэтай гульні. І будуць вінаватыя тыя, хто прыйдзе? Ну ў пэўным сэнсе — так. Кропку паставяць яны. Але хіба ніякай адказнасьці ня будзе на беларускіх гульцах у Вяйшнорыю — як занадта недасьведчаных, гэтак і надта разумных, як у пагонах, так безь іх?
Перадрук з парталу TUT.BY