Колькі могуць каштаваць вучэньні «Захад-2017»

Кошт аднаго стрэлу з аўтамата «Калашнікава», гадзіны палёту сучаснага зьнішчальніка, залпу з устаноўкі «Град» і аднаго дня лякальнай вайны.

Гадавы бюджэт Мінабароны

Бюджэт Міністэрства абароны Беларусі складаецца больш як з 25 пазыцый — ад фінансаваньня спэцыялізаваных ВНУ да аплаты паслуг ЖКГ. Выдаткі на асноўную дзейнасьць прапісаныя ў графе «Нацыянальная абарона» і складаюць каля 90% ад усіх выдаткаў за год. Згодна з афіцыйнымі дакумэнтамі з сайта Міністэрства фінансаў, у 2016 годзе бюджэт вайсковага ведамства складаў 1 мільярд 8 мільёнаў рублёў. У 2017 — 1 мільярд 26 мільёнаў. Гэта каля 535 мільёнаў даляраў. Для параўнаньня, вайсковы бюджэт Расеі складае каля 100 мільярдаў даляраў, ЗША — каля 600 мільярдаў.

Асобнага радку «Правядзеньне вучэньняў «Захад-2017» у гадавым бюджэце Мінабароны Беларусі няма.

Камэнтар вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна:

«Частка выдаткаў таксама знаходзіцца ў бюджэтах іншых ведамстваў. Эксплюатацыя інфраструктуры, напрыклад. Ёсьць шэраг артыкулаў, па якіх вайскоўцы ня плацяць. Напрыклад, калі танк вывернуў слуп на праспэкце Незалежнасьці, то, наколькі я ведаю, аднаўленьне адбывалася за кошт гарадзкіх уладаў. У некаторых ведамствах ёсьць унутраныя артыкулы выдаткаў на „нацыянальную абарону“. Адтуль таксама можа ісьці фінансаваньне».

Транспартныя выдаткі вучэньняў «Захад-2017»

340 тысяч даляраў — тэндэр на такую суму разьмясьціла расейскае Мінабароны ў сярэдзіне лістапада 2016 году. Яго зьмест — выкананьне вайсковых транспартных перавозак у 2017 годзе. Зь ліку 5265 замоўленых чыгуначных вагонаў 4162 — для перавозкі вайсковай тэхнікі і асабовага складу з Расеі ў Беларусь. Пры гэтым у 2016 годзе Мінабароны РФ для перавозак у Беларусь і назад замаўляла толькі 50 вагонаў.

Стрэл з аўтамата Калашнікава — 1 даляр

Падлічыць, колькі каштуе адзін стрэл з аўтамата Калашнікава, можна толькі ўмоўна. Вядома, напрыклад, што ва Ўкраіне пасьля пачатку апэрацыі на Данбасе адзін патрон чэскай вытворчасьці да яго каштаваў каля 9 грыўняў (гэта каля даляра). Такі ж кошт падаюць і іншыя крыніцы. Пры гэтым трэба ўлічваць, што з «Калашнікава» можна страляць ня толькі стандартнымі кулямі, але і кулямі са ссунутым цэнтрам цяжару, трасэрнымі ды іншымі. Іх кошт можа перавышаць кошт стандартных боепрыпасаў у дзясяткі разоў.

Напрыклад, патроны для СВД (снайпэрскай вінтоўкі) ва Ўкраіне на чорным рынку каштуюць каля 25 грыўняў — утрая даражэй за патрон да «Калашнікава».

Камэнтар вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна:

«Калі набой ці боепрыпас яшчэ з савецкіх часоў ляжаў на складзе, а іх акурат выкарыстоўваюць для вучэньняў, то яны практычна нічога не каштуюць. Але калі ідзецца пра боепрыпасы для рэактыўнай сыстэмы залпавага агню (для „Града“), то ў іх адбываецца рэвізія і пераснараджэньне. Тады зьяўляецца новы кошт. І яны могуць быць вельмі дарагімі».

Сто кілямэтраў на БТР-80 — 130 даляраў

БТР-80 — самы распаўсюджаны бронетранспартэр у беларускай (больш за 150 машын) і расейскай арміі (больш за 3000). Расход паліва — прыкладна літар дызэлю на кілямэтар. Гэта ў чатыры разы менш, чым у танка Т-72, але ўсё адно значна больш, чым у сучаснага аўтамабіля. Паездка зь Менску да, скажам, Берасьця на БТР-80 можа каштаваць прыкладна 200 даляраў.

Снарад для танка Т-72 — 500 даляраў

Асноўнае ўзбраеньне самага пашыранага ў беларускай і расейскай арміі танка — 125-мілімэтровая гармата. У беларускай арміі, паводле афіцыйных зьвестак, цяпер каля 450 такіх танкаў. У расейскай — каля 9000.

Адзін стрэл з гарматы Т-72 стандартным снарадам, распрацаваным у савецкі час, каштуе каля 500 даляраў. Для больш сучасных кошт можа вырасьці ў разы.

Танк — вельмі неэканамічная тэхніка. Расход паліва ў Т-72 — 4 літры дызэлю на кілямэтар па дарозе з грунтовым пакрыцьцём і 2–3 літры па асфальце. Гэта амаль у сто разоў больш, чым у сучаснага эканамічнага аўтамабіля.

Праехаць сто кілямэтраў на танку па дарогах Барысаўскага палігона будзе каштаваць прыкладна 250 даляраў. Пры гэтым, па афіцыйных зьвестках, у вучэньні «Захад-2017» плянуюць залучыць каля 100 танкаў.

Гадзіна палёту верталёта МІ-24 — 1000 даляраў

МІ-24 — асноўны ўдарны верталёт як расейскай, так і беларускай арміі. Расход паліва — 780 літраў авіяцыйнай газы ў гадзіну. Каштуе такое паліва прыкладна даляр за літар. Да таго ж варта ўлічваць амартызацыю і наземнае абслугоўваньне. Атрымліваем нешта каля тысячы даляраў за гадзіну палёту. Такім чынам, пералёт аднаго МІ-24 з Масквы да Менску можа каштаваць каля 3000 даляраў.

Адна гадзіна палёту зьнішчальніка СУ-27 — 3–4 тысячы даляраў

Падлічыць кошт палёту сучаснага рэактыўнага зьнішчальніка можна толькі прыблізна. Пры гэтым трэба ўзяць у разьлік ня толькі расход паліва (2–3 тоны ў гадзіну), але і так званую амартызацыю (усе дэталі самалёта, уключна з корпусам, маюць рэсурс, прычым параўнальна з рэсурсам аўтамабіляў зусім невялікі — для сучаснага зьнішчальніка гэта каля тысячы даляраў у гадзіну) і выдаткі на наземныя працэдуры. Карыстальнікі спэцыялізаваных авіяцыйных форумаў ацэньваюць кошт гадзіны палёту сучаснага зьнішчальніка (расійская і беларуская арміі выкарыстоўваюць СУ-27 і МіГ-29) у 3–4 тысячы даляраў за гадзіну.

Камэнтар вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна:

«3–4 тысячы даляраў толькі за паліва — гэта абсалютна рэальная лічба. Рухавікі вельмі шмат паліва патрабуюць. Гэта адна з афіцыйных прычын спыненьня ў Беларусі палётаў франтавых бамбавікоў СУ-24 і зьнішчальнікаў СУ-27. Высокі кошт амартызацыі. Рухавікі нашай бранятанкавай тэхнікі, як правіла, фарсаваныя і перафарсаваныя, таму патрабуюць паліва вельмі шмат. Зношаная тэхніка патрабуе вельмі шмат паліва і матэрыялаў для змазкі».

Адзін залп з устаноўкі «Град» — 40 тысяч даляраў

Гэтыя ўстаноўкі залпавага рэактыўнага агню таксама плянуюць выкарыстоўваць падчас вучэньняў. «Грады» актыўна ўдзельнічаюць у канфлікце на ўсходзе Ўкраіны. Экспэрты з суседняй дзяржавы ацэньваюць адзін поўны залп з гэтай зброі ў 40 тысяч даляраў — па тысячы даляраў за кожную ракету. Пры гэтым снарады для «Града» значна таньнейшыя, чым боезарад для больш цяжкай рэактыўнай артылерыі, такой, як «Сьмерч» альбо «Ўраган». Іх удзел у вучэньнях «Захад-2017» таксама пацьверджаны афіцыйна.

Адзін дзень сучаснай лякальнай вайны — ад 2 мільёнаў даляраў

Вучэньні «Захад-2017» па сваім сцэнары максымальна набліжаныя да сапраўднага лякальнага збройнага канфлікту. Падлічыць іх поўны кошт, мабыць, могуць толькі ў міністэрствах абароны абедзьвюх краін. Разам з тым экспэрты пэрыядычна публікуюць зьвесткі пра кошт Антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. Па іх падліках, адзін дзень лякальнай вайны каштуе кожнаму з бакоў ад 2 да 7 мільёнаў даляраў у залежнасьці ад інтэнсіўнасьці баявых дзеяньняў. Каля 15 мільёнаў за тыдзень.

Камэнтар вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна:

«Параўнаць кошт вучэньняў „Захад-2017“ і апэрацыі на Данбасе вельмі складана. Там усё ж ідуць баявыя дзеяньні. І хоць гэтыя вучэньні моцна набліжаныя да рэальных баявых дзеяньняў, ёсьць шэраг адрозьненьняў. Уся інфраструктура вучэньняў абслугоўваецца цывільнымі спэцыялістамі. А на вайне за гэта могуць увогуле не плаціць... Я думаю, што вучэньні „пацягнуць“ на вельмі сур’ёзную суму. Гаворка пра сотні мільёнаў даляраў. Ад 300 да 500 мільёнаў як мінімум».