У Магілёве зьнішчаны падмурак старога дому, які баранілі мясцовыя краязнаўцы. Цэглу зь яго скарысталі на падсыпку пляцоўкі пад кантэйнэры для сьмецьця. Помнік даўніны перашкаджаў рабіць на Падмікольлі парк.
Летась, каб абараніць падмурак ад будаўнікоў, краязнаўцы вымушаныя былі выклікаць міліцыю. Амаль год падмурак не краналі. Яго абаронцы спадзяваліся, што рэшткі старой камяніцы пакінуць у спакоі, але сёньня высьветлілі, што іх не засталося.
«Гэтак паволі Падмікольле страчвае прыкметы свайго даўняга мінулага, — камэнтуе сытуацыю краязнаўца Леанід Платоненка. — Зьнішчаюцца цяпер падмуркі грамадзянскай забудовы XVII-XVIII стагодзьдзяў. Па ўсёй пляцоўцы, дзе пракладзеныя ходнікі, вывернутая на паверхню старая цэгла. Прыкра, што за ўсім, што на Падмікольлі адбываецца, пасіўна назірае грамадзтва».
У вайну шчыльна забудаванае Падмікольле пацярпела ад бамбаваньня. Раней на Школішчы (яшчэ адна старая назва мясьціны) сялілася гарадзкая знаць. Да сёньняшняга дня ацалелі адзінкі старых будынкаў і падмуркі камяніцаў, па якіх пракладаюцца ходнікі.
Разам з помнікамі археалёгіі цярпіць і экалёгія мясьціны. Падчас падрыхтоўкі да пракладкі ходнікаў быў зьнішчаны падлесак і пашкоджана каранёвая сыстэма тутэйшых вязаў. Дрэвы сохнуць, што дае падставы іх сьпілоўваць.