Прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выкарыстаў сакрэтныя матэрыялы з сайту WikiLeaks для арышту прадстаўнікоў беларускай апазыцыі ў 2010 годзе. Аб гэтым амэрыканскі часопіс The New Yorker сьцьвярджае ў публікацыі, прысьвечанай заснавальніку WikiLeaks Джуліяну Асанджу.
Паводле выданьня, у 2010 годзе швэдзкі грамадзянін Ісраэль Шамір, які выступаў куратарам публікацыяў сакрэтнай карэспандэнцыі амэрыканскіх дыпляматаў з сайту WikiLeaks у постсавецкіх мэдыях, атрымаў ад Джуліяна Асанджа 80 тысяч сакрэтных дэпэшаў. Частку зь іх ён, як сьцьвярджае The New Yorker, перадаў для публікацыі ў пракрамлёўскі расейскі часопіс, а іншую частку — прэзыдэнту Беларусі.
Паведамляецца, што Аляксандар Лукашэнка выкарыстаў атрыманую інфармацыю з WikiLeaks для арышту беларускіх апазыцыянэраў, хоць сам Шамір назваў гэта «зламыснымі прыдумкамі нядобразычліўцаў».
The New Yorker піша, што супрацоўнікі WikiLeaks у Вялікай Брытаніі даведаліся пра інцыдэнт, калі беларускія актывісты зьвярнуліся да іх у паніцы. Некаторыя хацелі дасьледаваць сытуацыю, аднак Асандж загадаў падначаленым адмаўляць наяўнасьць у Шаміра інфармацыі.
Шамір сустракаўся з Макеем
У 2010 годзе тагачасны кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ўладзімір Макей сустракаўся з Ісраэлем Шамірам, які прыбыў у Беларусь для назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі. Акурат напярэдадні была апублікаваная частка так званага «беларускага дасье» Wikileaks, і Аляксандар Лукашэнка на выбарчым участку №1 у менскім Унівэрсытэце фізкультуры абвяргаў зьвесткі пра сябе, як пра самага багатага зь беларускіх алігархаў, а таксама аспрэчваў дэпэшы амэрыканскіх дыпляматаў, якія перадавалі зьмест гутарак Лукашэнкі з прадстаўнікамі заходніх дзяржаваў.
«Што тычыцца замежных дзяржаваў, запэўніваю, што я вельмі асьцярожны і ахайны, калі ідуць канфідэнцыйныя перамовы», — заявіў тады Аляксандар Лукашэнка.
У прэзыдэнцкай адміністрацыі нічога не паведамлялі пра зьмест гутаркі Макея і Шаміра. На наступны дзень у Беларусі была жорстка разагнаная масавая акцыя пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў, затрыманыя больш як 600 чалавек, арыштаваныя 7 кандыдатаў у прэзыдэнты.
Праваабаронцы патрабавалі адказаць, ці сапраўды афіцыйны Менск атрымаў адпаведныя матэрыялы. Адказаў ад Асанджа на гэтыя пытаньні не было.
Яшчэ адно сьведчаньне
У 2011 годзе брытанская Guardian апублікавала ліст былога супрацоўніка WikiLeaks Джэймса Бола, які распавёў, што Ісраэль Шамір спыніў супрацу з парталам, завалодаўшы вялікай колькасьцю нерэдагаваных амэрыканскіх дыпляматычных дэпэшаў. Бол настойваў, каб партал асудзіў Шаміра, аднак на загад Асанджа WikiLeaks проста адмежаваўся ад былога супрацоўніка.