«Было сумнае адчуваньне запушчанасьці і незапатрабаванасьці старых габрэйскіх абʼектаў»
— Шымон, вы спэцыяліст па габрэйскай гісторыі Ўкраіны, але гісторыя вашай сямʼі зьвязаная і зь Беларусьсю. Нядаўна на сайце Свабоды былі апублікаваныя дзесяць фактаў зьнішчэньня ў Беларусі габрэйскай гістарычнай спадчыны, якія агучыў Якаў Гутман. Пасьля двух тыдняў падарожжаў па габрэйскіх мясьцінах Беларусі якое ў вас уражаньне, што адбываецца з габрэйскай спадчынай Беларусі?
— Я пабачыў шмат гістарычных месцаў, у асноўным у паўднёвай і ўсходняй Беларусі. У мяне было сумнае адчуваньне нейкай запушчанасьці і незапатрабаванасьці старых габрэйскіх абʼектаў. Асабліва мяне шакавала старажытная сярэднявечная сынагога ў Быхаве, пабудаваная ў 1610 годзе, якая цяпер стаіць проста з закалочанымі вокнамі і дзьвярыма бяз даху, хаця пры разумным падыходзе зь гэтага можна было зрабіць унікальны турыстычны абʼект.
Мне было сумна назіраць, як на гэтай сярэднявечнай сьцяне нехта фарбай напісаў па-расейску «Усім габрэям сьмерць». Мне як ізраільскаму турысту, калі пабачыў гэта, ударыла па вачах. Калі казаць пра іншыя мясьціны і гарады, то мне не спадабалася, што ў многіх мясьцінах сынагогі не перададзеныя габрэйскім суполкам і там знаходзяцца нейкія іншыя абʼекты, хаця напрыклад у суседняй Украіне больш за 20 гадоў дзейнічае закон аб вяртаньні рэлігійных абʼектаў абшчынам. Калі я ішоў па Магілёву і бачыў у старой сынагозе клюб бокса і яшчэ нейкія спартовыя залі, усе гэта выклікала ў мяне нядобрыя эмоцыі. Так проста не павінна быць. На мой погляд, Беларусь адрозьніваецца ад іншых суседзяў тым, што ўлады нават ня думаюць і не абмяркоўваюць магчымасьці перадачы ці вяртаньня габрэйскім абшчынам габрэйскіх абʼектаў, якія захаваліся.
Пасіўная габрэйская абшчына
— А ці ўздымаюць гэтыя пытаньні самі габрэйскі абшчыны? Як гэта адбываецца ў суседніх зь Беларусьсю краінах, напэўна, гэта ініцыятыва некалькіх бакоў...
— Вы маеце рацыю. Трэба сказаць, што і габрэйскія абшчыны Беларусі, тыя, што засталіся, вельмі малыя і слабыя, некаторыя зь іх, магчыма, ня ў стане ўзяць на свой балянс нейкія вялікія будынкі, але калі б улады перадавалі такія абʼекты, я перакананы, знайшліся б міжнародныя габрэйскія арганізацыі, замежныя спонсары, якія дапамаглі бы ў пераабсталяваньні і рамонце і ўтрыманьні такіх гістарычных абʼектаў. Сама габрэйская абшчына Беларусі таксама на мяне зрабіла ўражаньне, што гэта дастаткова, не скажу пасіўная абшчына, але людзі, якія, гэтак жа як і большая частка беларусаў, ставяцца да ўладаў як да нечага, дадзенага зь неба. Ёсьць улады, як яны скажуць, так і будзе. Ёсьць пэўная пасіўнасьць і няма ініцыятыўнасьці.
Клясычны прыклад быў сёлета ў чэрвені. Тры месяцы запар увесну 2017 году габрэйскія арганізацыі атрымлівалі патрабаваньні ад падатковага ведамства аб выплаце падатку з дапамогі пацярпелых ад Галакосту габрэям, і пры гэтым усе габрэйскія абшчыны маўчалі, ніхто нават ня пікнуў, што ўлады могуць ня мець рацыю, да таго часу, пакуль і дзякуючы вашым публікацыям, і дзякуючы маім публікацыям, і іншых СМІ, быў адменены гэты падатак. Ёсьць такая пасіўнасьць і яна мяне засмучае.
«Менск быў акіянам габрэйскага жыцьця, сёньняшняя карціна — проста вартыя жалю рэшткі былой раскошы»
— Калі казаць пра цяперашнюю габрэйскую супольнасьць Беларусі, якая яна дэмаграфічна, ці ёсьць маладое пакаленьне? Ці ёсьць будучыня ў беларускай габрэйскай грамады? Ці аднаўляюцца пакаленьні, або людзі проста зьяжджаюць і дажываюць у Беларусі старыя габрэі, якія не зьехалі...
— У дэмаграфічным пляне сытуацыя ў Беларусі, Украіне і Расеі прыкладна аднолькавая. Пераважная большасьць габрэйскага насельніцтва, якое засталося, гэта альбо пажылыя людзі, людзі сярэдняга веку і вельмі старыя людзі. Моладзь складае, можа быць, ад 10 да 20 працэнтаў габрэйскага насельніцтва. Пры гэтым у гарадах Беларусі, у абшчынах, у сынагогах я бачыў ня толькі старых людзей, але і бачыў групы моладзі, якія вяртаюцца да традыцый сваіх продкаў, і гэта мяне радавала. Я бачыў такую габрэйскую моладзь у Менску, у менскай сынагозе, у Гомелі...
Ізноў жа ідзе размова пра некалькі дзясяткаў чалавек, якія ходзяць маліцца ў гэтых гарадах. У параўнаньні з тым, што Менск быў проста акіянам габрэйскага жыцьця. Беларусь была такім акіянам, такі мацярык, які сышоў, Атлянтыда, якая зьнікла пад вадой, і сёньняшняя карціна — проста вартыя жалю рэшткі былой раскошы.
«Калі б там былі габрэі, то ўсе колы круціліся б значна хутчэй»
— Як вы мяркуеце, што страціла Беларусь з адʼездам габрэяў, сотняў тысяч габрэяў?
— Мне падаецца, што Беларусь страціла нейкі вельмі жывы, ініцыятыўны элемэнт, які быў у Беларусі асновай і інтэлігенцыі, і спэцыяльных навук. Я ведаю, што ў малых гарадах Беларусі, у мястэчках габрэі раней былі майстрамі, спэцыялістамі розных кірункаў. Габрэйскай разынкі цяпер не хапае.
Я бачыў дастаткова сонныя райцэнтры, былыя габрэйскія мястэчкі, сонныя ў тым пляне, што ў іх няма ініцыятывы, жаданьня абнаўляцца, прыдумляць нешта новае, ісьці наперад. Мне падаецца, што калі б там былі габрэі, то ўсе колы круціліся б значна хутчэй, прыдумвалася нешта новае, разьвівалася б нешта новае. Беларусі не хапае прадпрымальнікаў габрэйскага паходжаньня, якія тут былі раней.
«Колькасьць тых, хто ўратаваўся падчас Галакосту ва Ўкраіне і ў Беларусі адрозьніваецца»
— Вы спэцыялізуецеся па гісторыі ўкраінскага габрэйства. З вашага пункту гледжаньня, наколькі істотна адрозьнівалася жыцьцё габрэйскай грамады ў Беларусі і ва Ўкраіне?
— Сапраўды, я будучы па паходжаньні ўкраінскім габрэем, я адчуў лёгкую мэнтальную розьніцу, калі кантактаваў зь беларускім габрэямі. Сапраўды, ёсьць уплывы тых народаў, сярод іх жылі абшчыны габрэяў. Беларускія габрэі вельмі падобныя паводле мэнтальных кодаў на саміх беларусаў. Гэта значна больш спакойныя людзі, не такія паўднёва імпульсіўныя, як, можа быць, часта ўкраінскіх габрэяў. Ёсьць адбітак мэнтальнасьці мясцовага насельніцтва на беларускіх габрэях.
У гістарычным пляне, я лічу, што беларускія габрэі не перажылі такой колькасьці пагромаў і гвалту ў мінулыя стагодзьдзі, як гэта было ў украінскіх габрэяў. Можна сказаць, што жыцьцё габрэяў у Беларусі было больш спакойным і стабільным, чым жыцьцё габрэяў ва Ўкраіне. Ізноў жа войны не абыходзілі бокам ані Ўкраіну, ані Беларусь, трагічныя падзеі Другой сусьветнай вайны пракаціліся сьмяротным валам і па габрэям Украіны, і па габрэям Беларусі. Але колькасьць тых, хто ўратаваўся падчас Галакосту ва Ўкраіне і ў Беларусі адрозьніваецца.
Ёсьць такія дадзеныя, што ва Ўкраіне выжылі, выратаваліся ад зьнішчэньня ў гады Галакосту толькі 2 працэнты габрэяў, у той час як у Беларусі засталіся ў жывых крыху больш за 10 працэнтаў габрэяў. Чаму так? Гісторыкі абмяркоўваюць розныя прычыны. Прычына палягае ня толькі ў тым, што ў Беларусі было больш лясоў, дзе можна было схавацца і выратавацца ў партызанскіх атрадах, але і ў тым, што мясцовае насельніцтва ў гады Другой сусьветнай вайны ставілася да габрэяў у сярэднім менш варожа, чым мясцовае ўкраінскае насельніцтва.
«Габрэі перасталі быць масавымі суседзямі беларусаў у штодзённым жыцьці»
— Ці вы сустракаліся ў Беларусі з праявамі антысэмітызму?
— Наўпрост не сутыкаўся. Можа, таму што я быў у Беларусі менш за 2 тыдні. Самі беларускія габрэі мне расказвалі, што да іх стаўленьне добрае, з павагай і няма відавочных праяў антысэмітызму. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што габрэйская абшчына ператварылася ў настолькі мікраскапічны элемэнт, што проста няма супраць каго праяўляць гэты антысэмітызм. Габрэі перасталі быць масавымі суседзямі беларусаў у штодзённым жыцьці. Значна больш экс-беларускіх габрэяў жыве ў Ізраілі і ЗША, чым у самой Беларусі.
— Я ведаю, што вашы дзядуля і бабуля прыехалі ў Віцебск у 1920-я гады, і ў вашым сямейным архіве захаваўся ўнікальны партрэт вашага дзеда, які напісаў Іегуда Пэн. Падзяліцеся гэтай гісторыяй, калі ласка.
— Сямʼя майго дзеда і бабулі Сямёна і Сафіі Брыманаў прыехала жыць у Віцебск у 1929 ці 1930 гадах, яны жылі там да Другой сусьветнай вайны. Паводле расповедаў майго дзядзі, які ўсё дзяцінства правёў у Віцебску, іх сямʼя жыла па суседзтве з домам старога мастака Іегуды Пэна, і мой дзед Сямён, будучы маладым чалавекам, дапамагаў старому мастаку па-суседзку — калоў дровы і гэтак далей. І мастак на знак удзячнасьці намаляваў яго партрэт на палатне алеем. Намаляваны малады чалавек у пінжаку і гальштуку, як сёньня кажуць мае знаёмыя, вельмі падобны на мяне сёньняшняга. Мы зь дзедам вельмі падобныя.
Так атрымалася, што на пачатку 1940-х гадоў да пачатку нямецкага ўварваньня мой дзед Сямён у Віцебску быў арыштаваны за нейкія анэкдоты. Ён быў дасьціпны чалавек і, як выглядае, нехта данёс. Дзеду далі некалькі гадоў турмы, вывезьлі яго з Віцебску, а тут пачалася вайна, нямецкае ўварваньне, і бабуля засталася адна зь дзецьмі і пажылой маці ў Віцебску. Я бачу па датам, што яны пасьпелі эвакуявацца зь Віцебску 5 ліпеня 1941 году за чатыры дні да прыходу немцаў у горад. Адзінае, што бабуля пасьпела вывезьці са сваёй кватэры, гэта было згорнутае ў трубачку палатно, партрэт свайго арыштаванага мужа. Партрэт быў з бабуляй усе гады блуканьняў, яны трапілі спачатку на Ўрал, потым у Баку, потым сустрэліся зь дзедам, які са зьняволеньня трапіў у войска. Пасьля завяршэньня вайны яны прыехалі жыць у Харкаў, дзе я потым і нарадзіўся. З таго часу дзесяткі гадоў партрэт дзеда кісьці Пэна вісеў у нашай сямейнай кватэры. Зь вялікімі цяжкасьцямі я змог на пачатку 2000-х гадоў аформіць дазвол на вываз з Украіны гэтай сямейнай рэліквіі. Гэты партрэт вісіць цяпер у нас у Ізраілі, у доме майго бацькі, чым я вельмі ганаруся.