Юркойцеў суд. «Карціна алеем»

У клетцы зьлева направа: Юркойць, Швінта, Курневіч, Тадэвуш Высоцкі, Казьмярчук

Трэба было паслухаць апошняе слова ашмянскіх мытнікаў у менскім Партызанскім судзе, каб пераканацца, што Бог сапраўды ня роўна дзеле. Альбо, як сказаў бы Альгерд Бахарэвіч, «Бог ня роўна delete».

Пачатак ТУТ

Тыя, хто прызнаў сваю віну, усе як адзін гугнявыя, нягеглыя, безь пячаткі чалавечае годнасьці на тварах. Тыя, што не прызналі, наадварот, красамоўна паказваюць супярэчнасьці ў справе, якія суд ня стаў разглядаць. І ўжо ня стане. А яны засталіся.

Дзіўна, што першыя — на волі, ім пагражаюць невялікія тэрміны, калі ўвогуле пасадзяць. Другія — за кратамі, ім пракурор запрасіў больш, чым далі іхным начальнікам, якія, нібыта, перадавалі ім незаконныя грошы. Цалкам адваротная лёгіка. Але слухаючы іх, я захапляюся іх чалавечымі якасьцямі, сьветлымі тварамі, ясным розумам, уменьнем мысьліць лягічна, маральнай пазыцыяй. Вось людзі, якія мусілі б кіраваць і мытняй і краінай. Пра такіх кажуць — птушкі высокага палёту. Можа таму іх і трымаюць тут у клетцы?

Учора ў апошнім слове Алесь Юркойць сказаў, што для яго людзі падзяляюцца толькі паводле адной прыкметы: здольныя на подласьць і ня здольныя на подласьць. Усе астатнія адрозьненьні прымальныя. Такая своеасаблівая Юркойцева форма катэгарычнага імпэратыву — не рабі іншаму таго, чаго не хацеў бы, каб рабілі табе. Відавочна, наглядзеўся Алесь на «здольных» і ў КДБ, і ў СІЗА, і на гэтым працэсе. Ня думаю, што расчараваўся ў людзях. Але ў сыстэме расчараваўся адназначна: бо на сваёй скуры адчуў і зразумеў, што здольныя на подласьць тут — у прыярытэце. А няздольныя ідуць у турму толькі таму, што супраць лому няма прыёму, апрача другога лому. Гэта значыць, подласьць у такой сыстэме можна перамагчы толькі подласьцю. І што рабіць, калі ты ня здольны? Толькі заставацца ў праўдзе — адзінай сіле бясьсільных.

Швінта: Віны не прызнаю, ніколі ні ад каго грошай на службе не атрымліваў. У справе не прыведзена ніводнага факту парушэньня мною маіх службовых абавязкаў. Паказаньні на мяне Букеля і Марыны Адамаўны Мароз неабгрунтаваныя і галаслоўныя.

Адвакат д’ябла ўва мне пачынае варызгаць: ясна, раз віну не прызнаў, дык будзе казаць, што нічога не было. А тое, чаго не было, даказаць нашмат цяжэй, чым калі нехта сказаў, што было. Але суд на тое і суд, каб даказваць сукупнасьцю доказаў. Толькі ніякай сукупнасьці няма, ёсьць паказаньні Букеля і Мароз, якая сама Швінту нічога не давала, а нібыта перадавала праз Лапейку. Знаёмая схема: Карповіч — Чэпін — Юркойць. Ні Мароз, ні Карповіч не маглі ведаць, ці перадалі Чэпін і Лапейка грошы адрасатам, таму і не паказалі гэтага (вось дзе прападае сукупнасьць). Ёсьць асобныя паказаньні Чэпіна і Лапейкі. Нават калі грошы перадаваліся, Лапейка і Чэпін цалкам маглі забраць іх сабе, пагатоў Швінта, як і Юркойць, ніяк не выглядае на забурэлага хапугу, гэта зусім іншага складу людзі.

Швінта зьвяртае ўвагу на стыль паказаньняў Букеля і Мароз у яўках з павіннай і вылучае фразу: у злачыннай групе «осуществлял(а) определенную управленческую функцию» — гэта не юрыдычная фармулёўка і не пашыраны ва ўжытку выраз. Пры ўсім жаданьні не маглі яны адзін асобна ад аднаго такое сфармуляваць. Гэта творчасьць сьледчага КДБ, які пісаў яўкі.

Калі Лапейка (які, нібыта, раздаваў грошы ад Мароз іншым інспэктарам) быў на два месяцы пераведзены з Каменнага Логу ў Катлоўку, Швінта за гэты пэрыяд аформіў 19 машын з кветкамі. Факты зафіксаваныя ў дакумэнтах. У Катлоўцы Лапейка хабары не перадаваў, а хто ў гэты час перадаваў у аддзеле Мароз, судом ня выяўлена. Тым ня менш, хабары за гэтыя 19 машын упісаныя ў абвінавачаньне Швінту. Швінта і раней зьвяртаў увагу суду на гэты факт, але суд пакінуў яго без разгляду. Падобныя нявыкруткі Швінта прыводзіць па ўсіх інкрымінаваных яму машынах. Відавочна, патрэбнае новае судовае сьледзтва, каб гэтыя нявыкруткі з абвінавачаньня прыбраць. Але новага сьледзтва ня будзе.

На мытні я меў іншыя інтарэсы, — кажа Швінта. — Мяне цікавіў кар’ерны рост, таму я пастаянна дасканаліў свае веды і навыкі і быў у рэзэрве на начальніцкія пасады.

Курневіч: Гэтая крымінальная справа — акт мастацтва. А што такое акт мастацтва? Гэта калі ніхто не разумее, што намалявана, але ўсе разглядаюць з разумным відам. Так і мы тут гаворым пра такія абсурды, як бесьперашкодны выпуск і фармальна ўжытыя формы мытнага кантролю. Як можна фармальна выконваць інструкцыі? Сказана: вуснае апытаньне кіроўцы. Гэта я ў яго пытаюся: як справы ці што? Сказана: візуальны агляд. Фармальна гэта як? Адным вокам?

Літоўскі бізнэсовец Тураеў справакаваў усю гэтую справу, сказаўшы, што ягоныя фуры прастойвалі на мяжы. І тут ад яго, нібыта, вымагалі хабар. А чаму ягоныя машыны ехалі толькі праз Каменны Лог, а ня ехалі празь Беняконі і Катлоўку ці праз Латвію адразу ў Расею? Там жа плаціць не вымагалі. Тыя ж Лапейка і Страпко прызналі, што на Катлоўцы афармлялі такія самыя машыны абсалютна з такімі самымі формамі мытнага кантролю. Толькі бяз грошай… А ў выніку Тураеў ужо на свабодзе.

Да таго, як падпісаў яўку з павіннай, Страпко адмаўляў, што атрымліваў грошы ад кагосьці, апроч Карповіча. Пасьля яўкі ён ужо атрымліваў ад цэлага сьпісу начальнікаў, ужо і ад Курневіча.

Я ведаю, што з боку Страпко гэта агавор. Ведаю, бо сьледчы і мне прапаноўваў агаварыць інспэктараў, ставячы ў прыклад Лапейку. Калі б я гэта зрабіў, людзей тут за кратамі было б нашмат болей, некаторыя нават сямейнымі парамі.

Па выніку «доказ» віны Юркойця, Швінты і Курневіча будуецца на адной схеме, без сукупнасьці. На іх адпаведна паказалі Чэпін, Лапейка і Страпко. Усе яны адразу адмаўляліся паказваць на «непрызнантаў», але, атрымаўшы прапанову выйсьці з турмы пад хатні арышт, пагадзіліся падпісаць яўку з павіннай, дзе зьявіліся ўжо і «непрызнанты». Сабе яны купілі ня толькі хатні арышт, але і мякчэйшы прысуд, а Юркойця, Швінту і Курневіча аддалі ў ахвяру бурнай дзейнасьці і службоваму росту сьледчых КДБ.

Курневіч: Прашу высокі суд зьвярнуць увагу, што я ні разу ня ўжыў слова «полагаю» — якое шмат разоў сустракаецца ў апошнім слове дзяржаўнага абвінаваўцы. Я прывёў толькі аб’ектыўныя факты, якія ёсьць у матэрыялах справы і якія засталіся без разгляду суду.

Наш акт мастацтва называецца «Карціна алеем». І напісаныя на карціне два словы: «баязьлівасьць» і «хлусьня».

Прысуд будзе абвешчаны 5 верасьня а 10-й гадзіне. Мяркуючы з таго, што суд не прыняў да разгляду ніводнага доказу невінаватасьці мытнікаў, якія не прызналі віны, прысуд будзе мець абвінаваўчы характар і ня будзе істотна адрозьнівацца ад таго, што запрасіў дзяржаўны абвінаваўца.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.