У аснове гэтай пагрозы яны бачаць ня столькі дзяржаўныя інтарэсы Расеі, колькі асабістыя палітычныя матывы прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.
«Напэўна, заблукалі» — так у Фэйсбуку пракамэнтаваў вайсковы аглядальнік Андрэй Цапліенка назіраньні за перамяшчэньнем расейскіх войскаў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, асабовы склад і тэхніку перакідваюць у Беларусь на вучэньні «Захад-2017», але для журналіста застаецца незразумелым, чаму гэта адбываецца больш чым за месяц да вучэньняў (яны пачнуцца 14 верасьня) і на адлегласьці тысячы кілямэтраў ад месца іх правядзеньня, але блізка да ўсходніх межаў Украіны.
Цапліенка пералічвае канкрэтныя мясцовасьці: «Станцыя Росаш, Варонеская вобласьць, вельмі блізка ад Луганскай і Харкаўскай абласьцей — там быў зафіксаваны эшалён. Таксама ў Краснадары, Растоўская вобласьці, 45 кілямэтрах ад мяжы з Украінай. Рух заўважаны ў Крыме. Ёсьць пэўная актывізацыя прарасейскіх сіл і палітыкаў на тэрыторыі так званай Прыднястроўскай малдаўскай рэспублікі. Побач з Адэскай вобласьцю».
Журналіст нагадвае, што ў пачатку жніўня 2008 году расейскія войскі таксама скарысталіся падставай вайсковай вучэньняў, каб уварвацца ў Грузію і фактычна акупаваць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. На яго думку, падобнае можа адбыцца і цяпер, а цікавасьць для Расеі ўяўляюць паўднёвыя рэгіёны Ўкраіны.
Прадстаўнік Генэральнага штабу Міністэрства абароны Ўкраіны Ўладзіслаў Селязьнёў запэўнівае, што вайсковае камандаваньне адсочвае перамяшчэньні расейскіх войскаў і гатовае рэагаваць на агрэсію. Пры гэтым ён зьвяртае ўвагу на тое, што тэрыторыя Беларусі — не адзіная патэнцыйная крыніца небясьпекі для Ўкраіны.
«Генэральны штаб разглядае некалькі стратэгічных накірункаў, зь якіх можам чакаць пагрозаў. Рэгіён правядзеньня антытэрарыстычнай апэрацыі — толькі адзін зь іх. Мы маем інфармацыю аб наяўных сілах і сродках, якія ёсьць у Расеі ў накірунку Прыднястроўя, і гатовыя процідзейнічаць яе пасяганьням з гэтага рэгіёну, — запэўнівае ён. — Таксама памятаем пра пагрозу з поўдня — гаворка ідзе пра групоўкі акупацыйных расейскіх войскаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі часова акупаванага Крыму».
Андрэй Цапліенка адзначае, што расейцы пакуль ня маюць дастатковых рэсурсаў, каб пачаць наступ, але гэта не абавязкова павінна ім перашкодзіць.
«Наступальная групоўка ў чатыры-пяць разоў па колькасьці асабовага складу і ўзбраеньня перавышае групоўку, якая вядзе абарону. Такой перавагі ў расейцаў пакуль нібыта няма, але мы не разумеем лёгіку чалавека, які прымае ключавыя рашэньні ў Расеі, — прызнае ён. — Адзіны палітычны плян Пуціна — да канца застацца пры ўладзе».
У гэтым, на думку аглядальніка, прэзыдэнту Расеі павінна дапамагчы вайсковая перамога на тэрыторыі Ўкраіны.
Увогуле любая вайсковая актыўнасьць Расеі ўяўляе пагрозу ня толькі для Ўкраіны, але і для ўсіх сумежных краінаў, кажа галоўны рэдактар праекту «Інфармацыйны супраціў» Юры Карын. Ён лічыць, што Пуцін пэўнымі мерамі — абвастрэньне ў Паўночнай Карэі, затрыманьне расейскага грамадзяніна, які хацеў зьбіць амэрыканскі самалёт у Турэччыне — спрабуе адцягнуць увагу сьвету ад вучэньняў на тэрыторыі Беларусі.
«Цяпер Расеяй праводзіцца комплекс мерапрыемстваў, якія будуць адбывацца на фоне вучэньняў — каб адцягнуць увагу ад асноўнай вайсковай падзеі», — прагназуе Карын.
Народны дэпутат, кіраўнік штабу нацыянальнай абароны Днепрапятроўскай вобласьці Юры Бяроза ўпэўнены, што Беларусь першай апынецца пад пагрозай, паколькі не дапусьціла расейскага бізнэсу да шырокамаштабнай прыватызацыі.
«Гэта шантаж і ціск, каб расейскія кампаніі дапусьцілі да прыватызацыі энэргакампаній і буйных вытворчасьцяў у Беларусі... Гэты кантынгент, вядома, яны будуць выкарыстоўваць як мышцы, як нагнятаньне пэўнай гістэрыі. Як яны любяць казаць: прымус да міру, — прагназуе дэпутат.
Юры Бяроза не выключае разгортваньня шырокамаштабнай вайны на тэрыторыі Ўкраіны. Пры такіх абставінах, на яго думку, ёсьць непасрэдная пагроза Эўропе, у прыватнасьці краінам Балтыі. Яны знаходзяцца ў зоне рызыкі, так што Расеі патрэбна хуткая і эфэктыўная вайна, якая адкрые дарогу як мінімум да Калінінграду.
Уладзіслаў Селязьнёў ацэньвае захады, якія робіць NATO для абароны сваіх межаў, як «вельмі сурʼёзныя».
«На межах NATO з Расеяй праводзяцца пэўныя прэвэнтыўныя дзеяньні, каб паказаць Расеі: любыя агрэсіўныя дзеяньні супраць краінаў, якія ўваходзяць у альянс, будуць фатальнымі для Расеі. Яны здольныя зьнізіць градус напружаньня ў нашым рэгіёне», — перакананы прадстаўнік Генштабу.
Селязьнёў згаджаецца зь Юрыем Бярозай у тым, што расейская агрэсія можа ўяўляць пагрозу ня толькі для Беларусі і Ўкраіны, але і для ўсяго эўрапейскага рэгіёну. «Пытаньне бясьпекі Эўропы ў першую чаргу вырашаецца на ўсходзе нашай краіны, у рэгіёне правядзеньня антытэрарыстычнай апэрацыі», — нагадвае ён.