«На жаль, афіцыйнай інфармацыі пакуль ніякай няма. Паводле нашых зьвестак, ён можа ўтрымлівацца ў СІЗА гораду Краснадару на вуліцы Чырвонаармейскай, 22. Таму я да ўсіх неабыякавых людзей, якія ёсьць у Краснадары, зьвяртаюся, калі хто можа, туды пайсьці і там шукаць», — сказаў Ігар Грыб у эфіры ўкраінскага тэлеканалу «112».
Ігар Грыб таксама пакуль ня мае пацьверджаньня пра сапраўднасьць той асобы, што давала інтэрвію журналістам ад імя дзяўчыны, зь якой зьбіраўся сустрэцца ягоны сын.
«Грамадзкія актывісты размаўлялі зь нібыта гэтаю дзяўчынаю, і яна ў размове пацьвердзіла, што на каманду ФСБ рабіла ўсё, каб выцягнуць сына на тэрыторыю Беларусі. Мне не зусім зразумела, што яна гэта пацьвярджае, шчыра кажучы. Але я яшчэ раз падкрэсьліваю, што гэта было ў размове з грамадзкімі актывістамі. Зь імі я буду яшчэ сустракацца і ўдакладняць гэтую інфармацыю», — дадаў ён. Напярэдадні ў размове са Свабодай Ігар Грыб адзначыў, што ідэнтыфікаваць гэтую дзяўчыну можа толькі ягоны сын.
Бацька Паўла Грыба таксама адзначыў, што ведаў пра паездку сына ў Беларусь.
«Калі ён ехаў у Беларусь, я ведаў. Я ведаў, што ён зь ёю па Skype падтрымлівае кантакты. Але ён шмат з кім перапісваўся, і я ня бачу тут нічога такога. Я з гэтаю дзяўчынаю не кантактаваў і даваць ацэнку ейным дзеяньням зараз не хачу», — патлумачыў ён.
На пытаньне наконт матываў выкраданьня Паўла, Ігар Грыб адказаў:
«Для мяне гэта загадка — чым ён можа быць цікавы для супрацы са спэцслужбамі Расейскай Фэдэрацыі? Я ўжо ўсё прааналізаваў і ня ведаю».
Your browser doesn’t support HTML5
28 жніўня Ігар Грыб заявіў, што спэцслужбы Расеі выкралі ягонага сына Паўла падчас наведаньня Беларусі: 19-гадовы Паўло Грыб 24 жніўня паехаў у Гомель на сустрэчу зь дзяўчынай, зь якой кантактаваў праз сацыяльныя сеткі. Яна мелася прыехаць на сустрэчу з Расеі. Хлопец плянаваў вярнуцца ў той самы дзень.
Калі гэтага ня здарылася, бацька паехаў у Гомель на пошукі і высьветліў, што сын знаходзіцца ў вышуку на падставе артыкулу 205 Крымінальнага кодэксу Расеі паводле абвінавачаньня ў тэрарыстычным акце на запыт ФСБ Расеі па Краснадарскім краі гораду Сочы.
У шэрагу СМІ зьявілася інфармацыя, што 17-гадовая жыхарка Сочы прызналася: яе шантажавалі супрацоўнікі ФСБ Расеі і прымусілі запрасіць Паўла Грыба ў Беларусь, маўляў, яна таксама пад сьледзтвам паводле таго самага артыкулу, што і Паўло — «тэрарыстычная дзейнасьць».
Украінская памежная служба мае інфармацыю аб перасячэньні ім мяжы праз пункт пропуску «Новая Гута» (Чарнігаўская вобласьць, Украіна) — «Новыя Ярылавічы» (Гомельская вобласьць, Беларусь). У беларускіх памежнікаў 28 жніўня ніякай інфармацыі аб перасячэньні мяжы Паўлам Грыбам не было.
Дыпляматычнае прадстаўніцтва Ўкраіны ў Менску запатрабавала вызначыць месцазнаходжаньне ўкраінскага грамадзяніна. З гэтай прычыны накіраваная нота ў МЗС Беларусі.
29 жніўня на пытаньне Свабоды, ці не зьявілася якой-небудзь новай інфармацыі пра лёс Паўла Грыба, прэсавы сакратар Міністэрства ўнутраных спраў Канстанцін Шалькевіч адказаў пытаньнем:
«А што, у нас старая інфармацыя была? Мы дакладна ведаем, што ніякіх заяў у падразьдзяленьні ўнутраных спраў УУС Гомелю і іншых РУУС не паступала. Вось усё, што мы ведаем».