40 працэнтаў вязаў ужо пазасыхалі
Пра заклапочанасьць сытуацыяй на Падмікольлі краязнаўцы казалі на выязным пасяджэньні гарвыканкаму 28 жніўня. Паводле актывістаў, працы вядуцца з парушэньнямі прыродаахоўных нормаў і без належнага архітэктурнага нагляду. Выяўленыя памылкі мінулых гадоў не выпраўляюцца
«Ужо высахла 40 працэнтаў векавых дрэваў, і архітэктары не зрабілі ніякіх высноваў. Пэрспэктывы для дрэваў, якія засталіся, сумныя», — казала намесьніку старшыні гарвыканкаму Сяргею Дзядовічу абаронца мясьціны Алена Асмакоўская.
«Тут было ўнікальнае насаджэньне вязаў на плошчы 3 гектары, — казала яна далей. — Нідзе ў Беларусі, акрамя як на Падмікольлі, не было такога памеру чыста вязавых насаджэньняў. І мы змаглі іх пахаваць».
Грамадзкасьць ня блытаецца пад нагамі
На думку краязнаўцаў, перад тым як пачынаць працы, варта было правесьці гісторыка-культурнае абсьледаваньне мясьціны. А гэтага не было зроблена.
«Трэба ўжо прыцягваць да адказнасьці вінаватых. Колькі можна гаварыць пра адно і тое ж», — абураўся яшчэ адзін абаронца Падмікольля Леанід Платоненка.
«Колькі мы дамагаемся, каб працы вяліся пры ўзаемадзеяньні з грамадзкасьцю, — казаў актывіст. — Нас успрымаюць як тых, хто блытаецца пад нагамі. Але мы не прапануем глупствы, бо кажам пра тыя парушэньні, якія навідавоку. Беспакаранасьць вядзе да злоўжываньня. Мы ня супраць навядзеньня парадку, але супраць таго, якімі мэтадамі гэта робіцца».
На крытыку краязнаўцаў будаўнікі адказвалі, што дакумэнтацыя прайшла неабходныя экспэртызы і ўзгадненьні ў міністэрствах ды ведамствах.
Чыноўнік: Валасы дыбарам становяцца, колькі тут аціраецца чорных капальнікаў.
Закладаньне парку на Падмікольлі суправаджаецца пратэстамі эколягаў і краязнаўцаў ад самага пачатку. Актывісты лічаць, што мясьціне ўжо нанесеная непапраўная шкода. Будаўнікі зьнішчылі падлесак і пападсякалі каранёвую сыстэму, што аслабіла дрэвы. Разбураецца культурны пласт мясьціны, і яна губляе сваю архітэктурную адметнасьць. Заклапочаныя актывісты і пэрспэктывамі пашырэньня тэрыторыі, якую зьбіраюцца «ўпарадкоўваць», ігнаруючы тутэйшы ляндшафт, які складаўся стагодзьдзямі.
Намесьнік старшыні гарвыканкаму Сяргей Дзядовіч паабяцаў скласьці плян выпраўленьня хібаў, дапушчаных пры ўпарадкаваньні мясьціны, і ў далейшым супрацоўнічаць з грамадзкасьцю.
«Валасы дыбарам становяцца, колькі тут аціраецца чорных капальнікаў. Калі б тут знайшлі снарад, то адразу б спынілі працы, а мы да архітэктурных каштоўнасьцяў ставімся гэтак абыякава. Трэба распрацаваць „дарожную мапу“ для тых, хто не разумее, як і што рабіць у складаных сытуацыях», — казаў чыноўнік прадстаўнікам арганізацыяў, якія закладаюць парк на Падмікольлі.
Мара кіраўніка гораду
Парк на Падмікольлі ствараецца з ініцыятывы гарадзкой адміністрацыі. Старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў у 2014 годзе казаў, што ягоная мара — стварыць у Магілёве сапраўдны парк.
Пачалі парадкаваць мясьціну суботнікамі. Цяпер тут вядуцца маштабныя працы. Зь Верхняга гораду на Падмікольле робяць вялізную лесьвіцу. Пракладаюць ходнікі, якімі і падразаюць каранёвую сыстэму вязаў. Пасьпелі зруйнаваць падмуркі аднаго з дамоў. Цэглу згарнулі пад пляцоўку для кантэйнэраў са сьмецьцем
Сёньня чыноўнікі пабачылі яшчэ адзін аголены і пашкоджаны падмурак.
У часы Магдэбурскага права на Падмікольлі сялілася гарадзкая знаць. Яно было шчыльна забудаванае. У Другую ўсясьветную вайну раён моцна пацярпеў і больш не аднавіўся. Апошнія дзесяцігодзьдзі Падмікольле зарастала кустоўем і баршчавіком.