Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў даклад «Міжнародная рэлігійная свабода», у якім ацэньваецца сытуацыя з гарантаваньнем веравызнаньня ў дзьвюх сотнях краінаў сьвету.
У разьдзеле, які тычыцца Беларусі, аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што Канстытуцыя дзяржавы гарантуе рэлігійную свабоду, але іншыя законы і палітыка ўладаў яе абмяжоўвае.
«Канстытуцыя дае людзям свабоду вызнаваць і практыкаваць любыя рэлігіі, але забараняе рэлігійную дзейнасьць, накіраваную супраць сувэрэнітэту дзяржавы, яе канстытуцыйнай сыстэмы і грамадзянскай згоды», — адзначаецца ў дакладзе Дзярждэпартамэнту ЗША аб сытуацыі са свабодай рэлігіі ў сьвеце ў 2016 годзе.
Аўтары дакладу зьвяртаюць увагу на «вызначальную ролю» Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ). Дзякуючы дамове зь дзяржавай, ёй гарантаваныя правы і прывілеі, якіх ня маюць іншыя канфэсіі. Пры тым, што заканадаўства краіны фармальна і прызнае гістарычную важнасьць «традыцыйнай» для краіны каталіцкай веры, іўдаізму, ісламу і лютэранства.
У дакладзе зьвяртаецца ўвага на тое, што зарэгістраваныя ў Беларусі рэлігійныя групы павінны атрымліваць дазвол на правядзеньне імпрэзаў па-за сваімі памяшканьнямі, а таксама на ўвоз у краіну і распаўсюд рэлігійнай літаратуры. Таксама заканадаўства краіны забараняе ўсю рэлігійную дзейнасьць незарэгістраваных групаў.
«Урад працягвае затрымліваць або штрафаваць асобаў, якія арганізоўвалі або прымалі рэлігійныя сходы ў прыватных дамах, і за адмову ад службы ў войску, нягледзячы на прыняцьцё закону аб альтэрнатыўнай службе. Таксама адмаўляюць у рэгістрацыі малалікім рэлігійным групам і заяўляюць аб магчымасьці адмены рэгістрацыі некаторых супольнасьцяў Сьведак Яговы», — гаворыцца ў дакумэнце.
Акрамя таго, заяўляюць аўтары дакладу, улады Беларусі працягваюць назіраць за незарэгістраванымі рэлігійнымі суполкамі. Незалежныя рэлігійныя экспэрты сьцьвярджаюць, што «многія суполкі па-ранейшаму неахвотна паведамляюць пра злоўжываньні і абмежаваньні праз страх пакараньня».
Зьвяртаецца ўвага на тое, што ў мусульманскага і пратэстанцкага духавенства, а таксама духавенства нетрадыцыйных канфэсіяў, няма доступу да зьняволеных адпаведнага веравызнаньня ў беларускіх турмах, у той час як такі доступ маюць БПЦ і рымска-каталіцкія сьвятары.
Аўтары дакладу таксама згадваюць шэраг выпадкаў вандалізму, учыненых у Беларусі ў дачыненьні да габрэйскіх мэмарыялаў.