Крумкачы жывуць доўга, калі не паміраюць птушанятамі

Футбольны клюб Крумкачы зьбірае грошы праз краўдфандынг на плятформе Talaka.by

Неяк напачатку гэтага футбольнага сэзону выйшла ў мяне размова з калегам-прыхільнікам барысаўскага БАТЭ наконт менскіх «Крумкачоў».

Калега казаў, што ня верыць у пасьпяховы фінал клюбу ў турніры, што «Крумкачы» ня вытрымаюць перадусім фінансавай нагрузкі, што век іх нядоўгі.

Я пярэчыў, маўляў, у «Крумкачоў» ёсьць галоўнае для спартовай гульні — драйв, настрой, кураж, а ў нас усіх — надзея на новага героя. Адначасова я сумняваўся ў чарговым чэмпіёнстве БАТЭ.

Увогуле «Крумкачы» характарам свайго нараджэньня падобныя на БАТЭ, бо абодва клюбы паўсталі з ідэі сваіх харызматычных лідэраў, жывіліся й жывяцца іх энэргіяй. Але Капскаму было лягчэй, бо ягоны клюб нараджаўся ў час, калі грошы зарабляліся на парадак прасьцей, калі на прыватны бізнэс яшчэ не пасьпела накласьці сваю лапу дзяржава. Калі быў агульны эканамічны ўздым, і БАТЭ ня трэба было прадзірацца скрозь путы ўсялякіх заканадаўчых абмежаваньняў. Цяпер жа клюб зросься зь дзяржавай, а начальнік БАТЭ — тыпаж, сацыяльна падобны да начальніка дзяржавы.

«Крумкачы» нарадзіліся ў час эканамічнай і духовай стагнацыі, ім цяпер на парадак цяжэй, бо гэта прыватны праект, і кіраўнік клюбу Дзяніс Шунто ніяк не падыходзіць пад тыпаж сёньняшняга ўладатрымальніка краіны.

Чэмпіянат пераваліў за экватар, БАТЭ добра адстае па балах ад першага радка табліцы, але й Дзяніс Шунто на адмыслова сабранай прэс-канфэрэнцыі афіцыйна абвесьціў пра надзвычайныя фінансавыя праблемы клюбу. Пра тое, што ў якасьці апошняга адчайнага кроку распачаў краўдфандынгавую кампанію на плятформе talaka.by з мэтай сабраць 125 000 рублёў, каб папросту была магчымасьць скончыць чэмпіянат. Натхніўшыся падобнымі пасьпяховымі кампаніямі кікбаксэра Віталя Гуркова і лыжніка Сяргея Далідовіча.

Крок «Крумкачоў» цікавы й нестандартны, як і ўвесь ягоны шлях ад нараджэньня.

Я не ўяўляю, прыкладам, Анатоля Капскага, які абвяшчае для выхаду з праблемнай сытуацыі краўдфандынг, думаю, яму значна прасьцей, каб вырашыць праблему, пагаварыць з патрэбнымі людзьмі ў адпаведным міністэрстве ці адміністрацыі і ў гэтым, як у фокусе, уся розьніца паміж БАТЭ, які фактычна стаў дзяржаўным прадпрыемствам, і «Крумкачамі», якія пакуль горда носяць імя адзінага прыватнага клюбу лігі.

Сытуацыя, у якую патрапіў клюб, адчайная і складаная, бо далей рыса незвароту, і, шчыра кажучы, нагадвае па многіх характарыстыках сытуацыю, што склалася ў краіне Беларусь.

Апроч таго, ініцыятыва Дзяніса Шунто мае яшчэ адзін важны аспэкт. Гэта спроба выжыць у агрэсіўным асяродку не асобна ўзятага спартоўца, якога непрыгожа выціснула са зборнай вечна спалоханае спартовае чынавенства, размова ідзе пра барацьбу старой і новай сыстэм, пра тое, ці здольнае новае засьведчыць сваю здатнасьць да жыцьця.

Калі атрымаецца сабраць неабходную суму, вынік можа быць знакавым і далёкасяжным ня толькі для «Крумкачоў».

Гэта значыць, што грамадзтва здольнае рабіць вялікія супольныя праекты дзеля падтрымкі блізкай паводле духу сыстэмы. Гэта важная праява больш высокай ступені самаарганізацыі грамадзтва.

«Крумкачы» і БАТЭ — як адзінства й барацьба супрацьлегласьцяў. Цікава, што й гульнявыя стасункі на полі паміж «Крумкачамі» і БАТЭ паказальна бескампрамісныя. У першым крузе ў Менску БАТЭ, прагульваючы, вырваў перамогу 3-2 на апошніх хвілінах.

Перад самай надзвычайнай прэс-канфэрэнцыяй, ужо фактычна бяз грошай, гуляючы напаўдублёрамі ў матчы другога кругу, «Крумкачы» ў Барысаве бліскуча перамаглі БАТЭ з тым самым лікам, ледзь ня выправіўшы трэнэрскі штаб барысаўцаў у адстаўку.

«Шчыра прызнаюся, вельмі ня хочацца паміраць. І сілы яшчэ ёсьць, і ідэі ёсьць, і вера ёсьць, а даводзіцца паміраць. Будзе вельмі крыўдна, калі ўсё так завершыцца. Хочацца верыць, што гэта толькі пачатак, і наперадзе ў нас — пачатак новай эпохі ў развіцьці клюбу».

Гэта цытата Дзяніса Шунто з той апошняй прэс-канфэрэнцыі.

Невядома, як скончаць гэтыя два клюбы бягучы чэмпіянат, а для «Крумкачоў» пытаньне гучыць нават так: ці скончаць?

Хочацца, каб «Крумкачы» выжылі, бо гэтае пытаньне тычыцца не адно новай эпохі ў разьвіцьці клюбу, але ўсіх прыхільнікаў тае новае эпохі, якую ўвасабляюць сабой «Крумкачы».

А за БАТЭ перажываць ня трэба, сьмерць ім не пагражае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.