Мы зь сям'ёй прыяжджалі на адпачынак да знаёмага гаспадара на паўднёвы бераг, у невялічкі дамок паміж Алуштай і Сімеізам.
Канец лета, аксамітны сэзон, цёплае мора.
Гаспадар, сын адстаўнога вайскоўца, працаваў настаўнікам у школе й здаваў нам сваю маленькую, амаль цацачнаю дачку за невялікія грошы.
Час ад часу вечарам ён прыходзіў да нас з крымскім віном, мы распальвалі мангал і пачыналі, нясьпешна смакуючы выстаўленае на стол, разважаць за жыцьцё.
Гаспадар быў ня надта падобны да крымчукоў, што зарабляюць здачай жытла ў сэзон адпачынку. Такі галавасты, павольны, старэйшы за мяне гадоў на дванаццаць дзядзька, які слухаў Beatles і Led Zeppelin, у якога ня так даўно памерла жонка і застаўся сын-падлетак.
Тэмы нашых размоваў былі розныя, але пераважалі будучыня і дзеці.
Аднойчы ў часе такіх размоў я спытаў у яго, маўляў, вось разваліўся СССР, быў Крым савецка-украінскі, цяпер проста ўкраінскі, як табе гэтыя мэтамарфозы?
— Ведаеш, — адказаў ён задумаўшыся, — амаль нічога для мяне не зьмянілася. Як атрымліваў я малыя грошы тады, гэткія ж малыя атрымліваю і цяпер. Як жылі мы збольшага за кошт курортнага сэзону, гэтак і жывем. Але ёсьць адна прычына ва ўсёй гэтай гісторыі, што мяне па-сапраўднаму цешыць. Я рускі, сын савецкага афіцэра. Мы прыехалі ў Крым, калі бацька выйшаў на пэнсію і я тут сканчаў школу. Бацьку служба кідала паўсюль і часам далёка-далёка. Маці ўвесь час баялася гэтых далёка-далёка, бо было адтуль прыходзіў груз-200. Я малы пастаянна мяняў школы, у мяне амаль не засталося школьных сяброў. Да таго ж я сваімі дзіцячымі вачыма бачыў савецкую армію. Такую сапраўдную. Не на парадзе. Мне вельмі ня хочацца, каб мой сын раптам вярнуўся ў той час, каб служыў у такім вось савецкім войску. Ня хочацца і ўсё. Бо раней ці пазьней гэтае войска ўсё роўна кінецца дзесьці кагосьці вызваляць. Я баюся гэтага, я хачу свайму хлопцу іншае долі. Вось сёньня, дарэчы, Дзень незалежнасьці Ўкраіны, і я ня тое што яго сьвяткую, не. Але я яго прымаю, бо разумею, што калі сын усё ж пойдзе служыць тут, то ў яго значна менш шанцаў стаць вызваліцелем якога Аўганістану ці заваўёнікам Чачні. А ён пасьля сьмерці жонкі адзінае, што мяне цешыць і грэе ў жыцьці.
Для мяне ягоныя словы былі нечаканымі. Паўстала непрацяглая паўза.
— Ну дык хай жыве вільна Ўкраіна! — усьміхаючыся, падняў я свой кубак.
— Хай! — не адразу адказаў ён і мы глынулі крымскага віна.
Пасьля размаўлялі яшчэ пра нешта, пакуль мае дзеці не стаміліся й не папрасіліся спаць.
На наступны дзень ён зноў зайшоў да нас з бутляй «Чорнага палкоўніка», хоць мы ніяк не дамаўляліся. Я нават трохі напружыўся, бо ня надта люблю візыты зьнянацку ды яшчэ на наступны дзень. Ён гэта адчуў і прамовіў:
— Сёньня Дзень незалежнасьці Беларусі.
— Які дзень незалежнасьці? — зьдзівіўся я, бо неяк зусім ня браў да ўвагі пастанову беларускага парлямэнту ў жніўні 1991 году. У нас Дзень незалежнасьці 25 сакавіка, заўважыў я, і прачытаў яму міні-лекцыю пра гісторыю Дня Волі.
Ён паморшчыўся, сеў на зэдлік, паставіў віно на стол і неяк выразна, сур'ёзна і нават злосна сказаў наступнае:
— Ты так нічога й не зразумеў, што я табе казаў учора. Я ня надта ведаю ўкраінскую гісторыю, пагатоў вашу. Напэўна 25 сакавіка для вас важная дата. Але мы жывем не напачатку мінулага стагодзьдзя і кіруемся тым важным, што акрэсьлівае нашае жыцьцё зараз, і, як я разумею, 25 жніўня 1991 году ваша краіна зрабіла тое, што Ўкраіна на дзень раней, і з гэтае даты твае хлопцы, у любым выпадку, ужо ня пойдуць служыць нікуды далей за Беларусь.
На маім твары паступова растала ўсьмешка, я паглядзеў на дзяцей, якія гуляліся побач пад арэхавым дрэвам, на гаспадара дачы, што ўсё яшчэ моршчыў свой лоб і пад уражаньнем ягоных словаў, павольна рушыў па кубкі.
Так пра дзень, што акрэсьліў для нас незалежнасьць Беларусі, нагадаў мне рускі крымчук, сын савецкага вайскоўца-адстаўніка.
З таго выпадку 25 жніўня для мяне абсалютная вартасьць.
Гэта быў мой апошні ваяж у Крым. Я ня ведаю, калі туды дабяруся зноў і ці дабяруся ўвогуле, бо надта ўсё заблыталася ў жыцьці. Украіна ваюе за незалежнасьць, Беларусь незалежнасьць то прадае, то набывае. А Крым... Крыму шкада.
Згадваючы штораз словы гаспадара крымскай дачы, я разумею, што няма нічога пастаяннага й непарушнага, бо ўсё тое, чаго ён баяўся для свайго сына, вярнулася ў Крым і неўзабаве можа вярнуцца да нас. Гэта не выходзіць з маёй галавы, бо мае дзеці ўжо падлеткі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.