Затрыманую ў Катыні здымачную групу «Белсату» вызвалілі

У мэмарыяле «Катынь» пад Смаленскам расейскія паліцыянты і амапаўцы затрымалі журналістаў «Белсату» Любоў Лунёву і Алеся Сіліча. Журналістаў вызвалілі больш чым праз гадзіну без складаньня пратаколаў. Ва ўсіх удзельнікаў беларускай дэлегацыі праверылі пашпарты.

Карэспандэнту Свабоды старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч раней распавёў:

«Тут вялікая колькасьць супрацоўнікаў паліцыі, аўтобусы з АМАПам, таксама пікет КПРФ з партрэтамі Сталіна, каля 30 чалавек. То бок вельмі сур’ёзна ўспрынялі мясцовыя ўлады і камуністы наш візыт. Паліцыя „далучылася“ да нас яшчэ на першым пункце, у аэрапорце „Смаленск“, дзе мы наведалі месца, дзе ў 2010 годзе разьбіўся самалёт з польскай урадавай дэлегацыяй. Пасьля гэтага нас фактычна суправаджаюць нарады паліцыі. І цяпер спрабуюць затрымаць супрацоўнікаў тэлеканалу „Белсат“ Любоў Лунёву і апэратара Сіліча. Да іх падышлі паліцыянты і сказалі, што неабходна праверыць дакумэнты і для далейшага разбору праехаць у гарадзкое аддзяленьне паліцыі ў Смаленск. Яны аточаныя супрацоўнікамі. Журналістаў не адпускаюць і, наколькі я разумею, чакаюць аўтамабіля, каб адвесьці іх у горад», — сказаў Юрась Губарэвіч.

Беларуская дэлегацыя з 50 чалавек у Дзень барацьбы са сталінізмам і нацызмам, які адзначаецца ў Эўропе, наведвае мэмарыял «Катынь» пад Смаленскам. Паездку арганізавалі рух «За свабоду» і рух салідарнасьці «Разам». У складзе дэлегацыі таксама ёсьць прадстаўнікі Партыі БНФ і БХД.

«Відавочна, што перад нашым прыездам ішло нагнятаньне атмасфэры, найперш расейскімі сродкамі масавай прапаганды. Таксама мясцовыя сайты пісалі, што група нацыяналістаў спрабуе трапіць на Смаленшчыну і ўчыніць правакацыі. Гэта падагрэла сытуацыю і прыцягнула вялікую колькасьць супрацоўнікаў паліцыі. Раней падчас падобных паездак такога ажыятажу не было. Расея бачыць вакол адных толькі ворагаў», — сказаў Юрась Губарэвіч.

Напярэдадні рэгіянальны інфармацыйны сайт Смаленшчыны Readovka.ru зьмясьціў разгромны артыкул пра Паўла Севярынца. Севярынец сказаў, што не зьбіраўся наведваць Смаленск, а толькі дапамагаў калегам з распаўсюдам інфармацыі пра паездку ў Катынь, ён не арганізатар «вылазкі», як пішуць на смаленскім партале.