«Цяпер Літва запрошана ў якасьці назіральніка ўдзельнічаць на падставе міжнародных пагадненьняў падчас вучэньняў „Захад-2017“… Гэта стварае магчымасьць рэальна бачыць, ці будуць выконвацца абяцаньні, якія дадзены Расеяй адносна вывядзеньня расейскіх войскаў з Беларусі пасьля вучэньняў», — сказала Даля Грыбаўскайце на сумеснай з прэзыдэнтам Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам прэс-канфэрэнцыі ў Вільні 24 жніўня.
Яна не адказала на пытаньне, ці Літва мае інфармацыю пра тое, што пасьля вучэньняў у Беларусі могуць застацца расейскія вайскоўцы.
Літоўскія прадстаўнікі атрымалі запрашэньне назіраць за ходам вучэньняў «Захад-2017» як у Беларусі, так і ў Ленінградзкай вобласьці Расеі.
Партал Дэльфі паведамляе, што, паводле вайсковай разьведкі Літвы, у сцэнары вучэньняў можа быць прадугледжаны ўзброены канфлікт з NATO. Вучэньні будуць праводзіцца і паблізу дзяржаўнай літоўскай мяжы, таму афіцыйныя асобы Літвы не выключаюць магчымасьці інцыдэнтаў і правакацый, дадае партал.