Як заявіў кіраўнік ведамства Ігар Карпенка, увесь астатні час гімназіі будуць працаваць паводле агульных стандартаў у межах пачатковага і базавага ўзроўняў. Рэформу ўхваліў Аляксандар Лукашэнка.
Праўда, у гэтым навучальным годзе з рэформай яшчэ пачакаюць, яе ўкараненьне пачнецца пазьней, бо трэба яшчэ адпрацаваць мэханізм.
На просьбу Свабоды ініцыятыву міністра адукацыі пракамэнтаваў Уладзімер Колас — заснавальнік і дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа.
Экспэрымэнты выяўляюць дылетанцкую сутнасьць рэфарматараў
У свой час ліцэй стаў ахвярай адукацыйнай рэформы — навучальныя праграмы былі прызнаныя неадпаведнымі дзяржаўным стандартам. Амаль паўтара дзясятка гадоў ліцэй працуе як «партызанская школа», а ня так даўно з дапамогай польскіх партнэраў удалося легалізавацца ў міжнародным статусе:
Трэба кожнаму даць магчымасьць разьвівацца ў адпаведнасьці з тым, што далі яму вышэйшыя сілы, прырода, бацькі. Калі школа гэтага не дае, яна проста губляе эфэктыўнасьць
«На жаль, у нас так і не дайшло да афармленьня мадэлі, якая ва ўсім сьвеце зарэкамэндавала сябе як аптымальная. А ўсе гэтыя экспэрымэнты, якія цяпер ладзяцца, папросту выяўляюць дылетанцкую сутнасьць тых, хто займаецца адукацыяй.
Безумоўна, павінна існаваць дыфэрэнцыяцыя ў адпаведнасьці са здольнасьцямі і схільнасьцямі навучэнцаў. Як ні банальна, заўсёды бог няроўна дзеліць, заўсёды ёсьць тыя, каму больш цікава займацца практычнай дзейнасьцю, і тыя, хто больш схільны да абстрактнай навуковай сфэры. Трэба кожнаму даць магчымасьць разьвівацца ў адпаведнасьці з тым, што далі яму вышэйшыя сілы, прырода, бацькі.
Калі школа гэтага не дае, яна проста губляе эфэктыўнасьць. Людзі пачынаюць займацца чым заўгодна, толькі не адукацыяй. У выніку працэс атрыманьня ведаў фальсыфікуецца. Так адбывалася ў савецкай школе пры ўраўнілаўцы, такую ж самую ўраўнілаўку Міністэрства адукацыі зноў уводзіць у беларускай школе, якая і без таго патрабуе «капітальнага рамонту».
Кардынальныя зьмены ў адладжаным гімназічным мэханізьме падаюцца як «неабходнасьць грунтоўных станоўчых зьменаў». Напрыклад, Карпенка заявіў, што ўступныя іспыты ў 5 клясу — гэта залішні стрэс для дзяцей. Паводле чыноўніка, паступленьне ў гімназію ў такім узросьце — амбіцыі бацькоў, а не жаданьне дзіцяці. Акрамя таго, ён мяркуе, што звычайныя школы таксама маюць права на адораных вучняў.
Рэформа мае абмяркоўвацца і ўхваляцца грамадзтвам
Уладзімер Колас перакананы: паставіўшы пад сумнеў мэтазгоднасьць гімназічнай адукацыі, ведамства пачало займацца зусім ня тым, на чым сапраўды трэба было б акцэнтавацца:
Само сабой, рэформа можа адбывацца. Але яе ажыцьцяўленьнем маюць займацца кампэтэнтныя людзі.
«Гэта ўсё вельмі сумнеўна. Калі рэформа праводзіцца зьверху, асабліва людзьмі, якія маюць абсалютна аддаленае ўяўленьне пра мэты і сутнасьць адукацыі, то ў выніку маем кітайскі хунвэйбінскі варыянт. Безумоўна, да дабра гэта не давядзе.
Само сабой, рэформа можа адбывацца. Але, па-першае, яе ажыцьцяўленьнем маюць займацца кампэтэнтныя людзі. Па-другое, усё неабходна рабіць пад кантролем грамадзтва — каб выказаліся настаўнікі, бацькі, усе зацікаўленыя бакі. А ня толькі дзяржаўныя ўстановы. Павінна быць агульнанацыянальная дыскусія. Праект рэформы ў абавязковым парадку павінен абмяркоўвацца, узгадняцца і ўхваляцца грамадзтвам. А не Карпенкам ці Лукашэнкам. Калі гэта ўсё спускаецца зьверху, калі нейкія выпадковыя людзі выступаюць са сваімі сумнеўнымі пражэктамі, адбываецца тое, што бачым сёньня.
Дарэчы, гэта праблемы ня толькі Беларусі. У кожнай краіне раз-пораз узьнікаюць пэўныя праблемы ў адукацыйнай галіне. Але, на вялікі жаль, у нас яны вырашаюцца дакладна гэтак, як і ўсё астатняе, — з пляча».
Падчас рэспубліканскай пэдагагічнай нарады Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён катэгарычна супраць нейкай ломкі, нават рэфармаваньня «ў поўным сэнсе гэтага слова».